Папярэдні сэзон ва Ўкраіне завяршыць ня здолелі праз пачатак поўнамаштабнай вайны. Чэмпіёнам аб’явілі данецкі «Шахтар», які ішоў першым у турнірнай табліцы на той момант. Апоўдні 23 жніўня на найбуйнейшым украінскім стадыёне НСК «Алімпійскі» пачнецца новы турнір, у стартавым матчы згуляюць каманды з гарадоў, якія моцна пацярпелі ад расейскіх войскаў — той самы «Шахтар» з акупаванага Данецку і «Мэталіст-1925» з Харкава, які амаль штодня цярпіць ад расейскіх абстрэлаў.
Паводле старшыні Фэдэрацыі футболу Ўкраіны Андрэя Павелкі, пытаньне аб аднаўленьні футбольнага чэмпіянату ўзгаднілі ў пачатку чэрвеня на сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Прэм’ер-лігу ў новым фармаце вырашылі правесьці пры пустых трыбунах і ў гарадах, далёкіх ад фронту. Гаворка ідзе пра Кіеў, сталічную вобласьць, а таксама заходнія рэгіёны, у прыватнасьці Львоўскую і Закарпацкую вобласьці.
Акрамя футбалістаў, трэнэраў і судзьдзяў на стадыёны дапускаюцца абмежаваная колькасьць журналістаў, пэрсанал клюбаў, паліцыя, ратавальнікі і мэдыцынскія службы. Апэратары спартовых збудаваньняў абавязаныя мець плян эвакуацыі і падрыхтаваць сховішча, якое мусіць разьмяшчацца на адлегласьці ня больш за 500 м ад стадыёнаў і зьмяшчаць поўны склад удзельнікаў матчу.
У чэмпіянаце Ўкраіны сёлета возьмуць удзел 16 камандаў. Найбольшыя зьмены закранулі два самыя заможныя клюбы, якія ўсю незалежную гісторыю краіны вызначалі лёс чэмпіёнства — кіеўскае «Дынама» і данецкі «Шахтар». У іх складах заўсёды было шмат замежных гульцоў, аднак праз вайну ў «Шахтары» засталіся два іншаземцы, а ў «Дынама» — адзін.
Паколькі гледачы ня змогуць наведваць матчы, ім застанецца толькі глядзець футбольныя сустрэчы па тэлевізары. Упершыню ва ўкраінскага чэмпіянату зьявіўся адзіны вяшчальнік — ім будзе ірляндзкая кампанія Setanta Sports, якая заключыла з украінскай Прэм’ер-лігай кантракт на 16,2 млн даляраў. Канал ужо некалькі гадоў меў футбольныя трансьляцыі ў тым ліку на ўкраінскай мове, таму гэта ня будзе першым досьведам Setanta Sports ва Ўкраіне.
Аднак ня ўсе пагадзіліся з платнымі паказамі футболу, матчы кіеўскага «Дынама» будзе трансьляваць канал 2+2, альтэрнатыву шукаюць таксама луганская «Зара», дніпроўскі «Дніпро-1» і львоўскі «Рух».
У час вайны расейскія войскі прычынілі істотную шкоду стадыёнам у Чарнігаве, Мікалаеве і некаторых іншых украінскіх гарадах. Шэраг клюбаў праз акупацыю часова прыпыніў сваё існаваньне, у тым ліку такія вядомыя, як «Марыюпаль» і херсонскі «Крыстал».
За папярэднія 30 чэмпіянатаў, праведзеных з моманту здабыцьця Ўкраінай незалежнасьці, залатыя мэдалі заваёўвалі толькі тры клюбы — «Таўрыя» (Сімферопаль) перамагла ў самым першым чэмпіянаце ў 1992 годзе, а далей чэмпіёнамі былі толькі два клюбы. 16 разоў тытул заваёўвала кіеўскае «Дынама» і 13 разоў — данецкі «Шахтар».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.