Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я бачу гэтыя спустошаныя твары». Як Грузія, Казахстан і Кіргізстан прымаюць расейскіх уцекачоў ад мабілізацыі


Чарга на памежны кантроль на расейска-грузінскай мяжы
Чарга на памежны кантроль на расейска-грузінскай мяжы

Пасьля абвяшчэньня мабілізацыі Расею пакінулі больш за 260 тысяч чалавек, піша «Новая газета. Европа» са спасылкай на ўласную крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. Паводле яе слоў, у Крамлі з сярэдзіны мінулага тыдня пачалі абмяркоўваць закрыцьцё межаў для мужчын прызыўнога ўзросту.

Пакуль жа, няхай і з абмежаваньнямі, але патэнцыйных рэкрутаў з краіны выпускаюць.Карэспандэнты тэлеканалу «Настоящее время» ў Грузіі, Казахстане і Кіргізстане пабывалі на межах з Расеяй, пагаварылі з расейцамі, якія ўцяклі ад мабілізацыі, і з тымі, хто ім дапамагае.

Грузія

Адзін напрамак для ўцекачоў ад мабілізацыі — Грузія. Там адна з самых вялікіх чэргаў на мяжы. Людзі стаяць у пробках па 30-40 гадзін. Пры гэтым выехаць могуць ня ўсе. На расейскім КПП некаторым уручаюць позвы ў войска, а на грузінскім могуць разьвярнуць за непажаданую сымболіку ці за адмову прызнаваць Крым часткай Украіны, а Абхазію і Паўднёвую Асэтыю — Грузіі. Карэспандэнты «Настоящего времени» зьезьдзілі на мяжу і паразмаўлялі зь людзьмі.

«Не хачу быць саўдзельнікам злачынства. Я мяркую, што я першы ў чарзе на прызыў. І знаёмых ужо прызвалі, і тых, хто старэйшы, і тых, хто маладзейшы за мяне. То бок гэта рулетка. І я не хацеў даваць нават 1% шанцу на тое, што я магу неяк у гэтым удзельнічаць», — кажа жыхар Масквы Ільля.

Некалькі дзён таму Ільля ажаніўся. Яшчэ нядаўна муж і жонка плянавалі адправіцца ў вясельнае падарожжа, але цяпер Ільля ня можа нават сказаць, калі зноў зможа ўбачыць жонку. Праз вялікую колькасьць машын, якія назапасіліся каля мяжы, улады Паўночнай Асэтыі ўвялі абмежаваньні для аўтамабільнага руху. Корак перад расейскім КПП «Верхні Ларс» гэтымі днямі расьцягваецца да 15, а то і 20 км. Каб не стаяць у чарзе, людзі купляюць самакаты і ровары — і такім чынам дабіраюцца да Грузіі.

Тыя, хто едзе на машынах, стаяць у чарзе ў лепшым выпадку суткі. І гэта калі вельмі пашанцуе. Рух з Грузіі ў напрамку Расеі параўнальна свабодны. Коркі толькі каля самога КПП, і тое ў большай ступені з прычыны трэйлераў. Расейскія грамадзяне, якія вяртаюцца ў Расею, у цэлым менш гаваркія. Хаця некаторыя нават прызнаюцца, што гатовыя паехаць ваяваць ва Ўкраіну.

У сацыяльных сетках і мэсэнджэрах расейцы паведамляюць, што грузінскія памежнікі ў цэлым прапускаюць людзей у краіну свабодна. Але пры гэтым расейскім грамадзянам усё ж часам даводзіцца адказваць на пытаньні грузінскага боку, ці лічаць яны анэксаваны Крым Украінай, а акупаваныя Абхазію і Цхінвальскі рэгіён — Грузіяй. У выпадку адмоўнага адказу візыцёрам адмаўляюць ва ўезьдзе. Таксама падставамі для адмовы служаць рэгістрацыя і атрыманьне дакумэнтаў у Крыме пасьля 2014 года, наведваньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі без ведама Тбілісі, георгіеўскія стужкі, налепкі і надпісы на аўтамабілях і адзеньні з лацінскімі літарамі Z і V, якія сталі сымбалямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Колькі ўсяго расейцаў змаглі заехаць у Грузію пасьля абвяшчэньня «частковай мабілізацыі» — невядома. Афіцыйныя дадзеныя пакуль не агучваліся.

Казахстан

Шматкілямэтровыя пробкі ёсьць і на мяжы Расеі і Казахстана. Тысячы людзей спрабуюць выехаць з РФ. У сувязі з наплывам замежнікаў у прымежных казахстанскіх гарадах рэзка вырас попыт на арэнднае жыльлё. І знайсьці кватэру становіцца ўсё больш складана. Ва Ўральску ўцекачам ад мабілізацыі вырашыў дапамагчы кінатэатар. Ён прытуліў сотні расейскіх грамадзян, якія заехалі на тэрыторыю краіны.

Дырэктар кінатэатра Дылара Мухамбэтава апублікавала на старонцы ў сацыяльнай сетцы відэазварот з прапановай разьмясьціць у памяшканьні ўцекачоў з РФ. І яно тут жа стала вірусным. У кінатэатар Уральска пацягнуліся замежнікі. Для іх пераабсталявалі залы. Людзі засыпалі проста ў крэслах і на падлозе.

«Ехалі мы каля сямі гадзін. На мяжы мы таксама вырашылі пешшу прайсьці гэта ўсё. Сем гадзін пешшу стаялі і на мяжы. Машыны вельмі складана праяжджаюць, на машыне гэта было б у тры разы даўжэй. Сем гадзін пешшу, сем гадзін на мяжы, і як бы вось — шлях прывёў нас у гэты горад», — кажа Віктар Валееў.

Вось ужо некалькі дзён ва Ўральск прыбываюць сотні мужчын прызыўнога ўзросту. Прапановы на рынку арэнднага жыльля ўжо вычарпаны. Знайсьці свабодную кватэру нават па завышаным кошце амаль немагчыма.

«Мы прыехалі без валюты, без разуменьня, што рабіць далей. А тут, у гэтым месцы вельмі добрыя, цудоўныя людзі. Ня проста нас накармілі і сагрэлі добрым словам, але і падказалі, што рабіць далей. То бок нам гэта вельмі дапамагло», — расказаў Даніс Сайфутдзінаў.

На аўтамабільных і чыгуначных вакзалах расейцаў сустракаюць валянтэры, якія арганізавалі падвоз гарачага харчаваньня. Кінатэатар усё гэтак жа дае месцы для начлегу.

Як быць далей, расейскія рэляканты ня ведаюць. Адны пакуль плянуюць асвоіцца ва Ўральску. Іншыя праглядаюць маршруты ў далёкае замежжа. Але яшчэ тыдзень таму гэтыя людзі не думалі пра эміграцыю. Рашэньне пакінуць сваю краіну было спантанным і сьпешным.

Да грамадзян Расеі, якія бягуць ад мабілізацыі, у Казахстане ставяцца па-рознаму. Ёсьць незадаволеныя масавым наплывам замежнікаў, гучаць нават заклікі закрыць дзяржаўную мяжу. А ёсьць і тыя, хто проста дапамагае людзям. Незалежна ад іх палітычных поглядаў. Па словах Дылары, кінатэатар ужо прыняў некалькі сотняў рэлякантаў. У такім рэжыме яны плянуюць папрацаваць яшчэ некалькі дзён: каб прыежджыя маглі адпачыць і зразумець, што ім рабіць далей.

Кіргізстан

У Кіргізстане праз наплыў грамадзян Расеі таксама назіраецца ажыятаж на рынку арэнды нерухомасьці. У Бішкеку практычна не засталося свабодных гатэляў, з цяжкасьцю можна зьняць кватэру. Кошты растуць апошнія чатыры дні. Людзі браніруюць усе вольныя месцы ў сталіцы, Ошы і нават на ўзьбярэжжы Ісык-Куля.

За паўгода ў Кіргізстане Мікіта адаптаваўся. Першы раз ляцеў у Бішкек яшчэ ў лютым. Тады аб краіне ён ня ведаў нічога. На месцы дапамагалі простыя людзі: таксісты, прадаўцы. У верасьні паехаў у Расею рабіць візу ў Эўропу.

«Як толькі я візу атрымаў, адразу ж пачалася мабілізацыя. І я па пратаптанай дарожцы пайшоў, адразу ж узяў білет у Бішкек, прыляцеў. Я разумею, што сытуацыя можа зацягнуцца надоўга, і давядзецца езьдзіць па сьвеце дзясяткі гадоў, але я пляную вярнуцца ў Расею, мне падабаецца там жыць», — кажа ён.

Дзясяткі маладых людзей, цэлыя сем’і з дзецьмі, хтосьці з жывёламі — самалёт у Бішкек быў цалкам забіты, успамінае наш суразмоўца. Ён просіць не называць яго імя і горад, адкуль ён прыляцеў з Расеі. Там засталіся родныя, невядома, як і калі атрымаецца іх забраць. У Кіргізстане адпачывалі летам, таму ў мінулую пятніцу доўга не думаў, куды менавіта купляць білет.

«Цяжка кідаць усё тое, чым ты шмат гадоў займаўся. Спрабаваў, будаваў жыцьцё, пэрспэктывы нейкія, і вось дык вось зараз кінуць усё — гэта вельмі цяжка. Але дзяржава не пакідае нам выбару. Таму ў той сытуацыі, у якой знаходзіцца цяпер Расея, я для сябе не бачу сэнсу там знаходзіцца. Там два выбары: альбо турма, альбо вайна. Усё», — кажа ён.

З дня абвяшчэньня ў Расеі «частковай мабілізацыі» тэлефон трохзоркавага гатэля Rixon у Бішкеку не змаўкае. Калі раней было каля 60 званкоў у дзень, сёньня іх ня менш за дзьвесьце. У апошнія дні размовы вельмі кароткія: «Прабачце, свабодных месцаў няма».

«Нумары ня можам даць, у наяўнасьці свабодных няма прыблізна да 4 кастрычніка. З калегамі сваімі пагутарыў, якія таксама ў дадзеным бізнэсе працуюць, у іх прыкладна такая ж праблема — нумарны фонд адсутнічае», — распавядае кіраўнік гатэля Эміль Замірбэк уулу.

Уладальнікі гасьцініц ужо адключаюць абʼявы на замежных сэрвісах, усе вольныя нумары выкупляюць анлайн за лічаныя гадзіны. Кошты растуць, але попыт гэта не памяншае. Усё менш застаецца абʼяваў і аб арэндзе кватэр.

«Я сустракаю гасьцей у аэрапорце, я бачу гэтыя спустошаныя твары, якія проста стаяць і спрабуюць нешта знайсьці, нейкую нерухомасьць, неяк зьехаць. Чым адрозьніваюцца верасьнёўскія рэляканты ад сакавіцкіх? Тым, што ў сакавіку гэта былі хіпстэры, айцішнікі, гэта быў Піцер і Масква. Цяпер зьяжджаюць, бягуць, я не ведаю, як гэта правільна сказаць, усе, у каго ёсьць такая магчымасьць», — расказвае ўладальнік гасьцініцы Lavitor Генадзь Вайтэнка.

Некаторыя расейцы ўжо ляцяць ці едуць на ўзьбярэжжа возера Ісык-Куль. Падобная сытуацыя і ў паўднёвай сталіцы Кіргізстана — Ошы. У сацсетках і месэнджэрах пішуць, што свабодных месцаў у гатэлях, гатэлях і хостэлах усё менш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG