Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і ААН запатрабавалі ад Расеі спыніць практыку «фільтрацыі» ва Ўкраіне і даць доступ да затрыманых украінцаў


фільтрацыйны пункт, Украіна
фільтрацыйны пункт, Украіна

Дзярждэпартамэнт ЗША мае інфармацыю аб тым, што апэрацыі па «фільтрацыі» кантралююць і каардынуюць асобы з адміністрацыі прэзыдэнта РФ.

Савет бясьпекі ААН 7 верасьня абмеркаваў сытуацыю ва Ўкраіне. У цэнтры ўвагі было пытаньне аб так званай фільтрацыі ўкраінскіх грамадзян на акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыях і аб вывазе грамадзян Украіны, у тым ліку дзяцей, у Расею. Кіеў гаворыць аб гвалтоўным перамяшчэньні і дэпартацыі, Масква настойвае на тым, што гаворка ідзе пра добраахвотную «эвакуацыю».

Напярэдадні паседжаньня Дзярждэпартамент ЗША выступіў з заявай, у якой асудзіў практыку так званай фільтрацыі і гвалтоўнага перамяшчэньня ўкраінскіх грамадзян на расейскую тэрыторыю.

«ЗША валодаюць інфармацыяй аб тым, што апэрацыі па фільтрацыі кантралююць і каардынуюць (асобы) з адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. Нам таксама вядома, што супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта Расеі даюць сьпісы ўкраінцаў, якія будуць накіраваныя на фільтрацыю, — заявіў журналістам прадстаўнік Дзярждэпартамента Вэдант Патэл. — Мы патрабуем, каб Расея неадкладна спыніла гэтыя апэрацыі па фільтрацыі».

Тое, што расейскія вайскоўцы і зьвязаныя зь імі групы падвяргаюць украінскіх грамадзянскіх асоб «фільтрацыі» пацьвердзіла і памочнік генэральнага сакратара ААН па правах чалавека Ілзе Брандс Кэрыс. Яна заклікала забясьпечыць доступ да людзей, затрыманых Расеяй, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«У выпадках, задакумэнтаваных нашым офісам, падчас „фільтрацыі“ расейскія ўзброеныя сілы і зьвязаныя зь імі ўзброеныя групы падвяргалі людзей асабістаму ператрусу, часам з прымусовым агаленьнем, і падрабязным допытам аб асабістай біяграфіі, сямейных сувязях, палітычных поглядах і прыхільнасьці», — заявіла Брандс Кэрыс Радзе Бясьпекі ААН.

«Яны аглядалі асабістыя рэчы, у тым ліку мабільныя прылады, і зьбіралі асабістыя ідэнтыфікацыйныя дадзеныя, фатаграфіі і адбіткі пальцаў», — дадала яна.

Брандс Кэрыс таксама адзначыла, што офіс ААН па правах чалавека задакумэнтаваў выпадкі адвольнага затрыманьня, катаваньняў або зьнікненьня ўкраінскіх грамадзян, якіх палічылі зьвязанымі з узброенымі сіламі або дзяржаўнымі інстытутамі краіны або прытрымліваюцца праўкраінскіх і антырасейскіх поглядаў.

Некаторыя былі пераведзены ў папраўчыя калёніі, сказала яна.
Украіна і некалькі заходніх краін таксама выказалі занепакоенасьць наконт дзяцей, якіх гвалтоўна перапраўляюць у Расею ці на акупаваныя ёю тэрыторыі.

«Мы занепакоеныя тым, што расейскія ўлады прымяняюць спрошчаную працэдуру прадастаўлення расейскага грамадзянства дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, і што гэтыя дзеці могуць быць усыноўлены расейскімі сем’ямі», — заявіла памочнік генэральнага сакратара ААН.

Намесьнік амбасадара Ўкраіны ў ААН Крысьціна Гаявішын заявіла членам Савета Бясьпекі, што Расея гвалтоўна вывезла на сваю тэрыторыю каля двух з паловай мільёнаў чалавек з паўднёвага ўсходу Украіны, уключаючы тысячы дзяцей.

«Нашых людзей вывозяць у ізаляваныя і дэпрэсіўныя рэгіёны Сыбіры і Далёкага Усходу, — сказала Гаявішын. — Маштабы гэтых злачынстваў абуральныя».

Паводле яе слоў, толькі каля 16 тысяч дэпартаваных грамадзян вярнуліся ва Ўкраіну. У большасьці зь іх няма грошай, транспарту і праязных дакумэнтаў, каб вярнуцца дадому.

Пасол Расеі ў ААН Васіль Нябензя адпрэчыў гэтыя абвінавачаньні, заявіўшы, што яны зьяўляюцца часткай украінскай і заходняй кампаніі па дэзынфармацыі.

«Гэтыя людзі...жывуць свабодна і добраахвотна ў Расеі. Ніхто не забараняе ім перамяшчацца ці зьяжджаць з краіны, — сказаў Нябензя. — Вы сурʼёзна думаеце, што такую колькасьць людзей можна прывезьці сілком і прымусіць маўчаць?».

У ліпені дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен казаў аб гвалтоўным вывазе ў Расею больш за 1,5 млн жыхароў Украіны. Відавочна, у гэты лік уключаны ўсе грамадзяне Ўкраіны, якія перасеклі расейскую мяжу пасьля пачатку вайны.

Самі ўкраінцы, якія сутыкнуліся з практыкай «фільтрацыі», і незалежныя журналісты і назіральнікі пацьвярджаюць існаваньне так званых фільтрацыйных пунктаў або лягераў — як правіла на тэрыторыях, падкантрольных сэпаратыстамі, якія падтрымліваюцца Расеяй.

На тэрыторыі Расеі ўкраінскія грамадзяне, як правіла, не пазбаўлены свабоды перамяшчэньня і могуць пры жаданьні і пры наяўнасьці магчымасьці пакінуць краіну. Адмысловую занепакоенасьць Украіны і краін Захаду пры гэтым выклікае лёс вывезеных з тэрыторыі Украіны дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў — паведамляецца аб шматлікіх выпадках, калі над імі афармлялі апеку грамадзяне Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG