Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы будзе гучаць голас беларускага грамадзтва, а не афіцыйнага Менску: ствараецца Кантактная група


Сьвятлана Ціханоўская выступае ў ПАРЭ 21 чэрвеня 2022
Сьвятлана Ціханоўская выступае ў ПАРЭ 21 чэрвеня 2022

7 верасьня Рада Эўропы прыняла рашэньне аб стварэньні Кантактнай групы для супрацоўніцтва зь беларускім грамадзтвам, паведамляе Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Такім чынам, Рада Эўропы падтрымала прапанову Ціханоўскай, агучаную падчас сустрэч з генэральным сакратаром Рады Эўропы і выступленьня перад ПАРЭ.

Раней Рада Эўропы адмовілася ад кантактаў з прадстаўнікамі афіцыйнай Беларусі на карысьць дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці.

«Гэта выразны сыгнал беларусам, што Рада Эўропы не прызнае рэжыму Лукашэнкі, у той самы час Рада Эўропы мае намер супрацоўнічаць з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху ў інтарэсах усяго беларускага народу», адзначае Офіс Ціханоўскай.

Паведамляецца, што кантактная група, якая ствараецца, будзе каардынаваць і рэалізоўваць праекты ў рамках розных праграмаў Рады Эўропы, рыхтаваць праекты рэформаў і дэмакратычных пераўтварэньняў для новай Беларусі.

У кантактную групу ўвойдуць прадстаўнікі структур Рады Эўропы, грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сіл. Склад кантактнай групы ўжо абмяркоўваецца.

Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што стварэньне Кантактнай групы — гэта агульная перамога, якая дапаможа агульнай справе:

— Гэта яшчэ адзін важны крок па вяртаньні беларусам голасу на міжнароднай арэне. У нас зараз будзе свая пляцоўка ў найбуйнейшай міжнароднай арганізацыі. Празь яе мы зможам уздымаць пытаньні нашай незалежнасьці, палітвязьняў, забесьпячэньня законнасьці і правапарадку. Беларусы зараз будуць мець сваіх прадстаўнікоў пры Радзе Эўропы. Нашай фінальнай мэтай заяўляецца ўступленьне Беларусі ў Раду Эўропы. Стварэньне кантактнай групы — гэта першы крок да гэтага.

21 чэрвеня, выступаючы на пленарнай сэсіі Рады Эўропы, Ціханоўская заклікала Раду Эўропы стварыць каардынацыйную групу для дачыненьняў зь Беларусьсю, якая павінна складацца з прадстаўнікоў розных органаў Рады Эўропы і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

На думку Ціхноўскай, гэтая група будзе сумесна вызначыць прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва, сплянуе, падрыхтуе і запусьціць праграмы і праекты дапамогі і кантролю за іх рэалізацыяй. Гэта зробіць Беларусь бліжэйшай да Рады Эўропы.

  • Рада Эўропы — найстарэйшая ў Эўропе міжнародная палітычная арганізацыя, створаная пасьля Другой сусьветнай вайны. Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы. Асноўная прычына — наяўнасьць сьмяротнай кары ў Беларусі. Беларускія грамадзяне ня могуць падаваць скаргі ў Эўрапейскі суд правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG