У старэйшых клясах ужо шукала варыянты вучобы за мяжой са стыпэндыяй
Ліза Дзятко кажа, што заўсёды марыла вучыцца за мяжой і маральна рыхтавала да гэтага бацькоў.
Вучылася ў гімназіі № 1 у менскай Серабранцы, удзельнічала ў алімпіядах, дайшла да рэспубліканскага ўзроўню, заняла 4-e месца. Без экзамэнаў у Ліцэй БДУ бралі толькі першых трох прызэраў алімпіяд. Таму давялося паступаць на агульных падставах.
Трапіла пад чарговую адукацыйную рэформу, калі 12-гадовы тэрмін навучаньня скарацілі да 11 гадоў. У старэйшых клясах дзяўчына ўжо шукала варыянты вучобы за мяжой са стыпэндыяй. Яе бацькі — праграмісты, але працуюць у дзяржаўных кампаніях, так што заробкі «дзяржаўныя». Сяброўка падказала пра сетку Каледжаў Аб’яднанага Сьвету (United World Colleges).
«Я падалася на конкурс UWC яшчэ ў 10-й клясе, калі вучылася ў Ліцэі БДУ. Дарэчы, там была самая лібэральная адукацыя — настаўнік не стаіць зь лінейкай над галавой і не кантралюе кожнага. У кожнага ўжо ёсьць свая мэта, а адукацыя дапамагае яе дасягнуць. У Ліцэі былі выкладчыкі — прафэсары БДУ. І я дайшла да самага апошняга кроку беларускага конкурсу, але мне сказалі, што я занадта маладая, практычней падстрахавацца і ўсё ж скончыць Ліцэй БДУ. Бо калі нешта не складзецца і я вярнуся ў Беларусь, мой дыплём UWC могуць не прызнаць. Таму ў 11 клясе па новай давялося праходзіць конкурс», — узгадвае Лізавета.
Адначасова паступіла і ў БДУ, і ў United World College у Ганконгу
Камісія была тая ж самая, проста шалёны конкурс, таму паралельна Ліза падала дакумэнты і ў БДУ на факультэт міжнародных адносін. У яе было 365 балаў з 400, і яна прайшла на бюджэт. Але таксама прайшла яна ў UWC — дзяўчыне прапанавалі вучыцца ў Ганконгу.
«У 2011 годзе ў мяне такі „замкнёны“ сьветапогляд быў, для мяне „замежжа“ здавалася Эўропай. Але ніяк ня Азіяй. Да гэтага беларусаў ніколі не пасылалі ў Ганконг. Я была першай, каму прапанавалі вучобу ў Li Po Chun United World College of Hong Kong. Да таго ж я была першым чалавекам зь Беларусі, які ў UWC трапіў зь Ліцэю БДУ: звычайна туды траплялі навучэнцы Коласаўскага ліцэю», — кажа Ліза.
Правучылася яна адзін год на факультэце міжнародных адносін БДУ: напісала ў профілі, што хоча быць дыпляматам і нібыта на 1 курсе едзе на стажаваньне ў Кітай — вучоба ў UWC лічылася стажаваньнем. Праўда, пасьля 1 курсу сама сышла з ФМА.
«Лічыцца, што ў Ганконгу самы складаны ўзровень каледжаў UWC. Мяне туды накіравалі, таму што ў мяне былі самыя высокія адзнакі і добрая ангельская мова.
Ёсьць стэрэатып, што кітайцы вельмі-вельмі шмат працуюць. Калі ў мяне ўсё ў жыцьці атрымлівалася, я меркавала, што гэта праз тое, што калі ўсім хочацца гуляць, я сяджу і прымушаю сябе працаваць. Мне здавалася, што ў кітайцаў такая ж стратэгія, як і ў мяне, і ў мяне ніякай перавагі ў стратэгіі ўжо ня будзе», — разважае Ліза.
«Тры гады было вельмі цяжка — 2 гады вучобы ў Ганконгу і першы год у Амэрыцы»
Ганконг да 1997 году быў калёніяй Вялікай Брытаніі. У ганконскіх студэнтаў, якіх было 50%, былі брытанскія пашпарты і родная ангельская мова.
