Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атака на Каталіцкую царкву. Улады забіраюць у каталікоў Чырвоны касьцёл, закрылі школу ў Хрысьціянскім цэнтры


Касьцёл сьвятых Сымона і Алены (зьлева) і Хрысьціянскі сацыяльны цэнтар «Місія добрага самараніна» ў Менску. Каляж
Касьцёл сьвятых Сымона і Алены (зьлева) і Хрысьціянскі сацыяльны цэнтар «Місія добрага самараніна» ў Менску. Каляж

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае помсьціць Рымска-каталіцкай царкве ў Беларусі за крытычную да ўладаў пазыцыю падчас выбарчай кампаніі і пасьлявыбарных рэпрэсій 2020 году.

Каталікоў высяляюць з Чырвонага касьцёла

Ад парафіі ў гонар сьвятых Сымона і Алены ў Менску патрабуюць забраць маёмасьць з храма на працягу некалькіх дзён. Такі ліст парафія Чырвонага касьцёла атрымала і цяпер рыхтуе адказ, пры гэтым спадзяецца на працяг супрацы з КУП «Менская спадчына».

Улады скасоўваюць дамову неадкладнага карыстаньня касьцёлам з супольнасьцю «Рымска-каталіцкая парафія сьвятога Сымона і сьвятой Алены».

На імя ксяндза-пробашча Ўладзіслава Завальнюка прыйшоў афіцыйны ліст вызваліць касьцёл да 12 кастрычніка, з прычыны «немагчымасьці яго эксплюатацыі».

Прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі, апостальскі нунцый Антэ Ёзіч ужо займаецца сытуацыяй з касьцёлам Сьвятых Сымона і Алены, які ўлады Менску вырашылі забраць у рэлігійнай супольнасьці. Пра гэта «Зеркалу» паведамілі ў нунцыятуры.

Як стала вядома «Белсату», у Чырвоным касьцёле атрымалі таксама ліст з патрабаваньнем пакінуць плябанію — суседні са сьвятыняй будынак, у якім жывуць сьвятары.

АМАП блякуе ўваход у Чырвоны касьцёл падчас стыхійнай акцыі пратэсту на плошчы незалежнасьці. 26 жніўня 2020. Фота: Tut.by
АМАП блякуе ўваход у Чырвоны касьцёл падчас стыхійнай акцыі пратэсту на плошчы незалежнасьці. 26 жніўня 2020. Фота: Tut.by

Касьцёл Сьв. Сымона і сьв. Алены ў Менску больш вядомы ў народзе як Чырвоны касьцёл. Храм знаходзіцца на плошчы Незалежнасьці побач з Домам ураду. Ён зьяўляецца адным з сымбаляў сталіцы Беларусі і адным з найвядомейшых хрысьціянскіх храмаў краіны.

Будынак касьцёла, пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі фундатара Эдварда Вайніловіча, пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці не перадалі рэлігійнай грамадзе, але ён знаходзіўся ў бясплатным карыстаньні, у храме праходзілі рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія службы. У 2013 годзе храм быў замацаваны на праве гаспадарчага вядзеньня за КУП «Менская спадчына». Менавіта гэтая арганізацыя апавясьціла на днях грамаду вернікаў аб скасаваньні дамовы карыстаньня.

Пажар ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску здарыўся ноччу 26 верасьня. Прычынай здарэньня нібыта стала ўзгараньне электраправодкі, паведаміла МНС Беларусі. У той самы дзень адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску заявіла аб часовым прыпыненьні працы касьцёла «да ліквідацыі ўсіх недахопаў і вынясеньня заключэньняў кампэтэнтнымі спэцыялістамі».

КУП «Менская спадчына» — дзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў 2004 годзе. Заснавальнікам і органам дзяржаўнага кіраваньня прадпрыемства зьяўляецца Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў у асобе Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Арганізацыя займаецца пытаньнямі ўладкаваньня гістарычнага цэнтру сталіцы, кіраваньне і здача ў эксплюатацыю будынкаў у кварталах Верхні горад, Траецкае прадмесьце і Ракаўскае прадмесьце.

Закрылі школу ў Хрысьціянскім цэнтры ў Менску

Пра рашэньне ўладаў закрыць школу, якая арандавала памяшканьні ў Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры «Місія добрага самараніна» ў Менску з 30 жніўня 2022 году паведаміў Свабодзе прэс-сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько.

Хрысьціянскі сацыяльны цэнтар «Місія добрага самараніна» — рэлігійная арганізацыя, якая падпарадкоўваецца кіраўніку Каталіцкай царквы ў Беларусі. У ім ёсьць капліца і там арандавала памяшканьні прыватная навучальная ўстанова, якая фарматам падобная да групы падоўжанага дня або прыватнай школы ці садка. Туды прымалі і мусульман, і атэістаў. Перацягваць у сваю канфэсію там было забаронена.

Дзеці займаюцца ў Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску. Архіўнае фота
Дзеці займаюцца ў Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску. Архіўнае фота

Крыніца Свабоды пацьвердзілі, што закрылі сацыяльную і адукацыйную часткі, а ня сам цэнтар, дзе знаходзіцца капліца і жывуць сьвятары.

31 жніўня цэнтар разарваў дамову аб арэндзе са школай. Супрацоўнікі навучальнай установы былі звольненыя, а бацькам паведамлена, што дзеці больш ня могуць наведваць заняткі ў школе.

Школа працавала з 2018 году, яе наведвалі дзясяткі дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, у тым ліку дзеці вядомых грамадзкіх і культурных дзеячаў. Дзеці наведвалі мастацкія, музычныя, танцавальныя, тэатральныя заняткі. Дзеці школьнага ўзросту вывучалі матэматыку, мовы, гісторыю ды ўсе навукі, якія выкладаюць у звычайнай школе. Кожнае дзіця мела свой асабісты расклад. Навучаньне вялося па-беларуску.

Вядома, што 5 верасьня каля будынку хрысьціянскага цэнтра, дзе працуе дырэктарка цэнтру сястра Часлава Навіцкая і жыве арцыбіскуп Кандрусевіч, стаяла міліцыя, правярала, ці няма там заняткаў. Сёньня ў цэнтар прыехалі пажарнікі і чыноўнікі.

Перасьлед каталікоў у Беларусі пасьля 2020 году

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед за народнымі выступамі.

Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які тады быў мітрапалітам Менска-Магілёўскім, улады амаль 4 месяцы з надуманых прычын не дазвалялі вярнуцца на радзіму з-за мяжы. Пытаньне было вырашана на ўзроўні Лукашэнкі і Папы Францішка пры пасярэдніцтве дыпляматаў дзьвюх краінаў — беларускаму герарху дазволілі ўехаць у краіну напярэдадні Калядаў, 24 сьнежня 2020 году.

Аднак празь 10 дзён, 3 студзеня 2021 году, у дзень 75-годзьдзя Кандрусевіча, Папа Рымскі адправіў яго на пэнсію.

  • У сярэдзіне лета 2021 году праз адміністрацыйны і пэрспэктыву крымінальнага перасьледу Беларусь пакінуў пробашч парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласьць) ксёндз Вячаслаў Барок.
  • У канцы сакавіка 2022 году зь Беларусі зьехаў пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах (Віцебская вобласьць) ксёндз Анджэй Бульчак, грамадзянін Польшчы, да якога таксама ў сілавікоў узьніклі прэтэнзіі.
  • У красавіку затрымалі і пасьля аштрафавалі за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» пробашча парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках (Магілёўская вобласьць) ксяндза Андрэя Кеўліча і пробашча парафіі сьвятога Казіміра ў Стоўпцах (Менская вобласьць) ксяндза Ігара.
  • У пачатку ліпеня з той жа прычыне аштрафавалі пробашча парафіі сьвятога Яна Паўла ІІ у Смаргонях (Горадзенская вобласьць) ксяндза Яўгена Учкуроніса.
  • У сярэдзіне ліпеня затрымалі пробашча парафіі Сьвятога Духа ў Віцебску ксяндза Андрэя Вашчука. Пасьля яго арыштавалі ўвогуле на 30 сутак — за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» і «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG