Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое шматдзетных бацькоў, ніхто раней не судзімы. Што вядома пра асуджаных па справе суполкі «Буслы ляцяць»


Фігуранты справы «Буслы ляцяць»
Фігуранты справы «Буслы ляцяць»

Шасьці фігурантам справы прысудзілі тэрміны ад 8,5 да 15 гадоў калёніі. Яны знаходзяцца пад вартай больш за год.

У сераду 28 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе абвясьцілі прысуды шасьці меркаваным удзельнікам групы «Буслы ляцяць». Былі асуджаныя Мікалай Бібліс (8,5 гадоў калёніі), Аляксандар Мураўёў (12 гадоў), Аляксандар Сідарэнка (12 гадоў), Аляксей Іванісаў (14 гадоў), Аляксей Гамеза (14,5 гадоў) і Андрэй Будай (15 гадоў). Судзьдзя Анастасія Папко прызнала ўсіх вінаватымі. Працэс праходзіў за закрытымі дзьвярыма, працягваўся з канца траўня. Расказваем, што вядома пра гэтую справу і саміх абвінавачаных.

Былы вайсковец, тэхнік з інстытуту парашковай мэталюргіі, дырэктар будаўнічай фірмы

Пра фігурантаў справы групоўкі «Буслы ляцяць» вядома няшмат. Ніхто з шасьці асуджаных да падзей 2020 году не быў заўважаны сярод палітычных і грамадзкіх актывістаў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны нават не былі знаёмыя паміж сабой да восені 2020 году. Самаму старэйшаму з фігурантаў справы, Аляксею Іванісаву, 54 гады. Самаму малодшаму, Аляксандру Сідарэнку, 29.

Як мінімум адзін з асуджаных, Мікалай Бібліс, удзельнічаў у пратэстах 2020 году. 16 ліпеня яго затрымалі і зьбілі сілавікі пасьля спробы падаць скаргу на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі ў ЦВК. Мікалай тады моцна пацярпеў, яму выбілі зуб.

«Закінулі на падлогу, акуляры пасьпеў зьняць, і вось пачало прылятаць», — расказваў Мікалай Бібліс у размове з журналістамі «Белсата».

Самы старэйшы з асуджаных Аляксей Іванісаў былы вайсковец. Служыў сувязістам па кантракце ў Менску, пасьля займаўся прадпрымальніцтвам. У размове зь «Белсатам» сябра Іванісава пацьвердзіў, што той да 2020 не ўдзельнічаў у апазыцыйным руху, хаця за Лукашэнку не галасаваў.

«Я не заўважаў за ім, каб ён да 2020 года надта цікавіўся палітыкай, — расказваў сябра Іванісава. — На выбары хадзіў, але за Лукашэнку не галасаваў, гэта мы зь ім абмяркоўвалі некалі. А ў 2020 годзе ў яго пачаўся ўздым разам з усімі беларусамі. Ён жа ніколі такога цуду не бачыў, ніколі столькі людзей на выбарчых участках не было. Вось тады і ён уключыўся. Але каб тэрарызм! Ну не, гэта не пра Лёху».

Пра Аляксандраў Мураўёва і Сідарэнку, якія атрымалі па 12 гадоў турмы, вядома, што першы працаваў кіроўцам, а другі загадчыкам у краме гаспадарчых тавараў. Аляксей Гамеза да арышту кіраваў будаўнічай фірмай. Асуджаны да максымальнага тэрміну Андрэй Будай будаўнік, займаўся рамонтам кватэр.

У большасьці з асуджаных па справе «Буслоў» ёсьць дзеці. У Будая і Іванісава па трое, у Гамезы і Мураўёва па адным. Паводле апублікаванай СК інфармацыі, ніхто з іх не быў раней судзімы.

Закрыты суд, пацярпелыя сілавікі

Суполка «Буслы ляцяць» у Тэлеграм не спыніла сваю працу пасьля арышту шасьцярых абвінавачаных. Апошні на дадзены момант допіс там апублікаваны 20 верасьня — гэта спасылка на відэаінтэрвію зь беларускім добраахвотнікам Вадзімам Кабанчуком. Увосень 2020 году «Буслоў» зьвязвалі з дзейнасьці «Кібэрпартызанаў» і некаторых іншых груп, скіраваных на сілавы супраціў і дывэрсіі. Менавіта суполка «Буслы ляцяць» першай апублікавала інфармацыю пра атаку на базу менскага АМАПу, якую правялі з дапамогай дронаў. Сапраўднасьць атакі пазьней пацьвердзілі ўлады, у яе выніку ніхто зь сілавікоў не пацярпеў.

Аднак гэты эпізод, паводле інфармацыі «Вясны», у матэрыялах справы супраць шасьці асуджаных 28 верасьня адсутнічаў. Іх усіх абвінавацілі ў шэрагу дывэрсій і нападаў на маёмасьць сілавікоў і праўладных актывістаў, якія адбываліся з сакавіка па чэрвень 2021 году. Гаворка пра абліты фарбай аўтамабіль барысаўскага судзьдзі, прабітыя колы машыны журналіста дзяржаўнага СМІ, разьбітае шкло ў кватэры супрацоўніка пракуратуры Менску, зьнішчэньне сыстэмы відэаназіраньня ў Фрунзэнскім раёне сталіцы.

«У сваёй злачыннай дзейнасьці абвінавачаныя выкарыстоўвалі мноства сродкаў кансьпірацыі, у тым ліку маскі і вопратку цёмных колераў без адметных прыкмет, не выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, хавалі свае транспартныя сродкі, будучы ўпэўненымі ў сваёй ананімнасьці і беспакаранасьці», — расказвалі пра справу ў Сьледчым камітэце.

Акрамя гэтага СК прызнаўся, што аднаго з падазраваных затрымаць не ўдалося, 27-гадовага беларуса абвясьцілі ў міжнародны вышук, аднак навінаў аб яго затрыманьні не было.

Суд па справе «Буслоў» ішоў больш за тры месяцы, ён пачаўся ў сярэдзіне траўня. Яшчэ да пачатку працэсу Іванісава, Гамезу, Будая і Мураўёва ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў». Пра датычнасьць усіх абвінавачаных да суполкі «Буслы ляцяць» дакладна не вядома.

Разгляд справы амаль адразу зрабілі закрытым. На першым жа паседжаньні ў залі адбыўся канфлікт паміж 76-гадовай маці Аляксея Іванісава Натальляй і роднымі пацярпелых.

«Гэта (былі — РС) жанчына і мужчына, — цытавала словы відавочцы канфлікту „Вясна“. — У іх была група падтрымкі „ябацек“, якая на суд прыйшла з сымболікай. У аднаго зь іх на кашулі была літара „Z“ грудзях з георгіеўскай стужкі».

На Натальлю Іванісаву ў выніку выклікалі міліцыю, на яе склалі адміністрацыйны пратакол.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG