Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі Астроскі. Шэсьць асобаў і два фактары, якія таксама прычыніліся да перамогі над Масковіяй пад Воршай


Канстанцін Астроскі
Канстанцін Астроскі

Гетман Канстанцін Астроскі — галоўны аўтар перамогі войскаў ВКЛ і Польшчы ў Аршанскай бітве. Тым ня менш гісторыя захавала імёны іншых вайскаводаў, якія паспрыялі перамозе над Масквой 8 верасьня 1514 году.

Гісторык Алесь Казакоў — адзін зь нямногіх у Беларусі дасьледчыкаў Аршанскай бітвы. Некалькі гадоў таму ў публікацыі на сайце Свабоды ён паставіў пад сумнеў папулярныя раней зьвесткі пра бітву пад Воршай. У прыватнасьці, ён перакананы, што маскавіты ня мелі 80-тысячнага войска. 30-тысячнага войска не маглі мець і ВКЛ з Польшчай. Прачытаць падрабязьней разбор польскіх і расейскіх мітаў, якія часта трансьлююцца і ў Беларусі, можна тут:

Разам з тым Казакоў перакананы, што ёсьць дастаткова падставаў, каб упісваць Аршанскую бітву ў топ-10 падзей у вайсковай гісторыі Беларусі. З нагоды чарговай гадавіны бітвы гісторык расказаў Свабодзе пра асобаў і фактары, дзякуючы якім саюзьніцкія войскі ВКЛ і Польшчы разьбілі Маскву.

Два вайсковыя фактары, якія паўплывалі на перамогу

  • Гэта быў рэдкі на той час выпадак, калі на полі бою ўдалося дамагчыся крытычнага зладжаньня паміж рознымі родамі войскаў, да таго ж з розных краін. Там быў польскі кантынгент, была земская служба ВКЛ, была пяхота, была артылерыя, была кавалерыя. Усё гэта павінна было дзейнічаць у адзіным канцэрце. І там гэта дзейнічала.
  • Па-майстэрску была выкарыстаная пяхота з агнястрэльнай зброяй. Асабліва пры тым, што гэтая пяхота супрацьстаяла арміі конных лучнікаў-маскавітаў. Хуткастрэльнасьць лука ў той час была ў некалькі разоў большая, чым хуткастрэльнасьць ручніцаў, якімі была ўзброеная пяхота ВКЛ і Польшчы. Лічылася, што такую зброю цяжка прымяніць пасьпяхова супраць конных лучнікаў. А тут якраз той выпадак, калі атрымалася. Гэта вялікая заслуга палкаводца Канстанціна Астроскага.

Але там быў ня толькі Астроскі

Паспалітае рушэньне ВКЛ налічвала тысячы чалавек. Алесь Казакоў упэўнены, што там павінна была існаваць камандная структура. Праўда, крыніцы не захавалі канкрэтнага апісаньня дзеяньняў камандзіраў, якія перамаглі войска Масковіі. Былі там і камандзіры войскаў ВКЛ і Польскай кароны, якімі кіраваў Канстанцін Астроскі. Мы папрасілі Алеся Казакова назваць асноўных зь іх.

Юры Мікалаевіч Радзівіл

(1480–1541)

Юры Радзівіл "Геркулес"
Юры Радзівіл "Геркулес"

«Гэта быў знакаміты чалавек свайго часу. Пасьля сьмерці Канстанціна Астроскага ён заняў пасаду найвышэйшага гетмана Вялікага Княства Літоўскага. То бок заняў найвышэйшую вайсковую пасаду. Ён, безумоўна, валодаў ваенным талентам, шмат адзначыўся ў ваенных кампаніях і паходах. І да Аршанскай бітвы, і пасьля яе. Ён камандаваў войскам ВКЛ у Старадубскай вайне 1534–1537 гадоў. Што тычыцца яго ўдзелу ў Аршанскай бітве, то тут крыніцы не адназначныя. Ёсьць крыніцы, якія кажуць, што Юры Радзівіл узначальваў усю літоўскую частку войска, бо мы ведаем, што войска складалася з польскай і літоўскай часткі. Больш верагодна, што Юры Радзівіл у той час камандаваў корпусам літоўскіх дваран. Гэта быў асобны вайсковы аддзел, які ў часе кампаніі 1514 году налічваў каля 1000 чалавек і браў удзел у Аршанскай бітве. Некалькі разоў ён узгадваецца ў крыніцах з тытулам — гетман дваранскі. Верагодней за ўсё, падчас бітвы ён выконваў гэтую ролю — узначальваў Корпус літоўскіх дваран», — кажа Казакоў.

Лічыцца, што Юры Радзівіл здабыў перамогу ў 30 бітвах. Менавіта з гэтай прычыны ён атрымаў мянушку «Геркулес». Часам яго называлі Віктар, то бок пераможца.

Іван Сямёнавіч Сапега

(каля 1450–1517)

Іван Сямёнавіч Сапега
Іван Сямёнавіч Сапега

Іван Сапега быў вялікалітоўскім дзяржаўным дзеячом і дыпляматам. У тым ліку браў удзел у пасольствах у Маскву, да і пасьля Аршанскай бітвы. У 1512 вёў перамовы ў Каралеўстве Польскім з кароннай радай пра дапамогу ў вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522).

«Крыніцы кажуць, што за некалькі дзён да бітвы Іван Сапега разьбіў нейкі атрад маскавітаў у баі на рацэ Дрові (цяпер — р. Адроў) 1 верасьня», — гаворыць Алесь Казакоў.

Гетман Януш Сьвярчоўскі

(каля 1460–1529)

«Гетманам ён называўся ў якасьці камандзіра войска, афіцыйнай пасады гетмана ён не займаў. Ён камандаваў уласна польскім войскам. Ён быў вядомай асобай у Польшчы, адзначыўся службай пры двары, займаў розныя пасады. Вядома таксама, што ён аднойчы выконваў дыпляматычную місію ў Асманскую імпэрыю ў 1511–1512 гадах. У Аршанскай бітве ён камандаваў польскімі аддзеламі і браў у ёй удзел і сам, пад камандаваньнем гетмана Канстанціна Астроскага», — кажа гісторык.

Войцех Сампаліньскі

(1460–1529)

«У бітве пад Воршай ён узначальваў польскую надворную харугву. Важна ня блытаць гэтую харугву зь літоўскімі дваранамі, часам гэта робяць нават прафэсійныя гісторыкі. Як адзначаюць некаторыя крыніцы, Войцех Сампаліньскі, не чакаючы Астроскага, узяў на сябе ініцыятыву і атакаваў сілу маскавітаў, якая спрабавала абысьці войска Астроскага зь левага флянгу. Дзякуючы гэтаму ён перашкодзіў гэтаму манэўру», — кажа Алесь Казакоў.

Ян Тарноўскі

(1488–1561)

Ян Тарноўскі
Ян Тарноўскі

«Ёсьць больш позьняя традыцыя, якая прыпісвае камандную ролю Яну Тарноўскаму. Пазьней ён стаў вядомым польскім палкаводцам, аўтарам ваеннага трактату і вялікім каронным гетманам. Але ў часы Аршанскай бітвы ён быў, відаць, звычайным ротмістрам. Праўда, у сьпісе ротмістраў Аршанскай бітвы яго няма, але тое, што ён удзельнічаў у кампаніі, пацьвярджаецца дакумэнтальна. Камандную ролю яму прыпісвае, напрыклад, у панэгірыку „На сьмерць Тарноўскага“ вядомы тагачасны польскі публіцыст Ажахоўскі. Позьняя традыцыя прыпісвае Тарноўскаму камандаваньне ўсёй польскай моладзьдзю, якая добраахвотна пайшла ў гэты паход. Але наяўнасьць вялікага атраду моладзі — пад пытаньнем. Гэта вельмі падобна да прыгожай рыцарскай легенды. Маўляў, маладыя людзі з багатых сем’яў пайшлі адважна ваяваць супраць барбараў», — лічыць Казакоў.

Крыніцы захавалі і імя чалавека, які кіраваў інжынэрамі, што будавалі пантонную пераправу ў таемным месцы, празь якую Астроскі пераправіў асноўную частку войска з правага берага Дняпра на левы. Гэта быў Ян Башта. Мы ведаем ягонае імя дзякуючы каралеўскаму прывілею, які захаваўся. Гэты прывілей быў менавіта за заслугі ў Аршанскай бітве.

Гарматы на тым самым масьце
Гарматы на тым самым масьце

«Пераправа праз раку ў той час была вельмі складаным лягістычным манэўрам у блізкасьці ад непрыяцеля, які быў гатовы перашкодзіць пераправе. Трэба было знайсьці месца і быць упэўненым, што вораг будзе няздольны там замінаць. Трэба было захаваць гэта ў таямніцы і пасьпяхова пераправіць праз паўнаводную раку войска. Войскі пераходзілі па вялізных памостах, пастаўленых на плывучыя бочкі альбо чаўны», — расказвае Казакоў.

Яшчэ менш, чым пра камандзіраў, вядома пра герояў бітвы. Ёсьць крыніцы, якія кажуць, што двое маладых знатных польскіх паноў уехалі ў гушчу маскавітаў, мужна біліся і загінулі. І гэта фактычна ўсё, што можна сказаць пра дзеяньні асобных людзей падчас Аршанскай бітвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG