Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд забараніў Багінскай паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі


Сталі вядомыя падрабязнасьці судовага працэсу, які праходзіў 19 жніўня ў дачыненьні да Ніны Багінскай.

Як паведмляе праваабарончы цэнтар «Вясна», у красавіку актывістцы прызначылі 1600 рублёў штрафу за тое, што яна выйшла са сьцягам у цэнтар Менска на Дзень Волі. Штраф Багінская аплочваць не стала, таму ў дачыненьні да актывісткі былі накладзеныя абмежаваньні.

Цяпер Багінская ня зможа паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а апэратарам сувязі забаронена прадастаўляць актывістцы паслугі інтэрнэта, мабільнай сувязі і тэлебачаньня.

Што трэба ведаць пра Ніну Багінскую

«Чалавек-сьцяг» — 75-гадовая пэнсіянэрка Ніна Багінская стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў ня толькі 2020 году, але і ўсяго дзесяцігодзьдзя.

  • Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху яна далучылася яшчэ ў 1988 годзе, калі на Дзяды выйшла на марш у Курапаты.
  • Расла ў сям’і гарадзкой інтэлігенцыі, бацькі мелі беларускамоўных сяброў, расказвалі пра рэпрэсіі 1930-х.
  • Працавала чарцёжніцай у Інстытуце геалёгіі, займалася веласпортам.
  • Багінская — нязьменная ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту цягам многіх гадоў. Яе дзясяткі разоў затрымлівалі, яна ня раз начавала ў ізалятарах.
  • Яна адна з рэкардсмэнаў па колькасьці штрафаў — больш за 16 тысяч даляраў, якія яна прынцыпова адмаўляецца плаціць. За гэта ў яе апісалі два лецішчы і штомесяц забіраюць палову пэнсіі.
  • Ня мае мабільнага тэлефона, не карыстаецца інтэрнэтам, не глядзіць тэлевізар з прычыны кепскага зроку. Затое выпісвае незалежныя газэты.
  • Усе сьцягі, зь якімі выходзіць на пратэсты, шые сама. Пашыла ўжо сотні сьцягоў. Многія зь іх міліцыя пазабірала пры затрыманьнях.
  • Лічыць, што трэба перамагаць негвалтоўна, бяз зброі ў руках. Увесь час намагаецца размаўляць зь сілавікамі, прысаромліваць іх і тлумачыць, у чым яны ня маюць рацыі.
  • Словы актывісткі амапаўцу «Я гуляю» сталі лёзунгам мірных пратэстаў і інтэрнэт-мэмам.
  • Сама Багінская стала мастацкім вобразам і крыніцай натхненьня для мастакоў, якія адлюстроўваюць сучасныя падзеі ў Беларусі.
  • У верасьні 2020 году фатаздымкі актывісткі апублікаваў вядомы італьянскі часопіс пра моду Vogue.
  • Паводле актывісткі, сымбалем пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, найперш моладзь.
  • У кастрычніку, камэнтуючы пратэсты, Аляксандар Лукашэнка загадаў «не забіраць Багінскую з плошчаў», назваў яе перакананым чалавекам. Пасьля гэтага актывістку некалькі разоў затрымлівалі, але адпускалі без пратаколаў.
  • Мае двух дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG