Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жанчыны добрыя на доўгіх дыстанцыях». Як зьмянілася роля жанчын у палітыцы пасьля 2020 году


Дыскусія падчас форуму «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі — 2025»
Дыскусія падчас форуму «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі — 2025»

16–17 чэрвеня ў Стакгольме праходзіць форум «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі — 2025», прысьвечаны ролі беларускіх жанчын у змаганьні за дэмакратыю.

На форуме абмяркоўваюць палітычнае лідэрства, абарону правоў чалавека і запуск Праграмы жаночага лідэрства для Беларусі.

Чаму жанчыны дагэтуль збольшага недастаткова бачныя і не на першых ролях у палітыцы? Як перастаць жыць 2020 годам? Якія задачы стаяць перад жанчынамі ў 2025 годзе? Паслухалі выступоўцаў і задалі пытаньні ўдзельніцам форуму ў Стакгольме.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская казала пра тое, што быць жанчынай у Беларусі — цяжка.

— Быць жанчынай у палітыцы — яшчэ цяжэй. Я ведаю гэта з уласнага досьведу. Гэта ня толькі пра пастаянны ціск і выклікі. Гэта таксама пра тое, што экспэрты называюць «сындромам самазванца» — пачуцьцё, што ты ніколі не бываеш дастаткова добрай. Наша аўтарытарная сыстэма і сыстэма адукацыі вучаць людзей, асабліва жанчын, маўчаць. Трымацца ўбаку. Не выдзяляцца. Мы ўсе неаднаразова чулі: «Жанчыне месца на кухні». Я нічога ня маю супраць кухняў. Але я ведаю, што жанчыны здольныя на значна большае — асабліва калі яны аб’ядноўваюцца. Наша мэта — прапанаваць выразную альтэрнатыву Беларусі Лукашэнкі, дзе жанчыны маюць толькі сымбалічныя або дэкаратыўныя ролі. Мы хочам бачыць Беларусь, у якой жанчыны вядуць, прымаюць рашэньні і фармуюць будучыню. У нашай Каардынацыйнай радзе амаль 40% дэлегатак — жанчыны. У нашай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы палову складаюць жанчыны. І, вядома, мы заўсёды імкнёмся, каб палову дакладчыкаў на форумах і публічных дыскусіях таксама складалі жанчыны. Мы таксама плянуем падаць праект закону аб гендэрнай роўнасьці — юрыдычную аснову, якая гарантуе недыскрымінацыю, абарону правоў і роўнае прадстаўніцтва. Гэта будзе дарожная мапа, якая забясьпечыць, каб дзяржава — на ўсіх узроўнях — працавала для жанчын і разам з жанчынамі.

Паводле Ціханоўскай, у 2025 годзе змаганьне — гэта ня спрынт, а маратон, і менавіта жанчыны добрыя на доўгіх дыстанцыях.

Сьвятлана Ціханоўская выступае на форуме
Сьвятлана Ціханоўская выступае на форуме

Адна з арганізатарак форуму ў Стакгольме Юлія Міцкевіч, першая намесьніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, адказная за пытаньні гендэрнай роўнасьці, крытычна выказалася наконт бачнасьці і рэпрэзэнтаванасьці жанчынаў у дэмакратычных сілах. Жанчыны робяць вялікую працу, але часта яны нябачныя, недастаткова прадстаўленыя і не на першых ролях. Паводле яе, «сапраўдны час для гендэрнай роўнасьці — цяпер і заўсёды, аднаго дня дыскусіяў пра гэта недастаткова». Паводле палітыка, у пытаньні гендэрнай роўнасьці маюць быць уключаныя як жанчыны, так і мужчыны.

Выступае Юлія Міцкевіч
Выступае Юлія Міцкевіч

Як зьмянілася роля беларускіх жанчын пасьля 2020 году? Ці трэба перастаць жыць 2020 годам? — спытала Свабода ўдзельніц форуму.

Віцэ-сьпікерка Каардынацыйнай рады Стася Гліньнік спадзяецца на пазбаўленьне ад вобразу жанчын беларускага пратэсту як жанчын аднаго дня, жанчын у белым з кветкамі.

— Спадзяюся, мы будзем бачыць нашу разнастайнасьць. Жанчыны ўзначальвалі страйкавыя камітэты, яны працуюць ува ўсіх арганізацыях — і ў недзяржаўных, і ў палку Каліноўскага, рэалізоўваюць свае праекты. У Вільні большасьцю беларускіх арганізацыяў кіруюць жанчыны. Мы мусім пакінуць у мінулым стэрэатыпізацыю жанчын. У тым ліку стэрэатыпы пра «прыгожую бляндынку, якая закахалася ў кагэбіста і зьехала з грашыма», якія распаўсюджвалі пэўныя мэдыя, пішучы пра зьнікненьне сьпікеркі КР Анжалікі Мельнікавай.

Што мы возьмем з сабой з 2020 году?

Філёзафка Вольга Шпарага лічыць, што ў 2025 годзе ў кантэксьце непазьбежнай мілітарызацыі варта гаварыць аб правах жанчын, удзеле жанчын, праблемах ЛГБТК.

— Гэта ўсё кантэкст правоў чалавека, неабходны ў любой сытуацыі, асабліва падчас такіх канфліктаў, як вайна.

Старшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка падкрэсьліў, што «жанчыны заўсёды адыгрывалі ролю ў дэмакратычных сілах, але пасьля 2020 году гэтая роля стала больш заўважная».

— Людзі, якія былі непублічныя, трапілі на публічныя пазыцыі. Важна памятаць ролю жанчын, якія і 25–30 гадоў таму былі актыўныя ў палітыцы.

Франак Вячорка згадаў у тым ліку сваю маці Арыну Вячорку, якая стварыла і ўзначальвала рыцарскі клюб. Палітык гаварыў і пра патрыярхальную спадчыну ў дэмакратычных структурах, калі часам лічаць, што не на ўсе структуры можна прызначаць жанчын.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG