У парафіяльнай абвестцы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк паведамляе, што да гэтага часу парафія ня мае доступу ў памяшканьне касьцёла, а таксама пералічвае зробленыя апошнім часам захады.
Сярод іншага, парафія накіравала адкрыты ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, копія якога разьмешчаная на сайце.
«Зьвяртаючыся да Вас, Аляксандар Рыгоравіч, як да Гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, просім надаць увагу дадзенай сытуацыі. Вашае спрыяньне ў прававым і цывілізаваным падыходзе дазволіць нам сумесна з адмыслоўцамі КУП „Менская спадчына“ ня толькі агледзець давераную нам маёмасьць, але і кансалідавана прыняць рашэньне аб парадку працягу багаслужэньняў у Касьцёле і найхутчэйшым аднаўленьні дзейнасьці рэлігійнай суполкі» ,— піша ксёндз Завальнюк.
- Ноччу 26 верасьня ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску здарыўся пажар. Прычынай здарэньня нібыта стала ўзгараньне электраправодкі, паведаміла МНС Беларусі. У той самы дзень адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску заявіла аб часовым прыпыненьні працы касьцёла «да ліквідацыі ўсіх недахопаў і вынясеньня заключэньняў кампэтэнтнымі спэцыялістамі».
- 6 верасьня стала вядома, што ўлады скасоўваюць дамову безаплатнага карыстаньня касьцёлам з супольнасьцю «Рымска-каталіцкая парафія сьвятога Сымона і сьвятой Алены». На імя ксяндза-пробашча Ўладзіслава Завальнюка прыйшоў афіцыйны ліст з патрабаваньнем вызваліць касьцёл і плябанію (суседні са сьвятыняй будынак, у якім жывуць сьвятары) да 12 кастрычніка, з прычыны «немагчымасьці яго эксплюатацыі».