Для Беларусі Лізавецін узровень валоданьня ангельскай мовай здаваўся нармальным.
«У нас ёсьць жарт, што галоўнае, чаму вучаць па-ангельску дзяцей у Беларусі, дык гэта вывучыць тэмы кшталту „London is the capital of Great Britain“. Але праблема была ў тым, што ў каледжы нам давалі, напрыклад, прачытаць па-ангельску 50 старонак па гісторыі Кітаю.
І мне неабходна было пераадолець вялікі скачок ад простага заданьня на даволі лёгкую тэму, якую трэба прачытаць і перакласьці, да вялікіх аб’ёмаў па матэматыцы, хіміі, гісторыі на той ангельскай, якая для ганконгцаў была роднай мовай.
Я спачатку проста з алоўкам чытала вялізныя тэксты і перакладала, потым зноў чытала, каб зразумець, што мне спрабуюць данесьці, таму цяжкасьці былі, канечне ж! Тры гады было цяжка — 2 гады вучобы ў Ганконгу і першы год у Амэрыцы. На другі год у Амэрыцы ўжо ніякіх праблем не было», — узгадвае пра сваю нібыта «добрую» ангельскую беларуска.
«У нас вучаць паўтараць за кімсьці, а ня вучаць аналізаваць, прыдумляць самому»
На пытаньне, чаму ўсё ж такі яна зьехала зь Беларусі і хацела вучыцца за мяжой, Ліза адказала, што ёй вельмі хацелася б уздымацца на прыступку вышэй.
«Мне здавалася, што ў Беларусі мне не заўсёды дазволяць уздымацца вышэй. У чым праблема нашай адукацыі? Нас вучаць запамінаць тое, што хтосьці табе сказаў. Калі ты вывучыў гэта на памяць, табе будзе добрая адзнака.
А цяпер, асабліва працуючы ў Google, пераканалася, што ўся інфармацыя, у прынцыпе, ужо ёсьць. З разьвіцьцём інфармацыйных тэхналёгій нам ня трэба нічога зазубрываць. Калі ты нешта забыўся, можаш за сэкунду знайсьці, праверыць, удакладніць. У нас вучаць паўтараць за кімсьці, а ня вучаць аналізаваць, прыдумляць самому. Усясьветны прагрэс і інавацыі адбываюцца таму, што людзі прыдумляюць штосьці новае, а не паўтараюць за некім іншым», — разважае дзяўчына.
У Ліцэі БДУ спрабавалі гэта разьвіваць, хоць усё адно трэба было займацца па падручніках Мінадукацыі. У Ганконгу яна вельмі добра адчула розьніцу — нават на іспыце па гісторыі не пыталіся пра даты, лічбы.
«Заданьні былі на аналіз: табе даецца складаная сытуацыя, і яе трэба прааналізаваць. Альбо складаная міжнародная сытуацыя ў гісторыі. У цябе не пытаюцца пра тое, калі гэта было, а пытаюцца, ці быў выбар, як можна было сябе павесьці пэўным лідэрам, як бы ты паступіў. Студэнтам даюць магчымасьць думаць і разважаць самастойна. І моладзі трэба арыентавацца на такую адукацыю. Нават калі ў UWC паступіць не атрымаецца, людзі павінны імкнуцца распрацоўваць нешта сваё, а не за кімсьці паўтараць», — перакананая беларуска. І дадае: «Тут я бачу, што кожныя два гады я расту».
Кітайскую мову вывучала ўжо ў ЗША
Ліза Дзятко правучылася ў Ганконгу 2 гады — стандартны міжнародны бакаляўрэат. Пасьля заканчэньня каледжу яна магла падаваць дакумэнты ў многія ўнівэрсытэты сьвету. Але абрала невялікі прыватны ўнівэрсытэт у Нью-Ёрку.
«У Амэрыцы ёсьць мэцэнат, які спансуе навучаньне выпускнікоў нашага каледжу. Калі б я паступала ў Эўропу, павінна была б сама шукаць фінансаваньне, стыпэндыі.
Я трапіла ў невялікі прыватны St. Lawrence University ў штаце Нью-Ёрк. Мая галоўная спэцыяльнасьць называлася Government and International Relations — улада і міжнародныя адносіны. Таксама я абрала яшчэ дадаткова эканоміку і кітайскую мову. На вывучэньне кітайскай мяне натхніў Ганконг».
Аднак у самім Ганконгу Ліза кітайскую мову ня вывучыла: там яе паўднёвы варыянт — кантонская, а ўвесь астатні Кітай размаўляе на мандарыне. Да таго ж у Ганконгу складана было ўспрымаць велічэзны аб’ём інфармацыі па-ангельску.
«А калі яшчэ вывучаць і кітайскую мову праз ангельскую... Такім чынам, атрымалася сьмешна: у Кітаі я не вывучала кітайскую, а ў Амэрыцы пачала вывучаць», — узгадвае беларуска.
Стажавалася ў Шанхаі, Лёндане, вучылася ў кругасьветным падарожжы і ў Вашынгтоне
Ліза прызнаецца, што наогул па жыцьці вельмі любіць вандраваць. Паколькі вывучала міжнародныя адносіны, то ёй здавалася: чым больш яна вандруе, тым больш іх вывучае. За 4 гады вучобы ва ўнівэрсытэце яна тройчы выяжджала ў розныя краіны. На другім курсе паехала на стажаваньне ў Шанхай, на трэцім курсе — у Лёндан на паўгода і вучылася там. А на чацьвёртым курсе — у кругасьветнае падарожжа, гэта называецца Semester at Sea.
«Я была першай беларускай, якая ўдзельнічала ва ўнівэрсытэцкай праграме на круізным лайнэры. Пакуль ты вывучаеш абраныя прадметы, ты праплываеш па зямным шары. Падарожжа пачалося ў Амэрыцы, потым былі Японія, Кітай, Індыя, Паўднёвая Афрыка, Гана, Марока — усё скончылася ў Нямеччыне, і мы вярнуліся ў Амэрыку. Я вельмі рада, што мяне выбралі.
Цяпер я расказваю пра Semester at Sea як пра казку. Насамрэч кожная праграма — гэта вельмі высокі конкурс, трэба пераконваць журы, каб менавіта цябе ўзялі, асобна шукаць фінансаваньне, але ўсё атрымалася», — мяркуе Лізавета.
Пасьля бакалаўрэату была магістратура ў American University, School of International Service у Вашынгтоне. Ліза ўжо нікуды ня езьдзіла — была арыентаваная на атрыманьне працы.
«Вялікай каштоўнасьцю лічыцца менавіта досьвед працы. Атрымліваецца замкнёнае кола: чалавек хоча атрымаць досьвед, прыходзіць уладкоўвацца, а ў яго пытаюцца: „Які ў цябе досьвед працы?“ Нават каб трапіць на стажаваньне, табе патрэбны нейкі досьвед.
Таму я паехала ў магістратуру ў Вашынгтон, дзе шмат бізнэсаў, шмат магчымасьцяў уладкавацца, і я проста вучылася і працавала і летам, і зімой — набірала „рэзюмэ“ рознымі стажаваньнямі», — расказвае дзяўчына.
У Сусьветны банк трапіла дзякуючы стажаваньням у НАК і прадстаўніцтве ААН у Беларусі
Першае стажаваньне Лізы было ў Лёндане, куды беларуску разьмеркаваў унівэрсытэт. Але адно стажаваньне для Амэрыкі — гэта мала. І Ліза паехала ў родную Беларусь.
Летам 2016 году Ліза Дзятко стажавалася ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, у 2017-м — у прадстаўніцтве ААН у Менску.
«Гэта былі вельмі добрыя і карысныя стажаваньні. У НАК я працавала ў прэс-службе, тады былі Алімпійскія гульні ў Рыё. Я пісала і перакладала тэксты, якія публікаваліся на афіцыйных сайтах. Мы рыхтавалі каманду да ад’езду, рабілі шмат інтэрвію, размаўлялі з уплывовымі людзьмі, арганізоўвалі мерапрыемствы. Мне вельмі спадабалася, было шмат працы, быў такі варушняк! Тое самае і ў прадстаўніцтве ААН: я сынхронна перакладала швэдзкага амбасадара са сцэны, іншых цікавых асобаў.
Пазьней я працавала ў Сусьветным банку ў Вашынгтоне толькі таму, што да гэтага стажавалася ў міжнародных структурах — НАК і прадстаўніцтве ААН у Беларусі. Бяз гэтага мяне ў Сусьветны банк ніхто б ня ўзяў», — прызнаецца Ліза.
У апошні год вучобы яна вырашыла праводзіць практыку ў прыватных кампаніях, каб атрымаць разнастайны досьвед.
Калі шукала працу, падавала рэзюмэ ў 50 кампаній
У магістратуры Ліза вучылася па спэцыяльнасьці «міжнародная бясьпека», абрала кібэрбясьпеку (International Security and Cybersecurity).
У апошнім сэмэстры пачала шукаць працу — і ў Амэрыцы, і за яе межамі.
«Нам ва ўнівэрсытэце казалі, што нават амэрыканцам першую працу цяжка атрымаць, ня кажучы ўжо пра расейцаў і беларусаў. Я разумела, што шанцаў у мяне няшмат, да таго ж яшчэ існуе лятарэя. Нават калі ты знойдзеш працу, табе трэба выйграць у лятарэю, каб атрымаць дазвол на працу. Таму я падавалася паўсюль — агулам кампаній у 50. Таксама ў нашым унівэры былі адмысловыя мерапрыемствы: запрашалі выпускнікоў, якія ўжо працуюць у нейкіх кампаніях. І яны праводзілі ўнутраныя інтэрвію. Так пачалася мая гісторыя з Google», — узгадвае Ліза.
Колькасьць месцаў на інтэрвію з прадстаўніком кампаніі Google была абмежаваная. Ёй пашанцавала трапіць на інтэрвію з супрацоўнікам, які займаецца рэкрутынгам. Той паглядзеў рэзюмэ і сказаў, што яна вельмі пасуе на працу ў эўрапейскім сэктары расейскамоўнага рынку. Галоўны эўрапейскі штаб кампаніі Google месьціцца ў Дубліне.
«Мае дакумэнты паслалі ў Дублін, я праходзіла вельмі шмат інтэрвію, цягам чатырох месяцаў было 6 розных раўндаў. Нарэшце мяне ўзялі на працу ў Дублін. Калі я праходзіла стажаваньне ў Лёндане, мы езьдзілі ў Ірляндыю, у Дубліне я была і ўяўляла, куды я еду», — кажа Ліза.
Але як толькі яна атрымала працу, Усясьветная арганізацыя здароўя абвясьціла пандэмію канаравірусу. І Ліза першы год адпрацавала ў кампаніі Google дыстанцыйна, з Амэрыкі, з дому. І толькі праз год пераехала ў Дублін.
«У Google займаюся аналізам дадзеных усіх онлайн-праблем»
Цяпер Лізавета Дзятко — аналітык дадзеных у аддзеле бясьпекі кампаніі Google. Спачатку яе бралі працаваць з расейскім рынкам. Але цяпер спэцыялізацыя ў кампаніі Google ідзе не па мовах (тым больш што ёсьць тэхналёгіі, якія дазваляюць усё перакладаць), таму яна задзейнічаная ў розных міжнародных праектах.
«У Google я займаюся аналізам дадзеных усіх онлайн-праблем, да прыкладу, узломаў, вірусаў», — кажа Ліза.
З Расеяй кампанія Google цяпер амаль не кантактуе. Нягледзячы на тое, што людзі ў Расеі па-ранейшаму могуць карыстацца пошукавай сыстэмай Google, у сакавіку 2022 году кампанія цалкам прыпыніла свой рэклямны бізнэс у краіне.
Працай у кампаніі Google пакуль беларуска цалкам задаволеная.
«Для мяне гэта вельмі важны ўласны прафэсійны рост. Зараз я думаю: а куды рухацца далей? Дзе больш цікава?
Але Google — адна з найлепшых кампаній сьвету, пакуль я нікуды не пляную сыходзіць, прыглядаюся, якія больш цікавыя пазыцыі ёсьць тут, дзе больш адказнасьці», — кажа беларуска Лізавета Дзятко.