Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Чырвонага касьцёла прайшла разьвітальная імша пад наглядам сілавікоў у цывільным


Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца на ганку Чырвонага касьцёла, 11 кастрычніка 2022
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца на ганку Чырвонага касьцёла, 11 кастрычніка 2022

12 кастрычніка ўвечары каля закрытага ўладамі касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску прайшла разьвітальная імша. Набажэнства ў парафіяльным доме храма правёў пробашч Уладзіслаў Завальнюк, паведаміў тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

«Людзей на апошнюю службу прыйшло больш, чым звычайна, — нават ня ўсе змаглі зьмясьціцца ў памяшканьні парафіяльнага дома», — гаворыцца ў паведамленьні «Хрысціянскай візіі».

Паводле відавочцаў, каля будынка дзяжурылі супрацоўнікі МУС у цывільным. Пасьля службы парафіянаў папрасілі не зьбірацца каля Чырвонага касьцёла на малітву, каб пазьбегнуць правакацый.

Удзельнікі службы разыходзіліся невялікімі групамі па некалькі чалавек. Пра затрыманьні не паведамляецца.

12 кастрычніка скончыўся тэрмін, вынесены каталіцкай супольнасьці для высяленьня з Чырвонага касьцёла і парафіяльнага дома. У гэты дзень парафію наведалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Казімір Велікаселец.

«Мітрапаліт на пэнсіі плакаў ад безвыходнасьці сытуацыі», — расказалі сьведкі.

Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі забраць будынак у парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.

Ужо да 12 кастрычніка парафіі неабходна было забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.

Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які ўжо больш за тыдзень трымае «чысты пост», 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.

11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.

Прыхаджане таксама заявілі аб тым, што пажар у храме быў не выпадковым, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.

13 кастрычніка спаўняецца 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзеяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG