Урад Фляндрыі перадаў будынак у карыстаньне дэмакратычных сілаў цалкам бескаштоўна. Сёньня адбылося першае мерапрыемства — сустрэча з дыяспарай, паведаміў Офіс Ціханоўскай.
Адкрываючы офіс, Сьвятлана Ціханоўская падзякавала прэм’ер-міністру Фляндрыі і адзначыла: «Я спадзяюся, што гэтая місія стане месцам, дзе мы зможам будаваць сувязі, ствараць альянсы і весьці размовы, важныя для нашай будучыні. Я спадзяюся, што гэта будзе месца, дзе ўсе будуць адчуваць сябе чаканымі. Дэмакратычнай Беларусі трэба, каб кожны голас быў пачуты».
Кіраваць офісам Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Ўладзімера Астапенку, намесьніка прадстаўніка па міжнародных адносінах Абʼяднанага пераходнага кабінэту і аднаго з кіраўнікоў НАК.
Місія дэмакратычнай Беларусі будзе даваць прастору беларускім арганізацыям і прадстаўнікам дыяспары, а таксама выконваць ролю амбасады свабоднай Беларусі. Сёньня Сьвятлана Ціханоўская правяла перамовы зь міністаркай замежных спраў Бэльгіі пра магчымы юрыдычны і дыпляматычны статус місіі. Пакуль памяшканьне закрытае для наведваньняў, адкрыцьцё адбудзецца ў бліжэйшы месяц-два.