Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла аб спыненьні дзейнасьці кампаніі, якая насуперак эмбарга паставак зь Беларусі і Расеі працягвала праз Эўропу набываць сельскагаспадарчую тэхніку расейскай і беларускай вытворчасьці.
Паводле паліцыі, купля і продаж тэхнікі ажыцьцяўляліся праз афшорныя кампаніі.
«Арыштаваны банкаўскія рахункі, на якіх сумарна знаходзілася каля 3 мільёнаў даляраў, карпаратыўныя правы, 18 зямельных участкаў, 26 нежылых памяшканьняў, прыватныя будынкі і кватэры, элітныя аўтамабілі, а таксама каля тысячы адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі і транспартных сродкаў», — адзначаецца ў паведамленьні паліцыі.
У той жа час паліцыя не ўдакладняе назву кампаніі і яе канцавога бэнэфіцыяра. Справа расьсьледуецца паводле ч. 3 артыкул 110-2 (фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены ці зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі ці дзяржаўнай мяжы Ўкраіны караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 8 гадоў).
Сьледчыя правялі вобшукі па месцы пражываньня ўласьніка кампаніі і на пляцоўках, дзе захоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка.
Раней з апублікаванага ў Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны судовага рашэньня стала вядома, што ўкраінскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сучасні вантажівки» працягвае пастаўляць ва Ўкраіну прадукцыю Менскага трактарнага заводу (МТЗ). Але яе кіраўнік паведаміў Свабодзе, што цяпер супраца з МТЗ спынена, а на пачатку году пастаўлялася прадукцыя праз мытную тэрыторыю Польшчы паводле кантрактаў, падпісаных у 2021 годзе.