Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты перашкодзілі малітве вернікаў каля закрытага Чырвонага касьцёла і спрабавалі затрымаць ксяндза. ФОТА

абноўлена

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца на ганку Чырвонага касьцёлу, 11 кастрычніка 2022
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк моліцца на ганку Чырвонага касьцёлу, 11 кастрычніка 2022

У Менску каталіцкія вернікі сабраліся каля закрытага ўладамі касьцёла сьвятых Сымона і Алены, каб памаліцца. Але на месцы апынулася міліцыя.

Удзень 11 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць ксяндза Ўладзіслава Завальнюка, які шмат гадоў служыць плябанам каталіцкай парафіі сьвятых Сымона і Алены ў Менску, піша «Хрысьціянская візія».

Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі забраць будынак у парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.

Ужо да 12 кастрычніка парафіі неабходна забраць сваю маёмасьць з будынка.

Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які ўжо больш за тыдзень трымае «чысты пост», маліўся на падворку каля закрытых дзьвярэй Чырвонага касьцёлу, калі да яго падыйшлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць ад ганку з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць.

Міліцыя перасьледуе вернікаў, якія прыйшлі памаліцца на ганак зачыненага рэжымам Лукашэнкі касьцёлу
Міліцыя перасьледуе вернікаў, якія прыйшлі памаліцца на ганак зачыненага рэжымам Лукашэнкі касьцёлу

Парафіяне, у сваю чаргу, паведамляюць пра перашкоды з боку міліцыі і людзей у чорным адзеньні, якія зьявіліся ля сьвятыні каля 17-й гадзіны (у гэты час у касьцёле зазвычай служылі імшу).

«Сабраліся болей за 20 чалавек, якія маліліся ля сьценаў на ружанцы. І тут з розных бакоў прыехалі два міліцэйскія легкавікі, міліцыянты сталі патрабаваць, каб разышліся», — сказала тэлеграм-каналу сьведка падзеяў. Многія зь міліцыянтаў былі юнымі; ня выключана, што гэта курсанты школы МУС.

Прычына патрабаваньняў, якую назвалі міліцыянты: «Болей за два чалавекі тут зьбірацца нельга, інакш — масавае мерапрыемства». Пры гэтым вернікам сказалі адысьці на пл. Незалежнасьці: «Маліцеся там!» На пытаньне, чаму нельга зьбірацца на малітву непасрэдна ля храма, адзін зь сілавікоў патлумачыў так: «Паступіў загад зьверху».

Людзей не затрымлівалі і не ўжывалі фізычнай сілы, але запалохвалі групу жанчын пажылога веку, пагражалі АМАПам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG