Агенцтва Bloomberg піша, што такое палажэньне ўтрымліваецца ў кампраміснай прапанове, накіраванай на зьмякчэньне рознагалосьсяў дзяржаў-членаў ЭЗ адносна таго, наколькі далёка павінны заходзіць абмежаваньні.
Паводле слоў міністра замежных спраў Яна Ліпаўскага, урад Чэхіі, які цяпер старшынюе ў ЭЗ, прапануе цалкам прыпыніць дзеяньне пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму з Расеяй і Беларусьсю на сустрэчы міністраў замежных спраў у Празе на наступным тыдні.
Гэты крок не адпавядае забароне для турыстаў, да якой заклікаюць члены, у тым ліку Эстонія, у адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Прапанова Чэхіі па-ранейшаму дазволіць расейцам і беларусам падаваць заяўкі на кароткатэрміновы ўезд. Але гэта павялічыць час апрацоўкі візаў, запатрабуе больш дакумэнтацыі і павысіць выдаткі да 80 зь цяперашніх 35 эўра.
Нямеччына ўваходзіць у лік краін, якія адмовіліся ад усеагульных візавых абмежаваньняў. На такіх абмежаваньнях настойваюць краіны Балтыі, якія скардзяцца на прыток расейскіх турыстаў гэтым летам пасьля таго, як у ліпені Масква зьняла ковідныя абмежаваньні. На гэтым тыдні Ліпаўскі прызнаў, што меркаваньні дзяржаў-членаў па гэтым пытаньні падзяліліся.
«Атрыманьне эўрапейскай турыстычнай візы — гэта прывілей, а ня права чалавека», — заявіла ў чацьвер журналістам у Таліне прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас, заявіўшы, што забарона ў першую чаргу закране расейскую «эліту», якая прыяжджае з Масквы і Санкт-Пецярбургу. «Гэта людзі, якія маюць большы ўплыў на кіруючы рэжым», — сказала Калас.
Афіцыйныя асобы чакаюць жорсткіх дэбатаў у Празе наконт маштабаў абмежаваньняў, бо Нямеччына, Аўстрыя і паўднёвыя краіны ЭЗ, верагодна, будуць супраціўляцца. Адзін чыноўнік сказаў, што поўнае прыпыненьне дзеяньня пагадненьня аб спрашчэньні фармальнасьцяў было першым неабходным крокам, але Эстонія хацела б, каб на ўзроўні ЭЗ было зроблена больш.
Мы не выступаем за прамую забарону, павінны быць гуманітарныя выключэньні, напрыклад, наведваньне членаў сям’і, блізкіх сваякоў. Мяжа таксама будзе адкрытая для просьбітаў прытулку, дысыдэнтаў, напісала Калас ў Твітэры.
Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль раней на гэтым тыдні заявіў, што забарона на ўезд для ўсіх расейцаў — «ня вельмі добрая ідэя», адзначыўшы, што многія грамадзяне Расеі хочуць пакінуць сваю краіну. Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц у гэтым месяцы таксама асудзіў поўную забарону, заявіўшы: «Гэта вайна Пуціна».
Але лідэры на паўночным усходзе ЭЗ занялі больш жорсткую пазыцыю. У сувязі са спыненьнем палётаў паміж Расеяй і ЭЗ улады рэгіёну сталі сьведкамі таго, як расейскія падарожнікі перасякаюць мяжу па сушы ў Фінляндыю, Эстонію і Латвію. Многія зь іх уяжджаюць па візах, выдадзеных іншымі дзяржавамі-сябрамі ЭЗ.
Бязьвізавая прастора Шэнгенскай зоны адкрывае доступ да ўсяго блёку. Таму ўрады краін Балтыі абдумваюць, як заблякаваць уезд грамадзянам Расеі, што прыяжджаюць па шэнгенскіх візах, выдадзеных іншымі эўрапейскімі краінамі. Улады Чэхіі, Даніі і Польшчы таксама заклікалі да ўзмацненьня жорсткасьці абмежаваньняў.
Міністры замежных спраў ЭЗ у Празе ня будуць рабіць афіцыйных высноў, бо любое рашэньне дасьць палітычны імпульс для афіцыйнай прапановы ЭЗ. Якія-небудзь цьвёрдыя захады ня будуць прынятыя яшчэ на працягу некалькіх тыдняў.
Лідэры краін Балтыі ўжо далі зразумець, што могуць настойваць на рэгіянальнай забароне на выдачу расейцам візаў, калі ЭЗ ня дасьць цьвёрдай рэакцыі. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа адпрэчыў ідэю аб тым, што ўварваньне не павінна ўскладацца на расейскі народ.
«Сёньня мы падманваем сябе, што гэта вайна Пуціна і расейскі народ ня мае да яе ніякага дачыненьня, — сказаў Наўседа журналістам у Вільні ў сераду. — На жаль, гэта ня так, расейскі народ падтрымлівае вайну».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.