Пра гэта, у прыватнасьці, паведаміла дарадца кіраўніка рэгіянальнай адміністрацыі Натальля Папова. Яна суправадзіла зьвесткі фатаздымкам украінскіх вайскоўцаў у цэнтры горада, які называюць стратэгічна важным для забесьпячэньня расейскай групоўкі войскаў на Данбасе.
Пазьней Служба бясьпекі Ўкраіны афіцыйна пацьвердзіла прысутнасьць украінскіх сілавікоў у Купянску Харкаўскай вобласьці, які дагэтуль быў акупаваны расейскімі войскамі:
Да гэтага паступалі шматлікія неафіцыйныя паведамленьні аб тым, што ўкраінскія войскі ўзялі або, сама меней, кантралююць большую частку тэрыторыі Купянска — трэцяга па велічыні горада Харкаўскай вобласьці і важнага транспартнага вузла на ўсходзе Ўкраіны. Інфармацыя прарасейскіх каналаў з горада паступала супярэчлівая: адны кажуць, што ўкраінцы ўжо кантралююць палову Купянска, іншыя, сярод якіх блогер Ігар Гіркін, які выкарыстоўвае псэўданім Стралкоў, кажуць, што пад кантролем УСУ большая частка горада.
Украінскае камандаваньне пакуль афіцыйна не паведамляла аб вызваленьні Купянска. Не камэнтуе інфармацыю і Мінабароны Расеі.
Расейскія ваенныя блогеры таксама пішуць, што войскі РФ пакінулі Ізюм, і сьпешна адступаюць за раку Аскол, каб пазьбегнуць акружэньня. Пра сыход расейских войскаў з Ізюма напісаў і першы намесьнік так званага «міністра інфармацыі» самаабвешчанай «ДНР» Данііл Бяссонаў.
Таксама з расейскіх вайсковых тэлеграм-каналаў паступае супярэчлівая інфармацыя пра тое, што адбываецца зараз у Лімане. Частка паведамляе, што расейскія войскі пакідаюць горад, іншыя пішуць, што абарона працягваецца, а баі ідуць не ў самім горадзе, а на яго подступах.
Ніякага афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі ва ўкраінскіх крыніцах пакуль няма.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Расейскія ўлады не камэнтуюць інфармацыю пра контрнаступ Украіны, які пачаўся 6 верасьня.
Паводле ацэнак амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны, украінскія войскі ў ходзе распачатага на гэтым тыдні контрнаступу ў Харкаўскай вобласьці, па стане на канец дня 9 верасьня, вызвалілі прыкладна 2500 квадратных кілямэтраў тэрыторыі.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб выцясьненьні расейскіх сіл з 30 населеных пунктаў рэгіёна. Днём раней Зяленскі заявіў, што з 1 верасьня байцы Узброеных сіл Украіны вызвалілі больш за тысячу квадратных кілямэтраў украінскай тэрыторыі.