Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрыечнаму брату Латушкі прысудзілі 6 гадоў калёніі


Анатоль Латушка, Лілія Ананян, Алена Маліноўская
Анатоль Латушка, Лілія Ананян, Алена Маліноўская

20 верасьня суд Цэнтральнага раёну Менску разглядзеў крымінальную справу траіх палітзьняволеных — Анатоля Латушкі, Ліліі Ананян і Алены Маліноўскай.

Іх затрымалі 31 студзеня за маляваньне праз трафарэт на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома герба «Пагоня» і зьмясьцілі пад варту.

Палітзьняволеных судзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за распаўсюд улётак да рэфэрэндуму, удзел у маршы, маляваньне «Пагоні», спаленьне дзяржаўнага сьцяга.

У выніку судзьдзя Дзьмітры Карсюк сёньня пакараў Анатоля Латушку 6 гадамі калёніі, Алену Маліноўскую — 4 гадамі калёніі, Лілію Ананян — 5 гадамі «хатняй хіміі» (яе вызвалі ў зале суду).

Як паведамляюць праваабаронцы, Латушку таксама аштрафавалі на 300 базавых велічыняў, ён павінен кампенсаваць шкоду пацярпелым.

Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі.

Павал Латушка пра прысуд: «Беларусь працягвае апускацца ў змрок таталітарнай дыктатуры»

Павал Латушка ў сваім тэлелеграм-канале адрэагаваў на вынесены 20 верасьня вырак стрыечнаму брату:

«Сёньня яго асудзілі на 6 гадоў за „хуліганства“, „спробу зрыву рэфэрэндуму“ і „незаконны збор зьвестак“. Чытаць: „За праўду“, „за справядлівасьць“, „за пазыцыю“ (...) Наша Беларусь ва ўсіх на вачах працягвае апускацца ў змрок таталітарнай дыктатуры, па пустых вуліцах краіны, як у 30-х, езьдзяць „варанкі“, а людзі „зьнікаюць“ па сьпісах. Пакуль іх знаходзяць жывымі, але ўжо амаль заўсёды — за кратамі».

Латушка назваў стрыечнага брата «вартым сынам сваіх бацькоў, сынам Беларусі, які вельмі любіць сваю Радзіму».

«Ён сярод тысяч, сотняў тысяч, мільёнаў беларусаў, якія вераць у свабоду Беларусі, вераць у тое, што мы яе вернем. Вернем разам. У гэты дзень мае думкі з Анатолем, з усімі зьняволенымі ў турмах беларусамі», — зазначыў палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG