Зварот прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна да народу РФ па стане на 23:00 адносна правядзеньня так званых рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны не адбыўся.
Выступ Пуціна, па паведамленьнях, чакаўся ў 20:00, затым яго нібыта перанесьлі на 21:00, але так і не запусьцілі ў рэжыме онлайн — прынамсі, дзяржаўныя тэлеканалы, якія плянавалі гэта рабіць.
Першы канал і RT пазьней прыбралі анонсы аб звароце прэзыдэнта Расеі.
У расейскіх пабліках і Telegram-каналах пачалі зьяўляцца паведамленьні аб тым, што, як мяркуецца, Пуцін выступіць заўтра. Калі гэта адбудзецца і ў якім фармаце, з афіцыйных крыніц пакуль невядома.
Раней паведамлялася, што Пуцін плянуе выступіць з заявай у аўторак увечары пасьля таго, як раней 20 верасьня ў акупаваных раёнах на ўсходзе Ўкраіны і захопленай Херсонскай вобласьці расейскія сілы прызначылі даты так званых рэфэрэндумаў аб далучэньні да Раеі. Акупацыйныя ўлады заплянавалі іх на 23-27 верасьня.
- Кіеў ужо заявіў, што гэтае галасаваньне ня будзе мець рэальных наступстваў, а МЗС Украіны заклікаў міжнародных партнэраў асудзіць намер у дачыненьні да РФ «фэйкавых плебісцытаў» на акупаваных тэрыторыях. Адпаведныя заявы аб непрызнаньні так званых рэфэрэндумаў і іх вынікаў былі зробленыя ў Белым доме, а таксама ў Паўночнаатлянтычным альянсе.