«Наша Ніва», спасылаючыся на думку ананімнага праваабаронцы, сьцьвярджае, што палітвязьняў гэты закон «калі і закране, то зусім нязначна».
У прыватнасьці, артыкул 10 законапраекту пералічвае артыкулы, асуджаныя па якіх пад амністыю не падпадаюць. У пераліку прысутнічаюць усе папулярныя артыкулы, па якіх у Беларусі асуджаюць «за палітыку»: 130 (распальваньне варожасьці), 293 (масавыя беспарадкі), 342 (дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), 361–1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні), 368 (абраза Лукашэнкі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
У законапраекце таксама агаворана, што ня будуць вызваляцца асобы, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці» і тыя, хто «злосна парушае ўсталяваны парадак падчас адбываньня пакараньня ці іншых мераў крымінальнай адказнасьці». Гэтая засьцярога, як мяркуецца, яшчэ больш абмяжоўвае шанцы палітвязьняў падпасьці пад амністыю.