Часьцей за ўсё іх абвінавачваюць у распаўсюджваньні фэйкаў аб расейскім войску. Гэта вынікае са справаздачы аб рэпрэсіях за паўгода вайны ва Ўкраіне, які падрыхтаваў праваабарончы праект «ОВД-Инфо».
У Маскве і Санкт-Пецярбургу крымінальныя справы завялі на 53 і 36 праціўнікаў вайны адпаведна — гэта амаль 40% усіх фігурантаў антываенных спраў. У анэксаваным Крыме перасьледуюць дзевяцярых праціўнікаў вайны, у Маскоўскай, Новасібірскай абласьцях і ў Рэспубліцы Татарстан у справах фігуруюць па восем чалавек.
Часьцей за ўсё расейцам ставяць у віну распаўсюджваньне фэйкаў аб узброеных сілах Расеі. Цяпер у гэтым абвінавачваюць 90 чалавек. Фэйкамі ўлады лічаць паведамленьні, якія не адпавядаюць пазыцыі Мінабароны РФ, у прыватнасьці — аб гібелі мірных украінцаў у выніку ўдараў расейскіх войскаў. Артыкул пра фэйкі зьявіўся празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны, па ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Па адміністрацыйным артыкуле аб дыскрэдытацыі расейскай арміі, якая таксама зьявілася пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, завялі 3807 справаў. Мінімальны штраф па кожнай зь іх — трыццаць тысяч рублёў (500 даляраў у эквіваленце). У лідэрах па колькасьці спраў — Масква, Санкт-Пецярбург і Краснадарскі край.
Акрамя таго, «ОВД-Инфо» падлічыў, што з пачатку вайны расейцаў затрымлівалі 16 437 разоў за выказваньне антываеннай пазыцыі. Амаль 93% усіх вядомых затрыманьняў прыпала на першы месяц вайны.
Таксама вядома пра як мінімум сем выпадкаў пазасудовага перасьледу людзей, якія выступаюць супраць вайны. У Маскве мужчыну аблілі зялёнкай, стэндап-коміку на канцэрце ў Волагдзе падарылі пахавальны вянок, дзьверы кватэраў адразу некалькіх чалавек сапсавалі абразьлівымі надпісамі.
З пачатку вайны за асьвятленьне вайны ва Ўкраіне, адрознае ад вэрсіі Мінабароны, было заблякавана больш за сем тысяч сайтаў, у тым ліку мэдыяпраекты Радыё Свабода, а таксама іншыя буйныя СМІ, сярод якіх «Медуза», DOXA, «Медиазона».