Пра гэтую пазыцыю Бурэля паведаміла агенцтва Bloomberg.
«Забараніць уезд усім расейцам — гэта нядобрая ідэя, — заявіў Бурэль у Гішпаніі. — Мы павінны падыходзіць выбарчна».
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі заявіў, што ЭЗ не павінен адчыняць свае дзьверы для алігархаў, але што «ёсьць шмат расейцаў, якія хочуць уцячы з краіны, таму што яны не хочуць жыць у гэтай сытуацыі».
Міністры замежных справаў дзяржаваў ЭЗ 31 жніўня зьбяруцца ў Празе, каб абмеркаваць прапанову аб забароне на выдачу візаў для расейскіх турыстаў.
Эстонія ўвяла поўную забарону на выдачу візаў расейскім грамадзянам і заявіла, што будзе працягваць поўную забарону на шэнгенскія візы для грамадзянаў РФ, нават калі такое рашэньне ня будзе прынятае ва ўсім ЭЗ.
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заклікаў быць асьцярожнымі ў дачыненьні да шырокай візавай забароны.
Бурэль сёньня заявіў, што некаторыя краіны ўжо прынялі пэўную колькасьць мер па візавых забаронах, якія іншыя краіны ЭЗ падтрымліваць не зьбіраюцца. Паводле яго лепш было б спачатку абмеркаваць гэта на ўзроўні ўсяго Зьвязу.
Выступаючы ў Празе, міністар замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі заявіў, што яго ўрад, які зараз старшынюе ў ЭЗ, будзе дамагацца прыпыненьня пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж ЭЗ і Расеяй і Беларусьсю.
«Здаецца, гэта дасягальна», — сказаў Ліпаўскі. «Мы хочам пачаць дыскусію аб абмежаваньні выдачы віз расейцам і беларусам. Меркаваньні дзяржаваў-чальцоў на гэты конт разыходзяцца, і наперадзе нас чакае вялікая праца».