Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Tiktok да забароны на продаж: Гісторыя адной курыцы, якая раззлавала Лукашэнку


Як адна разабраная курыца нарабіла шуму і дайшла да Лукашэнкі.

20 верасьня: Ролік пра курыцу

У інтэрнэце набірае папулярнасьць ролік, дзе жанчына расказвае, што цэлую курыцу ў краме набыць немагчыма — толькі разабраную, а каштуе яна даражэй.

Справа ў тым, што цэлая курыца — гэта сацыяльна значны тавар, цэны на які рэгулюе дзяржава. А разабраная — гэта ўжо не сацыяльна значны тавар, які можа каштаваць даражэй.


6 кастрычніка: Лукашэнку давяла «дохлая курыца»

6 кастрычніка Лукашэнка праводзіць нараду, дзе разносіць чыноўнікаў за «дохлую курыцу».

«Расчлянілі дохлую курыцу, увапхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар! Новы хлеб або разборка тушак на часткі, як вы называеце. А людзі вымушаны купляць тыя ж прадукты, але чамусьці па вышэйшай цане. Разумееце, да чаго дайшлі: цэлая тушка кураняці каштуе 2 рублі, а напалову расчлянёная — 5 рублёў, да прыкладу», — абураўся Лукашэнка.


7 кастрычніка: Пастанова пра «дохлую курыцу»

7 кастрычніка Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю прыняло пастанову, якая рэгулюе цэны на курыцу і яе часткі.

Цана дзьвюх паўтушак не павінна перавышаць цаны самой тушкі, а цана іншых частак тушкі — цаны тушкі, павялічанай на 10%.

На курынае філе ўстаноўленая гранічная максымальная аптовая надбаўка, гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай надбаўкі) у памеры 15%.

12 кастрычніка: Крымінальная справа за «дохлую курыцу»

Баранавіцкая пракуратура распачала крымінальную справу за беспадстаўнае павышэньне цаны на птушкафабрыцы «Дружба». Курыца гэтай вытворчасьці фігуравала ў роліку ў ТікТоку.

Гэта палічылі «перавышэньнем службовых паўнамоцтваў». Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне ад 2 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

12 кастрычніка: Урад забараніў крамам разразаць курыцу

Пастановай забараняецца продаж у гандлёвых аб’ектах сьвежых, астуджаных або замарожаных частак тушкі птушкі. Выключэньне — гэта калі птушку разрэзалі мясаперапрацоўчыя ці птушкагадоўчыя прадпрыемствы.

Аднак забарона ня тычыцца часткова апрацаваных паўфабрыкатаў, напрыклад, калі курыцу замарынавалі, высушылі, завэндзілі ці інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG