Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская тэнісістка Касьцюк адмовілася паціскаць руку беларусцы Азаранцы на чэмпіянаце US Open


Марта Касьцюк, архіўнае фота
Марта Касьцюк, архіўнае фота

Украінская тэнісістка Марта Касьцюк ня стала абменьвацца традыцыйным поціскам рукі са сваёй суперніцай Вікторыяй Азаранкай зь Беларусі пасьля заканчэньня матчу ў другім крузе Адкрытага чэмпіянату ЗША.

Замест таго, каб паціснуць руку суперніцы пасьля заканчэньня матчу ўкраінская тэнісістка пачакала яе каля сеткі з паднятай у руках ракеткай, якую Азаранка закранула сваёй ракеткай.

Паводле самой Касьцюк, перад матчам яна адправіла Азаранцы SMS, у якой папярэдзіла яе, што звыклага поціску рукі на корце ня будзе.

«Я проста ня думаю, што гэта правільна рабіць у тых абставінах, у якіх я зараз знаходжуся. Я ня ведаю ніводнага чалавека, які б публічна асуджаў вайну і дзеяньні іх ураду, таму я не адчуваю, што магу такое падтрымаць», — сказала Касьцюк на прэс-канфэрэнцыі пасьля матчу, піша tennis.com.

«Зь некаторымі зь іх у мяне былі асабістыя адносіны, але яны да мяне нават не падышлі. А ў некаторых вельмі шмат заўзятараў, якія на іх раўняюцца. Але яны не выкарыстоўвалі свагёй плятформы, каб пашырыць правільны пасыл, што яны не падтрымліваюць вайны», — патлумачыла ўкраінская тэнісістка.

Паводле Касьцюк, яна ня мае ніякай непрыязнасьці да Азаранкі асабіста, аднак у той вялікі ўплыў па-за межамі тэнісу, у Беларусі, і яна «магла б зрабіць больш».

Азаранка, у сваю чаргу, сказала на прэс-канфэрэнцыі, што не была зьдзіўленая ўчынкам Марты Касьцюк, аднак ня лічыць гэта такой «важнай гісторыяй».

«Калі ў сакавіку ўсё здарылася, я зьвязалася з усімі ўкраінскімі гульцамі, зь якімі ў мяне ёсьць асабістыя адносіны. Але я не хачу навязвацца тым, хто можа не хацець са мной размаўляць, — сказала Азаранка. — Мне падаецца, у мяне з самага пачатку быў вельмі выразны пасыл аб гатоўнасьці дапамагаць, што я і зрабіла зь лішкам. Можа, не голасна. Але я і не для таго гэтым займаюся. Я дапамагаю тым, каму патрэбна дапамога: юніёрам, у якіх няма адзеньня, людзям, якім патрэбны грошы ці транспарт. Для мяне важна дапамагаць тым, хто мае патрэбу.

Калі Марта захоча са мной пагаварыць, я гатовая, — дадала яна. — Я заўсёды гатова выслухаць, паспрабаваць зразумець. Я лічу, што цяпер найважнейшае — спагада. Сытуацыя ў сьвеце вельмі складаная, але нельга забываць, што мы ўсе людзі і павінны ставіцца адно да аднаго па-чалавечы».

Азаранка перамагла Касьцюк у двух згуляных сэтах.

Марта Касьцюк, якая займае 65-ы радок у сусьветным рэйтынгу гульцоў, з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну рэгулярна выступае з асуджэньнем вайны і імкнецца прыцягнуць увагу да наступстваў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У красавіку яна разам зь іншымі ўкраінскімі гульцамі заклікала забараніць расейскім і беларускім тэнісістам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, калі яны не пагодзяцца публічна асудзіць вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG