У сталіцы Сэрбіі адбылося некалькі дробных інцыдэнтаў, калі ўльтраправыя актывісты і рэлігійныя групы выступілі супраць міжнароднага мітынгу EuroPride. Паліцыя паведаміла, што 64 чалавекі затрыманыя за розныя правапарушэньні пасьля таго, як актывісты, якія выступаюць супраць ЛГБТ-руху, кідалі бутэлькі ў паліцыю і спрабавалі пераадолець паліцэйскія рэдуты.
Прыкладна 1000 прыхільнікаў ЛГБТ-прайду прайшлі некалькі сотняў мэтраў па маршруце ад Канстытуцыйнага суду да суседняга парку Ташмайдан у цэнтры Бялграду пасьля таго, як улады забаранілі заплянаваны больш працяглы марш з-за асьцярог маштабных беспарадкаў.
Паліцыя перакрыла пешаходныя зоны вакол вуліц, дзе арганізатары заплянавалі мерапрыемствы, а таксама забараніла контрапратэсты кансэрватыўных груп, актывістаў Сэрбскай праваслаўнай царквы і іншыя.
Прэзыдэнт Аляксандар Вучыч у мінулым месяцы выказаў здагадку, што марш EuroPride ня будзе праведзены, але сказаў, што канчатковае рашэньне знаходзіцца ў руках Міністэрства ўнутраных спраў. 13 верасьня Міністэрства ўнутраных спраў афіцыйна абвясьціла аб забароне кульмінацыйнага шэсьця Тыдня EuroPride праз цэнтар Бялграду і заявіла, што аналягічным чынам адмовіла ў дазволе на контрадэманстрацыю ў той жа дзень.
15 верасьня арганізатар шэсьця на «прайд» Марка Міхайлавіч паведаміў Балканскай службе Радыё Свабода ў Instagram, што яго група падала апэляцыю ў адміністрацыйны суд Сэрбіі на рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў заблякаваць мерапрыемства.
«Пытаньне ў тым, ці будзе гэта кароткая прагулка, ці мы будзем стаяць на адным месцы, але выйдзем на вуліцу», — сказаў Міхайлавіч. «Важна, каб мы выходзілі і каб наш голас быў пачуты».
Aктывісты за правы ЛГБТ раскрытыкавалі прэм’ер-міністра Сэрбіі Ану Брнабіч, якая зьяўляецца адкрытай лесьбіянкай. Сэрбская ЛГБТ-супольнасьць абвінаваціла яе ў «адмове ад сваёй справы». Нягледзячы на афіцыйную забарону на марш, Брнабіч раней сказала магчымым удзельнікам, што «ніхто ня можа перашкодзіць вам прайсьці, таму што гэта фундамэнтальнае права чалавека».
Таксама пасьля мерапрыемства Брнабіч заявіла журналістам, што «паліцыя зрабіла выдатную працу» і што яна ганарыцца тым, што «нам удалося пазьбегнуць больш сур’ёзных інцыдэнтаў».
Тыдзень EuroPride — тыдзень мерапрыемстваў за змаганьне за правы лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў, транссэксуалаў і інтэрсэксуалаў на агульнаэўрапейскім узроўні і амаль кожны год з 1992 году праводзіцца ў розных эўрапейскіх гарадах.
Прайд у 2010 годзе ў Бялградзе перарос у гвалт, у выніку якога былі параненыя дзясяткі паліцэйскіх і цывільных асоб, калі натоўп, які выступае супраць ЛГБТ, у тым ліку некаторыя сьвятары, напаў на ўдзельнікаў, але наступныя мерапрыемствы прайду прайшлі без сур’ёзных здарэньняў.