Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта мост паміж эўрапейскай адукацыяй і беларускай акадэмічнай супольнасьцю». Як дзейнічае «Беларуская акадэмія»


Зьезд выкладчыкаў «Беларускай акадэміі», Беласток, жнівень 2022. Сьвятлана Куль-Сяльверстава — трэцяя зьлева
Зьезд выкладчыкаў «Беларускай акадэміі», Беласток, жнівень 2022. Сьвятлана Куль-Сяльверстава — трэцяя зьлева

Размова з прафэсаркай Сьвятланай Куль-Сяльверставай, каардынатаркай «Беларускай акадэміі» ў Польшчы — дыстанцыйнай адукацыйнай плятформы, якая ажыцьцяўляе навучаньне паводле балёнскага працэсу з выдачай дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі эўрапейскага ўзору.

— Давайце пачнем з таго, чым вы займаецеся ў гэтыя дні. З Фэйсбуку можна дазнацца, што вы ўдзельнічаеце ў зьезьдзе акадэмічных выкладчыкаў. Што гэта за зьезд і якая яго мэта?

— У нас цяпер зьезд выкладчыкаў «Беларускай акадэміі». «Беларуская акадэмія» — адукацыйная ініцыятыва, у якой удзельнічаюць больш за 60 выкладчыкаў. Сярод выкладчыкаў ёсьць і тыя, якія жывуць у Беларусі, і тыя, якія выехалі за межы Беларусі, цяпер або даўней. Гэта людзі, якія хочуць захаваць беларускую вышэйшую адукацыю, яе ўзровень, яе традыцыі, і захаваць беларускую акадэмічную супольнасьць. Мы працуем ужо два гады, першая ластаўка-ідэя «Беларускай акадэміі» зьявілася ў кастрычніку 2020 году.

Мы ўвесь час працавалі онлайн, праз Zoom, а вось на гэтым тыдні сабраліся на наш першы зьезд, на якім выкладчыкі пабачылі адзін аднаго ўжывую. Зьезд быў арганізаваны пры дапамозе фонду «Акно на Ўсход», які з намі супрацоўнічае, а фінансава арганізацыю зьезду падтрымаў Польска-амэрыканскі фонд свабоды (Polsko-Amerykańska Fundacja Wolności) праз фонд Liderzy Przemian. Нас тут у Беластоку 21 чалавек, зь іх — шэсьць прафэсараў. Спэцыяльнасьці розныя — ад паліталёгіі да фізыкі. Тут і сацыёлягі, і гісторыкі, і псыхолягі, і замежныя мовы.

Якая мэта зьезду? Самая галоўная — абмяняцца досьведам працы ў акадэмічнай сыстэме Польшчы і, пры нагодзе, інтэграваць выкладчыкаў «Беларускай акадэміі». Напрыклад, сёньня ў нас ужо была цікавая лекцыя, якую чытаў юрыст, пра сыстэму вышэйшай школы ў Польшчы, і сёньня нас чакае лекцыя пра плягіят і ахову інтэлектуальнай уласнасьці. У рамках зьезду ў нас будуць і сустрэчы з рэктарамі польскіх ВНУ, і прэс-канфэрэнцыі, і нашы рабочыя сустрэчы.

Зьезд выкладчыкаў «Беларускай акадэміі», Беласток, жнівень 2022
Зьезд выкладчыкаў «Беларускай акадэміі», Беласток, жнівень 2022

— Пастаўлю пытаньне рубам: а якая карысьць ад «Беларускай акадэміі» студэнтам?

— Самае галоўнае ў нашай дзейнасьці, як лічу, — тое, што мы даем магчымасьць студэнтам, моладзі і ня толькі моладзі зь Беларусі, атрымаць эўрапейскую адукацыю на нашай роднай мове і атрымаць эўрапейскі дыплём вышэйшай школы.

— Якім чынам вы гэта робіце?

— Мы дамаўляемся — я сама як каардынатарка дамаўлялася на ўзроўні рэктараў — з вышэйшымі школамі ў Польшчы, каб пры такой вышэйшай школе адкрылася спэцыяльнасьць для беларусаў. Навучаньне на такой спэцыяльнасьці вядзецца на беларускай мове і часткова на расейскай. Навучаньне вядзецца паводле такой самай праграмы, як для палякаў у гэтай ВНУ, хоць яна і крыху адаптаваная пад беларусаў. І дыплёмы нашы студэнты атрымліваюць не ад «Беларускай акадэміі», а ад той вышэйшай школы, якая такую спэцыяльнасьць для беларускіх студэнтаў адкрыла.

У 2021 годзе мы зрабілі набор студэнтаў на спэцыяльнасьць «Адміністрацыя» ў Вышэйшай школе кадраў мэнэджмэнту ў Коніне (горад у цэнтральнай Польшчы. — РС), адкрылі спэцыяльнасьць «Эканоміка», і цяпер зноў вядзем набор на «Адміністрацыю», таму што гэтая спэцыяльнасьць вельмі добра пайшла ў нас летась.

Адкрылі таксама дзьве магістарскія спэцыяльнасьці — мэнэджмэнт у СМІ і мэнэджмэнт у інтэрнэце пры Вышэйшай школе фінансаў і мэнэджэмэнту ў Беластоку. Гэта спэцыяльнасьці для журналістаў, якія хочуць быць адначасова мэнэджарамі.

Я хачу выразна падкрэсьліць, што «Беларуская акадэмія» была арганізаваная без аніякага гранту ці вонкавага фінансаваньня. Гэта не такі праект, які аднекуль фінансуецца, а калі фінансаваньне закончыцца, то і праект закончыцца. Мы працуем у акадэміі як валянтэры, дзеля Беларусі і дзеля беларускіх студэнтаў. Адзінае, што атрымліваюць нашы выкладчыкі, — гэта аплату за лекцыі, якія яны чытаюць у польскіх ВНУ.

Адбор выкладчыкаў у нас вельмі строгі. Дарэчы, самі нашы студэнты пільнуюць, каб узровень выкладаньня быў высокі і якасны. За апошнія два гады мы папрасілі трох выкладчыкаў сысьці, бо, між іншым, студэнты мелі сумневы ў іх прафэсійнай кампэтэнтнасьці…

— Назавіце тыя польскія школы, у якіх на сёньняшні дзень адкрытыя такія спэцыяльнасьці для студэнтаў-беларусаў…

— Пакуль што заняткі вядуцца і набор студэнтаў робіцца ў Вышэйшай школе кадраў мэнэджмэнту ў Коніне і Вышэйшай школе фінансаў і мэнэджмэнту ў Беластоку. Нашы выкладчыкі таксама чыталі агульнаўнівэрсытэцкі курс лекцый на беларускай філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце. Ёсьць таксама і іншыя патэнцыяльныя партнэры, у тым ліку ў Літве і Швайцарыі, але я ня буду іх тут называць.

Зьезд выкладчыкаў «Беларускай акадэміі», Беласток, жнівень 2022
Зьезд выкладчыкаў «Беларускай акадэміі», Беласток, жнівень 2022

— А вы асабіста нешта выкладаеце ў «Беларускай акадэміі»?

— Не, не выкладаю. У мяне тут прынцыповая пазыцыя — я не зарабляю на «Беларускай акадэміі». Я зьяўляюся тут каардынатаркай і, бывае, сама яшчэ дафінансоўваю некаторых студэнтаў, бо ў нас платнае навучаньне…

— А можам сказаць, якая высокая ў вас аплата?

— Нашы студэнты плацяць менш, чым студэнты-палякі. Навучаньне бакаляўрскага ўзроўню ў нас каштуе 1000 эўра за год, а магістарскі ўзровень — 1275 эўра за год. Такіх цэнаў нават у Беларусі няма. Варта дадаць, што нашы студэнты маюць права на ўсе льготы і прывілеі, якія маюць студэнты-палякі. У прыватнасьці, яны маюць права на датацыю і, калі маюць «карту паляка», права на сацыяльную стыпэндыю падчас навучаньня.

Зразумела, нашым студэнтам цяжкавата зь фінансавага боку, але якія альтэрнатывы? Атрымліваць беларускі дыплём, які нават не балёнскі, і плаціць тыя самыя грошы? Вучыцца на бюджэце, і потым невядома куды цябе разьмяркуюць, або вяртаць грошы, калі не захочаш разьмеркаваньня? Ці прыяжджаць за мяжу і пачынаць вучыцца па-польску, па-літоўску, па-нямецку, каб атрымаць эўрапейскі дыплём? Ці прыйсьці да нас і вучыцца на сваёй мове, не губляючы часу на вывучэньне замежнай мовы?

Мы тут стварылі такое акенца ў сьвет для беларускіх студэнтаў і для выкладчыкаў адначасова. Я не скажу, што «Беларуская акадэмія» — гэта вышэйшая беларуская школа ў эміграцыі. «Беларуская акадэмія» — гэта мост паміж эўрапейскай адукацыяй і нашай акадэмічнай супольнасьцю.

— Вашы студэнты — дзе яны знаходзяцца фізычна? Усе ў Польшчы?

— Не, летась яны былі раскіданыя па ўсім сьвеце, як, дарэчы, і выкладчыкі. Апошнім часам мы як бы крыху пазьбіраліся і дапамаглі сяму-таму з рэлякацыяй у Польшчу і Літву. Справа ў тым, што калі ты становісься нашым студэнтам, то гэта дае табе права на атрыманьне візы і легальнага побыту ў Польшчы, ды яшчэ права на працу. Што тычыцца выкладчыкаў, то ў нас ёсьць такія ў Італіі, ЗША, Ізраілі. Інтэрнэт злучае нас усіх…

— Калі нехта хоча паступіць на навучаньне ў рамках «Беларускай акадэміі», то што яму рабіць? Зьвязвацца з вамі асабіста?

— Не абавязкова. У нас ёсьць тэлеграм-канал, «Беларуская акадэмія», у якім можна знайсьці ўсю патрэбную інфармацыю дзеля гэтага. І ў нас там ёсьць чат, у якім мы даем усю кансультацыю.

— Калі наагул зьявілася ідэя «Беларускай акадэміі»?

— Скажу так: ідэя лунала ў паветры. Яшчэ ў 2017 годзе яе выказаў Аляксандар Мілінкевіч, зь якім мы сябруем і зь якім мы гэтую ідэю пастаянна абмяркоўвалі. Ён займаецца рэалізацыяй сваёй ідэі — Беларускага вольнага ўнівэрсытэту, які дзейнічае ў фармаце пасьлядыплёмных адукацыйных праграмаў. А мы даём паўнавартасны дыплём. Так што сама канцэпцыя дыстанцыйнага выкладаньня была ад Мілінкевіча, а вось мэханізм яе рэалізацыі ў «Беларускай акадэміі» — ад мяне.

Сьвятлана Куль-Сяльверстава
Сьвятлана Куль-Сяльверстава

— На заканчэньне задам вам асабістае пытаньне: вы ўжо даўно ў Польшчы?

— Выкладаю 13 гадоў, а жыву — восем. Выкладаю ў Беластоцкай політэхнічнай акадэміі (Politechnika Białostocka). Раней выкладала на факультэце мэнэджмэнту, а цяпер на факультэце будаўніцтва і навакольнага асяродзьдзя і ў Інстытуце лесу…

— Ох! Што вы ў тым інстытуце выкладаеце?

— Лясныя навукі (сьмяецца). А што вы думалі? У мяне шмат спэцыяльнасьцяў. Сучасныя тэндэнцыі ў лясных навуках — толькі што такі курс для магістрантаў прачытала. І пра лясное права таксама лекцыі чытала.

* * *

Сьвятлана Куль-Сяльверстава нарадзілася ў 1959 у Горадні. Скончыла Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1981); дацэнт (1994); доктар гістарычных навук (2000). Дасьледуе гісторыю культуры Беларусі, палеаграфію, краязнаўства, рэгіяналістыку. Прафэсар Беластоцкай політэхнічнай акадэміі. Апублікавала, сярод іншага, такія працы, як «Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаваньне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова XVIII ст. — 1820-я гг.)» (2000); «Палітыка. Культура. Асоба. Нарысы па гісторыі культуры Беларусі» (2012); «Беларускі час. Летазьлічэньне на беларускіх землях ад старажытнасьці да сучаснасьці»(2014); «Турызм у Падляскім ваяводзтве: прыродныя рэсурсы, сыстэма кіраваньня, інфраструктура» (2021). Выдала паэтычныя зборнікі «Вершы. Байкі. Паэмы» (2012) і «Вершы. Байкі. Паэмы. Кніга 2» (2018). Вершы і паэмы друкаваліся ў «Маладосьці», «Верасьні», «ЛіМе», «Нашай Ніве», літаратурных зборніках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG