Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Казахстану прапанаваў правесьці нечарговыя прэзыдэнцкія выбары, абвясьціў амністыю


Касым-Жамарт Такаеў
Касым-Жамарт Такаеў

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў правесьці нечарговыя прэзыдэнцкія выбары ўвосень 2022 году.

Аб гэтым ён сказаў падчас свайго пасланьня.

Чарговыя выбары прэзыдэнта павінны адбыцца ў 2024 годзе. Паводле Такаева, ён гатовы скараціць тэрмін сваіх паўнамоцтваў і пайсьці на датэрміновыя выбары.

«Я шмат думаў і прыйшоў да высновы, што неабходна перагледзець колькасьць і працягласьць тэрміну паўнамоцтваў прэзыдэнта. Я рэкамэндую абмежаваць тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў адным тэрмінам у 7 гадоў. Перавыбраньне будзе забаронена», — заявіў Касым-Жамарт Такаеў.

Выбары ў ніжнюю палату парлямэнту ён прапанаваў правесьці ў першай палове 2023 году.

Прэзыдэнт Казахстану таксама заявіў аб амністыі для ўдзельнікаў студзеньскіх пратэстаў. Але яна ня будзе распаўсюджвацца на тэрарыстаў і экстрэмістаў.

Пятага чэрвеня 2022 году ў Казахстане быў праведзены рэфэрэндум адносна паправак да Канстытуцыі. Гэта быў першы выпадак у гісторыі краіны, калі зьмены ў асноўны закон уносіліся шляхам правядзеньня агульнанацыянальнага галасаваньня. Акрамя пераходу ад супэрпрэзыдэнцкай формы кіраваньня да прэзыдэнцкай з моцным парлямэнтам, у Канстытуцыю ўнесьлі новую норму — сваякам прэзыдэнта з гэтага часу забаронена займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Палажэньне пра асаблівую ролю першага прэзыдэнта выключылі з Канстытуцыі. Апроч гэтага, зьявіўся пункт, паводле якога зямля і яе нетры перайшлі ва ўласнасьць народу. Заснавалі Канстытуцыйны суд. Папраўкі ўступілі ў сілу з моманту абвяшчэньня вынікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG