Так, паводле Адама Нядзельскага, у Польшчы ад пачатку года працуюць больш як 2 тысячы дактароў зь іншых краін.
«Палова з гэтых дзьвюх тысяч — гэта лекары з Украіны. А другая палова — гэта лекары зь Беларусі», — заявіў Нядзельскі.
Спрошчаны парадак працаўладкаваньня замежных мэдыкаў і выдачы ім ліцэнзіі дзейнічае ў Польшчы з 2021 году: калі раней лекары мусілі пацьвердзіць дыплём, атрымаць пасьлядыплёмны стаж і здаць экзамэны па прафэсіі і польскай мове, то цяпер ліцэнзія выдаецца ў спрошчаным парадку: доктар можа працаваць па спэцыяльнасьці 5 гадоў і за гэты час здае неабходныя іспыты, паведамляе партал The Village Беларусь.
Тым часам у самой Беларусі таксама назіраецца рэзкі брак лекараў — але, у адрозьненьне ад Польшчы, адток толькі павялічваецца. Улады лічаць, што часткова вырашыць праблему можна за кошт павелічэньня бюджэтных месцаў у навучальныя ўстановы па мэдыцынскіх спэцыяльнасьцях, а таксама за кошт выдзяленьня супрацоўнікам жытла.
На пачатак верасьня ў Беларусі для мэдпэрсаналу было найбольш вакансій у наймальнікаў: 3220 для дактароў і 2980 для мэдсясьцёр. Сярэдні заробак па вакансіях для лекараў — 1023–1219 руб., а для мэдсясьцёр — 712–831 руб. Як правіла, гэта сума да выплаты падаткаў — гэта значыць, грашыма работнікі атрымаюць яшчэ на 13% менш.