Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сабакам у цягніку месца знайшлося, а нам, цыганам, — не». З чым сутыкаюцца на мяжы некаторыя ўцекачы з Украіны


Польскі горад Пярэмышль ад пачатку вайны бачыў ужо мільёны ўцекачоў. На працягу апошніх шасьці месяцаў мясцовы вакзал працуе як перавалачная база для тых, хто ўцякае ад вайны. Два месяцы таму наш карэспандэнт назіраў за сытуацыяй у Пярэмышлі. Цяпер зноў вярнуўся туды. Што зьмянілася?

«Зьмянілася ўсё — толькі ў горшы бок»

За два месяцы маёй «адсутнасьці» на вакзале ў Пярэмышлі шмат зьменаў. Для ўцекачоў найчасьцей — ня ў лепшы бок. Больш няма бясплатных цягнікоў, якія накіроўваюцца ў польскія гарады. Няма бясплатных аўтобусаў у эўрапейскія краіны. Застаўся адзіны бясплатны эвакуацыйны цягнік на нямецкі Гановэр — ён ходзіць раз на два дні, і бясплатныя аўтобусы на Варшаву і Львоў.

Не відаць больш намётаў World Central Kitchen — арганізацыі, якая раней нон-стоп карміла ўцекачоў. Зь бясплатнага засталіся гарбата, вада, сродкі гігіены. Адмянілі і бясплатны аўтобус з памежнага пераходу да чыгуначнага вакзалу. Цяпер людзі, якія без капейкі грошай трапляюць пешкі ў Польшчу, могуць разьлічваць толькі на дапамогу валянтэраў. Але візуальна і іх тут менш, чым раней.

Дарэчы, беларусы, якія тут служаць валянтэрамі ад сакавіка, на месцы. Яны арганізавалі «свой» пункт прыёму ўцекачоў на мяжы, закупілі ложкі і бялізну, даюць магчымасьць людзям пераначаваць. Таксама са сваіх сродкаў стараюцца накарміць іх. Але магчымасьці ў беларусаў абмежаваныя. Сотні ўцекачоў мусяць шукаць сабе дах над галавой самастойна.

На вакзале ў польскім Пярэмышлі
На вакзале ў польскім Пярэмышлі

Раней пераначаваць можна было ў цэнтры прыёму ўцекачоў у былым гандлёвым цэнтры Tesko. Цяпер такая магчымасьць тэарэтычна таксама застаецца. Але калі Tesko «перайшло пад кантроль» Чырвонага Крыжа, умовы прыёму ўцекачоў зьмяніліся. Прэтэндаваць на ложак могуць толькі тыя, хто першы раз прыбыў з Украіны пасьля 24 лютага і «падпадае пад крытэры».

Для прыёму ўцекачоў уведзены новыя правілы, яны непублічныя. Іх мне перадалі валянтэры. Цяпер пункт прыёму зьмяшчае 160-200 чалавек (раней магло быць і 1500).

Знаходзіцца тут можна максымальна 48 гадзін. Украінцаў бяруць пры наяўнасьці замежных пашпартоў. Людзей з расейскімі і беларускімі пашпартамі не прымаюць.

Асобны пункт: «Цыганы прымаюцца, калі адпавядаюць крытэрам рэгістрацыі». Людзі з абмежаванымі магчымасьцямі жывуць асобна, іх суправаджальнікі — асобна.

У валянтэраў такія правілы выклікаюць абурэньне. Бо рэгістрацыя ўцекачоў у Tesko значна запаволілася, людзям могуць адмовіць у месцы, спасылаючыся, што «усё занята».

«Цягнік на Гановэр паехаў без цыганоў»

На вакзале шмат цыганоў. Большасьць ня мае грошай, ежы. Многія зь іх ляжаць на падлозе вакзалу, абляпілі закуткі вакол яго, сядзяць на брукаванцы.

«Я суткі ня ела, толькі гарбату піла», — скардзіцца адна.

«Нічога, мы патрываем, нам галоўнае — на Гановэр зьехаць, там нашы нас сустрэнуць», — суцяшае яе іншая. Іхная надзея — цягнік на Гановэр. Але 21 жніўня большасьць з тых, з кім мы 23 жніўня размаўлялі, на цягнік ня трапілі. Іх папросту не ўзялі.

«Да нас, цыганоў, тут такое стаўленьне! Раней цягнік на Гановэр выдзяляў адзін вагон для цыганоў. Гэтага мала, усе не маглі сесьці. Але хоць нехта выяжджаў! Куды нам дзявацца — у нас ні грошай, ні ежы. На цягнік 21 жніўня нас, цыганоў, папросту не ўзялі. Таму што той вагон, „цыганскі“, аддалі сабакам і катам і іхным гаспадарам. Нам жа сказалі — усё, няма месца. Выходзіць, мы горшыя за сабак? Ім сабак шкада, а маю ўнучку, ёй два месяцы, нікому не шкада?», — кажа пажылая цыганка і дэманструе малое дзіця на руках.

Гісторыю пра тое, як адзіны «цыганскі» вагон аддалі пад сабак і катоў, нам паўтарылі на вакзале дзясяткі цыганоў, якія засталіся тут з 21 жніўня да 23-га — чакаць чарговы цягнік на Гановэр, спрабаваць зьехаць.

«Нас ноччу выгналі з вакзалу, зь дзецьмі. Ішоў дождж, мы моклі. За што нашы дзеці так пакутуюць? Выехалі ад ракет, каб нашых дзяцей там не забілі, цяпер што — тут намокнуць і захварэць? Мы прасіліся, маліліся, каб нас пусьцілі назад у вакзал! У нас і немаўляты на руках, і хлопчык з ДЦП. Ну добра, што мы ўмалілі іх і нас пусьцілі ў вакзал», — расказвае цыганка Дыяна.

«Стаяць, два крокі назад!»

Цягнік на Гановэр адпраўляецца у 22:00. У 19:00 на пэроне ўжо натоўп ахвотных зьехаць. «Возьмуць — не возьмуць? Што рабіць, каб нас узялі?», — людзі з такімі пытаньнямі кідаюцца да супрацоўнікаў вакзалу, да валянтэраў. Людзей шмат, вагонаў толькі чатыры. Адзін для людзей з інваліднасьцю, адзін — для маці з малымі дзецьмі, адзін — для гаспадароў хатніх гадаванцаў. Ёсьць магчымасьць, што некаторыя цыганы ўсё-ткі выедуць.

З вуснаў у вусны перадаюцца розныя плёткі і «новыя правілы». Цяпер у ахвотных паехаць у Нямеччыну правяраюць украінскую прапіску. «У нас прапіска ў Адэсе, нам сказалі адразу, што ня возьмуць, бо, сказалі, у вас не страляюць, едзьце дахаты», — з роспаччу кажа бабуля таго самага двухмесячнага ўнука. Яна мае пасьведчаньне інваліда, але яно ня стала «шчасьлівым квітком», каб трапіць у цягнік.

Валянтэры, пазьней — служба аховы, паліцыя і вайскоўцы падзялілі людзей на чатыры групы, па колькасьці вагонаў. Але гэта не гарантуе, што ўсе паедуць. Наперадзе сэлекцыя. Інваліды, зь немаўлятамі, з сабакамі...

Сёньня зьявілася «новаўвядзеньне» — прыярытэт будуць мець тыя, хто мае на сабе белыя паскі. Гэта значыць, тыя, хто начаваў у Тesko. Тыя ж, хто начаваў на вакзале, мусіць, у вагоны ня трапяць. Пра «людзей зь белымі паскамі» клапаціўся на пэроне Чырвоны Крыж (цяпер жа Tesko пад імі). Больш шанцаў трапіць на цягнік у тых, хто ня здолеў гэта зрабіць два дні таму і каго сфатаграфавалі валянтэры і далі адмысловую налепку. Тыя з цыганоў, хто толькі сёньня прыехалі ды яшчэ і прапісаныя не ў гарачых пунктах, наўрад ці маюць шанец на цягнік.

Ужо больш за дзьве гадзіны людзі цярпліва стаяць на пэроне, чакаюць «загрузку». Падыходзіць паліцыя, вайскоўцы — «для парадку». Яны не даюць узьнікнуць хаосу і гвалту. Бо знэрваваныя людзі спрабуюць прабіцца ў цягнік. «Два крокі назад, два крокі назад!», — гучна і грозна крычыць вайсковец. Людзі адступаюць.

Хатніх гадаванцаў гэтым разам было няшмат, што павялічыла шанцы для цыганоў трапіць у Нямеччыну. Пасьля прыгожых дагледжаных далмацінцаў у вагоне далі месца і цыганам. Па іншых вагонах раскідалі тых «шчасьліўчыкаў», якія мелі белыя паскі пасьля начоўкі ў Tesko.

Пасьля 22:00 цягнік мусіць крануцца. На вакзал расчаравана цягнуцца тыя, хто не прайшоў «сэлекцыі». Адны ідуць чакаць бясплатны аўтобус на Варшаву, іншыя — уладкоўваюцца спаць на падлозе вакзалу разам зь дзецьмі.

«У Варшаве ёсьць цэнтар прыёму ўцекачоў. Але адтуль людзі часам вяртаюцца ў Пярэмышль, бо там умовы ня надта. Дзьве гадзіны стаяць па абед, тэлефон цяжка зарадзіць — вялізныя чэргі ўсюды. Шмат людзей там, цесна», — расказаў адзін з валянтэраў, які папрацаваў і ў Варшаве, і ў Пярэмышлі.

Ноччу на пляцоўцы каля вакзалу застаюцца сядзець на брукаванцы Зарына з двухмесячным сынам і хворай маці, маладыя жанчыны з «ручнымі» дзецьмі, яшчэ некалькі шматдзетных цыганскіх сямей. Чакаюць аўтобус на Варшаву. Адтуль яны будуць спрабаваць «прарвацца» ў Нямеччыну.

«Ішлі пехатой у сьпёку, зваліліся пад дрэвам бязь сілаў»


Па стане на 26 жніўня сытуацыя не зьмянілася. «Чырвоны Крыж» прывёў на цягнік на Гановэр «сваіх шчасьліўчыкаў» — тых, каму ўдалося трапіць на начлег у Tesko. На цягнік саджалі толькі іх. Такім чынам 150 шчасьліўчыкаў, якія «выйгралі лятарэю», паехалі ў Нямеччыну. Астатнія так і будуць ляжаць на вакзальнай падлозе. Бо ў Tesko іх ня возьмуць, як і на цягнік.

Валянтэры знайшлі ў полі, паміж памежным пераходам «Медыка» і Пшэмысьлем дзьве сям'і цыганоў. «Яны апынуліся на Медыцы без капейкі грошай. Ад Медыкі да Пшэмысьля няма бясплатнага транспарту, таму яны вырашылі ісьці пехатой да Пшэмысьля, у сьпёку 30 градусаў. Дзень ня елі, вады і ежы няма, прайшлі тры кілямэтры і зваліліся пад дрэвам бязь сілаў. У іх былі дзьве дзяўчынкі, гадоў 3-4. Яны былі настолькі змучаныя, што не прачнуліся нават тады, калі іх «грузілі» у аўто», распавялі валянтэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG