Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан нанёс удар па пункце памежнікаў Расеі ў Армэніі


Азэрбайджанскія войскі абстралялі пункт разьмяшчэньня памежных войскаў Расеі на тэрыторыі Армэніі ў Гегаркуніцкай вобласьці на ўсходзе краіны.

У выніку ўдару быў пашкоджаны будынак, дзе разьмяшчаліся памежнікі, і тэхніка. Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны Армэніі. Азэрбайджан інцыдэнт на момант публікацыі навіны не камэнтаваў.

Удакладняецца, што абстрэл адбыўся ў ноч з 12 на 13 верасьня. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, пацярпелых сярод расейскіх памежнікаў няма. Асабісты склад быў выведзены зь месца дысьлякацыі. Трапіць па памежным пункце маглі падчас начной артылерыйскай перастрэлкі паміж Армэніяй і Азэрбайджанам.

Сытуацыя на армянска-азэрбайджанскай мяжы абвастрылася на пачатку тыдня. У ноч з панядзелка на аўторак узброеныя сілы Азэрбайджану распачалі інтэнсіўны артылерыйскі абстрэл армянскіх пазыцый у прымежных раёнах. Армянскі бок сьцьвярджае, што пад агнём аказаліся некалькі вёсак. Загінулі каля 50 вайскоўцаў.

У Баку таксама заявілі пра гібель 50 вайскоўцаў і абвінавацілі армянскі бок у абстрэлах тэрыторыі Азэрбайджану.

Урад Армэніі афіцыйна зьвярнуўся да Расеі, Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) і Рады Бясьпекі ААН у сувязі з абвастрэньнем збройнага канфлікту на мяжы з Азэрбайджанам.

У лістападзе 2020 году Азэрбайджан зьбіў расейскі вайсковы верталёт Мі-24 у Армэніі. Загінулі два чалавекі. Пазьней Баку выбачыўся за гэты інцыдэнт, заявіўшы, што атака была ненаўмысная.

Гегаркуніцкая вобласьць Армэніі не мяжуе з Расеяй. Як сьцьвярджаецца, расейскія памежнікі знаходзяцца там з гуманітарнай місіяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG