Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вызваленай частцы Данецкай вобласьці працягваецца эксгумацыя целаў. Самаму малодшаму — год


Эксгумацыя целаў у Лімане
Эксгумацыя целаў у Лімане

У дэакупаваных украінскім войскам гарадах Данецкай вобласьці эксгумавалі больш за 120 трупаў. І работы працягваюцца. Два масавыя пахаваньні знайшлі ў Лімане, яшчэ адно — у Сьвятагорску. У брацкіх магілах, акрамя целаў вайскоўцаў, знайшлі і целы дзяцей.

Доўгія траншэі, зь якіх адно за адным дастаюць трупы ў чорных пакетах. У Лімане, які быў пад расейскай акупацыяй больш за чатыры месяцы, знаходзяць новыя стыхійныя пахаваньні.

«Цяпер маецца такая доўгая адзіная траншэя, брацкая магіла, дзе мы знаходзім целы, у тым ліку фрагмэнты целаў», — расказвае кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка.

Целы цывільных эксгумуюць з індывідуальных магілаў на ўскраіне Лімана. Тут знойдзены ў тым ліку і дзеці. Самаму малодшаму — год. Дзіця пахавана разам з усёй сям’ёй. Дажджы размываюць грунт. Работы замарудзіліся, але не спыняюцца.

«Умовы надворʼя нездавальняючыя. Вельмі сыра, ветрана. Грунт, у якім пахаваныя целы, цяжка выкопваць. З моманту, як мы знайшлі гэтае пахаваньне, паліцыя працуе тут пастаянна», — адзначае прадстаўніца паліцыі Данецкай вобласьці.

У паліцыі Данецкай вобласьці кажуць, што з двух пахаваньняў у Лімане за тыдзень дасталі 56 целаў. Большасьць — вайскоўцы. На многіх прыкметы гвалтоўнай сьмерці.

«Пры правядзеньні стабілізацыйных дзеяньняў, як на тэрыторыі Сьвятагорскай, так і Ліманскай грамад, знойдзены не адзінкавыя факты разьмяшчэньня так званых катавальняў», — сказаў Павел Кірыленка.

Пракуратура пачала расьсьледаваньне і пасьля выяўленьня брацкіх магілаў у вызваленым Сьвятагорску. Тут знайшлі ўжо больш за 30 целаў. Апазнаць удаецца ня ўсіх: дваіх загінуўшых са згарэлай машыны пакуль не ідэнтыфікавалі.

«Паліцыя правяла эксгумацыю целаў. Наколькі я ведаю, гэта цывільнае насельніцтва. Таму што вайскоўцамі займаюцца вайсковыя падразьдзяленьні. Перапахаваны ўжо 21 чалавек. Ёсьць людзі, якія памерлі натуральнай сьмерцю. Ёсьць людзі, якія загінулі ад баявых дзеяньняў», — адзначае начальнік Сьвятагорскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Рыбалкін.

Усяго ў вызваленых гарадах Данецкай вобласьці знойдзена больш за 120 целаў. Эксгумацыя працягваецца. Сьвятагорск Украіна вызваліла ў сярэдзіне верасьня. Над Ліманам сіня-жоўты сьцяг паднялі 1 кастрычніка.

«Самае галоўнае, каб не бамбілі. Мы так намучыліся. Дзень і ноч бахала. Сіл ужо не было. Многія зьяжджалі. А куды зьяжджаць? Патрэбны грошы. Трэба ўсё. А тут свая зямля», — кажа жыхарка Сьвятагорску Еўдакія.

Абодва гарады пасьля абстрэлаў расейскай арміі не пазнаць: большая частка разбурана. Але цяпер жыцьцё ў іх пакрысе вяртаецца — адчыняюцца аддзяленьні «Укрпошты», аднаўляюць працу крамы і банкаматы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG