Колькасьць загінуўшых у канфлікце на мяжы з Таджыкістанам грамадзян Кіргізстану ўзрасла з 24 да 36, заяўляюць улады гэтай краіны. Акрамя таго, паведамляецца аб 129 параненых у Баткенскай вобласьці.
Таджыцкія ўлады пакуль не апублікавалі афіцыйную колькасьць загінуўшых, але карыстальнікі сацсетак паведамляюць аб некалькіх загінуўшых і параненых у Ісфарынскім і Бабажон-Гафураўскім раёнах Сагдыйскай вобласьці.
Крыніцы Радыё Азодзі (таджыцкай службы Радыё Свабода) паведамляюць, што ў выніку памежнага канфлікту загінулі сама меней 39 грамадзян Таджыкістану.
Гэта найбуйнейшая ўспышка гвалту паміж суседнімі краінамі зь вясны 2021 году, калі былі забітыя дзясяткі чалавек з абодвух бакоў і як мінімум 150 пацярпелі.
Прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Жапараў падпісаў указ аб аб’яўленьні 19 верасьня днём нацыянальнай жалобы ў Кіргізстане.
«У дзень нацыянальнай жалобы на ўсёй тэрыторыі краіны, а таксама на будынках дыпляматычных і консульскіх устаноў за мяжой, прыпусьціць дзяржаўныя сьцягі КР і рэкамэндаваць установам культуры і тэлерадыёкампаніям адмяніць забаўляльныя мерапрыемствы і перадачы», — гаворыцца ва ўказе.
Амаль палова з прыкладна 970 кілямэтраў сумеснага ўчастка мяжы Кіргізстану і Таджыкістану да гэтага часу афіцыйна не разьмежаваная, на гэтым фоне пэрыядычна адбываюцца канфлікты і сутычкі.
16 верасьня ва ўзбэцкім Самаркандзе на саміце ШAC (Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва) адбыліся перамовы нязьменнага прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона і кіраўніка Кіргізстану Садыра Жапарава. Бакі дамовіліся спыніць баявыя дзеяньні і сфармаваць рабочую групу, якая б занялася ўрэгуляваньнем канфлікту.
Aднак позна ўвечары 17 верасьня, усяго празь некалькі гадзін пасьля ўступленьня ў сілу пагадненьня аб спыненьні агню, бакі паведамілі, што некалькі памежных сёлаў зноў падвергліся абстрэлам.