Пажарная сыгналізацыя ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены ў Менску спрацавала 26 верасьня ў 3:35. Пажарам была пашкоджана маёмасьць на плошчы 20 квадратных мэтраў, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні МНС.
Адзначаецца, што прычынай пажару стала ўзгараньне электраправодкі.
Пацярпелых няма.
Праз час стала вядома, што ў выніку здарэньня праца Чырвонага касьцёла будзе часова прыпынена. Такое рашэньне на пазачарговым пасяджэньні прыняла камісія па надзвычайных сытуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Менска, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
«Цяпер разглядаюцца і аналізуюцца ўсе акалічнасьці інцыдэнту, — паведаміла кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Тацьцяна Калядка. — У сувязі з гэтым камісіяй па надзвычайных сытуацыях прынята рашэньне часова забараніць эксплуатацыю будынка».
Калядка дадала, што ў касьцёле неабходна аднавіць працу сыстэм пажаратушэньня, а таксама электрычнага абсталяваньня і праводкі. Таксама трэба абсьледаваць канструкцыі будынка.
«Да ўстараненьня ўсіх недахопаў і вынясеньня заключэньняў кампэтэнтнымі спэцыялістамі ўсе мерапрыемствы ў Чырвоным касьцёле будуць прыпыненыя», — рэзюмавала кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёну.