Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньняў украінскай Сацыялягічнай групы «Рэйтынг»: у красавіку мінулага году да беларусаў ставіліся холадна толькі 4% апытаных украінцаў, у красавіку 2022 году — 33%, у жніўні — 52%.
Пра прычыны і наступствы такой дынамікі паразважаў на партале «Зеркало» Юры Дракахруст.
Дадзеныя «Рэйтынгу» блізкія да вынікаў, атрыманых іншым украінскім дасьледчым цэнтрам — Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі (КМІС). У травеньскім апытаньні 68% украінцаў паведамілі, што з пачатку поўнамаштабнай вайны іх стаўленьне да беларусаў пагоршылася. Праўда, пры гэтым толькі 48% апытаных сказалі, што ставяцца да беларусаў дрэнна, а 44% — што добра.
48% нэгатыўнага стаўленьня ў апытаньні КМІС у траўні, 52% такога ж стаўленьня ў «Рэйтынгу» ў жніўні — гэта практычна аднолькавыя паказьнікі.
На першы погляд, пагаршэньне стаўленьня пасьля першага этапу ваенных дзеяньняў не зусім вытлумачальнае. У лютым-сакавіку з тэрыторыі Беларусі дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў нападалі на прымежныя вобласьці Ўкраіны, у тым ліку і на Кіеў, менавіта тады была найбольшая інтэнсіўнасьць ракетных абстрэлаў і авіяналётаў на Ўкраіну зь беларускай зямлі.
З канца сакавіка сухапутныя напады на Ўкраіну з Беларусі спыніліся, была паўза ў ракетных і авіяўдарах да чэрвеня, калі яны аднавіліся і працягваюцца да гэтага часу.
Аднак пагроза часам мацнейшая за выкананьне. Ані заявы беларускіх уладаў, ані зьвесткі пра дысьлякацыю расейскіх войскаў і тэхнікі ў Беларусі ня сьведчылі аб тым, што паўтарэньня нападаў ня будзе. Каскад вучэньняў беларускіх Узброеных сілаў у прымежных з Украінай абласьцях, агрэсіўная антыўкраінская рыторыка і Лукашэнкі, і беларускай прапаганды фармавалі ва ўкраінцаў адчуваньне штораз мацнейшай пагрозы, прычым пагрозы ня толькі паўтарэньня расейскіх нападаў, але і ўступленьня ў вайну беларускай арміі.
Традыцыйна ўкраінскія сацыёлягі фіксуюць рознае стаўленьне да палітычных пытаньняў усходу і захаду краіны. Па словах кіраўніка «Рэйтынгу» Аляксея Анціповіча, у дачыненьні да Беларусі і да беларусаў водападзел ацэнак іншы — поўнач-поўдзень. Чым бліжэйшы рэгіён Украіны да беларускай мяжы, тым горшае ў ім стаўленьне да беларусаў. Менавіта ў гэтыя рэгіёны ляцелі і ляцяць расейскія ракеты зь беларускай зямлі, менавіта па гэтых абласьцях будзе першы ўдар расейскай, а магчыма, і беларускай арміі ў выпадку новага сухапутнага ўварваньня з поўначы.
У Беларусі даволі распаўсюджанае «асьветніцкае» тлумачэньне пагаршэньня стаўленьня ўкраінцаў да беларусаў: маўляў, паўднёвыя суседзі ня ведаюць, не разумеюць Беларусь, колькі гадоў у іх Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам. Гэтае тлумачэньне як мінімум недастатковае. Масамі рухаюць ня столькі веды і рацыё, колькі жарсьці і каштоўнасьці. Гэта і ў мірны час так, а тым больш у час вайны.
Наўрад ці жыхары поўначы Ўкраіны істотна меней дасьведчаныя ў палітычных пэрыпэтыях паўночнай суседкі, чым жыхары ўкраінскага поўдня. Проста на поўначы мацнейшае адчуваньне пагрозы, а яна на стаўленьне ўплывае куды больш істотна, чым любое веданьне ці няведаньне. І чым мацнейшае адчуваньне пагрозы, тым горшае стаўленьне да народу, які насяляе зямлю, зь якой гэтая пагроза паходзіць.
Са справаздачы пра жнівеньскае апытаньне «Рэйтынгу» вынікае, што адносна цяплейшае стаўленьне да беларусаў у апытаных сярэдняга ўзросту — 36–51 год, а ў моладзі і рэспандэнтаў сталага веку яно прыкладна аднолькава халоднае. Зрэшты, адрозьненьні невялікія і балянс ацэнак адмоўны ва ўсіх узроставых групах.
Паводле апытаньня, расейскамоўныя ўкраінцы ставяцца да беларусаў крыху цяплей, чым украінамоўныя, хоць і тут балянс ацэнак у абедзьвюх групах адмоўны.
Ці можна сказаць, што ўкраінцы сярэдняга ўзросту і расейскамоўныя больш ведаюць пра пратэсты 2020 году ў Беларусі, пра «рэйкавых партызанаў» і пра полк Каліноўскага, пра дзясяткі беларусаў, кінутых за краты за антываенныя пратэсты? Гэта ні з чога не вынікае. Веданьне або няведаньне аб палітычных рэаліях Беларусі, — безумоўна, фактар, які вызначае стаўленьне да паўночных суседзяў, але фактар гэты не вырашальны.
Не ваюе беларускае войска на ўкраінскай зямлі — вось таму стаўленьне да беларусаў і лепшае, чым да расейцаў. Ня ўсеяныя вуліцы беларускіх гарадоў знакамі Z і V, не дэкляруюць вядомыя беларускія дзеячы культуры прыхільнасьць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» — у выніку стаўленьне да беларусаў не такое кепскае, якім магло б быць.
Цікавыя суадносіны ацэнак у травеньскім апытаньні КМІС: 68% сказалі, што іх стаўленьне да беларусаў пагоршылася, але толькі 48% паведамілі, што яно ў іх кепскае. Гэта значыць, у пятай часткі ўкраінцаў яно пагоршылася, але не настолькі, каб стаць кепскім.
Жнівеньскае, як і папярэдняе красавіцкае, апытаньне «Рэйтынгу» паказала, што стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў лепшае, чым да расейцаў, але горшае, чым да жыхароў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР» і Крыму.
Гэта пры тым, што жыхары гэтых тэрыторый ваююць супраць Украіны, а беларускае войска — не. Але для ўкраінскай масавай сьвядомасьці гэтыя тэрыторыі акупаваныя, а Беларусь — не, у Крыме, у Данецку і Луганску жывуць у некаторым сэнсе свае, такія ж украінцы, а беларусы — не свае і ўжо напэўна не ўкраінцы.
Гэтыя ўяўленьні — не ўсеагульныя, але дамінантныя, і яны вызначаюць стаўленьне.
У Беларусі існуе думка, што рэзкае пагаршэньне стаўленьня ўкраінцаў да беларусаў тлумачыцца інфармацыйнай палітыкай Кіева, а кажучы папросту, украінскай прапагандай. Але, па-першае, інфармацыйны парадак дня ва Ўкраіне ў гэтым пытаньні нельга назваць сфакусаваным. Пра віну Лукашэнкі гаворыцца наўпрост і недвухсэнсоўна, пра дзяржаву Беларусь як пра суагрэсара — таксама. А вось у пытаньні адказнасьці народу, людзей такой адназначнасьці няма — на слова аб віне прыпадае слова аб невінаватасьці, аб антываенных настроях у Беларусі і ў беларускай арміі ў тым ліку.
А па-другое, прапаганда можа ўзмацняць устаноўкі, яна іх заўсёды эксплюатуе, але яна іх не стварае. І першаснае ў дадзеным выпадку масавае, народнае стаўленьне. А ягоны мэханізм просты і нязьменны з пачатку існаваньня чалавецтва: ваша племя дапамагае іншаму нападаць на наша — вы вінаватыя. Як бачым па дадзеных апытаньняў, такое стаўленьне не ўсеагульнае, але шырока распаўсюджанае.
Згодна са згаданым вышэй травеньскім апытаньнем КМІС, 83% украінцаў лічаць Беларусь саўдзельніцай ваеннага канфлікту ва Ўкраіне.
І хэйт украінцаў у дачыненьні да беларусаў у сацыяльных сетках — гэта ня толькі праца расейскіх троляў, ня толькі выбухі эмоцый неўраўнаважаных карыстальнікаў, гэта і адлюстраваньне масавага нэгатыўнага стаўленьня, прычым такога, якое стала нэгатыўным вельмі хутка.
А ў беларусаў ацэнкі іншыя. У травеньскім апытаньні Беларускай аналітычнай майстэрні 62% апытаных беларусаў адказалі, што іх краіна не зьяўляецца ўдзельніцай ваеннага канфлікту ва Ўкраіне. Матывацыі такіх ацэнак розныя — ад «я вам пакажу, адкуль ва Ўкраіне рыхтавалі напад на Беларусь» да «Лукашэнка нелегітымны, гэта яго вайна, беларусы ні пры чым». Аднак фактам зьяўляюцца практычна люстэркава супрацьлеглыя адказы двух грамадзтваў нават на гэтае «простае» пытаньне.
Што рабіць у такой сытуацыі канфлікту масавых сьвядомасьцяў двух народаў? Мабыць, адказ — не распальваць агонь узаемнай нянавісьці, не раскручваць сьпіраль яе эскаляцыі. Цяперашняя нелюбоў украінцаў да беларусаў наўрад ці можа хутка вярнуцца да ранейшых сымпатыяў. Думаю, што і беларусы наўрад ці могуць зараз скінуць Лукашэнку і спыніць расейскую агрэсію. Яны нават наўрад ці гатовыя да ўсеагульнага пакаяньня перад украінцамі.
Але прынамсі не паглыбляць прорву, якая пралегла паміж беларускім і ўкраінскім народамі — гэта пад сілу кожнаму.