Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У некалькіх гарадах Расеі сілавікі прыйшлі зь ператрусамі да журналістаў і адміністратараў тэлеграм-каналаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 8 верасьня ў некалькіх гарадах Расеі праходзяць ператрусы ў журналістаў і адміністратараў тэлеграм-каналаў.

Па дадзеных пракрамлёўскага тэлеграм-каналу «УралLIVE», сьледчыя дзеяньні праходзяць у Цюмені ў кватэры журналісткі праекту расейскай службы Радыё Свабода «Сибирь. Реалии» Юліі Глазавай. Яна нібыта мае дачыненьне да праекту «Утро февраля» і палітыка Ільлі Панамарова.

У Екацярынбурзе сілавікі прыйшлі да галоўнага рэдактара «Вечерних ведомостей» Уладзіслава Посьнікава. Згодна з апублікаваным відэазапісам, сілавікі выламалі дзьверы ў кватэры журналіста, але нікога там не знайшлі. Якая крымінальная справа стала прычынай ператрусу, пакуль невядома.

У Растове-на-Доне каля 6 гадзін раніцы пачаўся ператрус у кватэры журналісткі Бэлы Насібян.

Што стала падставай для сьледчых дзеяньняў і паводле якога артыкулу іх праводзяць, невядома. Перад ператрусам журналістка выявіла, што ў яе заблякаваныя банкаўскія рахункі.

Тэлеграм-канал «Жаба и гадюка», блізкі да расейскіх сілавых структур, сьцьвярджае, што ператрусы таксама праходзяць у адміністратараў тэлеграм-канала «Утро февраля» ў справе аб «фэйках» аб расейскім войску, заведзенай супраць Ільлі Панамарова.

Дзяржагенцтва «РИА Новости» са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах пацьвярджае, што ператрусы праходзяць у рамках расьсьледаваньня справы Панамарова. Былы дэпутат Дзярждумы завочна арыштаваны ў Расеі ў справе аб «фэйках» аб расейскім войску «па матывах палітычнай, ідэалягічнай, расавай, нацыянальнай або рэлігійнай нянавісьці», за што прадугледжана да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Што стала падставай для крымінальнай справы ў дачыненьні да Панамарова, не паведамлялася.

Пазьней стала вядома, што ператрусы прайшлі ў чацьвярых журналістаў і дырэктара партала «Одинцово-Инфо» Андрэя Астравухава, паведаміў яго знаёмы. Па дадзеных «ОВД-Инфо», сьледчыя дзеяньні зьвязаныя з крымінальнай справай аб «фэйках» пра Ўзброеныя сілы РФ, заведзенай з прычыны сямі публікацый на партале «Одинцово-Инфо».

Сілавікі нічога не канфіскавалі і нікога не затрымалі. Астравухава выклікалі на допыт у якасьці сьведкі. Паводле яго, праваахоўнікі шукалі сэрвэрнае абсталяваньне, піша «ОВД-Инфо».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG