Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Moderna абвінаваціла Pfizer і BioNTech у капіяваньні тэхналёгіі стварэньня вакцыны ад COVID-19 і падала ў суд


Вакцыны Moderna і Pfizer/BioNTech супраць COVID-19
Вакцыны Moderna і Pfizer/BioNTech супраць COVID-19

Амэрыканская фармацэўтычная кампанія Moderna падала ў суд на свайго канкурэнта Pfizer і яго нямецкага партнэра BioNTech за парушэньне патэнтных правоў пры распрацоўцы вакцыны супраць COVID-19.

Moderna сьцьвярджае, што яны скапіявалі яе тэхналёгію, распрацаваную за гады да пандэміі каранавірусу, піша Reuters.

Пазоў аб кампэнсацыі грашовага ўрону быў пададзены ў акруговы суд ЗША, таксама Moderna зьвернецца ў суд Нямеччыны. Па словах гендырэктара кампаніі, пазовы накіраваныя на абарону інавацыйнай тэхналёгіі, якую Moderna пачала распрацоўваць у 2010 годзе, уклала ў гэта мільярды даляраў і запатэнтавала задоўга да пандэміі COVID-19. Менавіта дзякуючы гэтай тэхналёгіі кампанія змагла хутка стварыць вакцыну супраць каранавірусу.

У сваіх пазовах Moderna патрабуе выплаты роялці (від ліцэнзійнай узнагароды, пэрыядычная грашовая кампэнсацыя за выкарыстаньне патэнтаў — РС) ад камэрцыйнай рэалізацыі вакцыны Pfizer / BioNTech пасьля 8 сакавіка 2022 году, за выключэньнем продажаў ураду ЗША і краінам зь нізкім і сярэднім узроўнем даходу.

Адзначаецца, што Moderna падала пазоў толькі цяпер, бо ў кастрычніку 2020 году абавязалася не абараняць свае патэнты падчас пандэміі, каб забясьпечыць глябальны доступ да вакцынаў. Кампанія не патрабуе забароны на продаж вакцыны канкурэнтаў і ня мае намеру распаўсюджваць дзеяньне свайго патэнта на краіны зь нізкім і сярэднім узроўнем даходу.

Pfizer і BioNTech заявілі, што іх распрацоўка арыгінальная — яны ўпэўненыя ў сваёй інтэлектуальнай уласнасьці і будуць абараняцца ад абвінавачаньняў. Раней падобныя пазовы да Pfizer, BioNTech і Moderna падалі іншыя фармацэўтычныя кампаніі.

Вакцыны супраць каранавірусу Moderna і Pfizer/BioNTech зьявіліся амаль адначасова. Аднак дазвол на экстранае выкарыстаньне ў ЗША першай атрымала вакцына Pfizer / BioNTech — у сьнежні 2020 году. Такі ж дазвол было выдадзены кампаніі Moderna праз тыдзень.

Рэалізацыя вакцыны ў 2022 годзе ўжо прынесла Pfizer каля 22 мільярдаў даляраў, у той час як Moderna атрымала амаль у два разы менш — 10,4 мільярда даляраў.

Вакцыны Moderna і Pfizer/BioNTech не зарэгістраваныя ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG