Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жнівеньскі путч у СССР: хто, супраць каго і навошта, і як на гэтым выйграла Беларусь


Жнівень 1991 года, акцыя супраць путчу. Менск. Здымак Улдзімера Кармілкіна
Жнівень 1991 года, акцыя супраць путчу. Менск. Здымак Улдзімера Кармілкіна

Каб уратаваць СССР ад распаду, 19 жніўня 1991 году група артадаксальных лідэраў КПСС разам з кіраўніцтвам КДБ пачала путч супраць прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Путчысты пралічыліся. Іх учынак канчаткова дабіў савецкую імпэрыю і адкрыў шлях да параду сувэрэнітэтаў.

Чаму на пачатку 1990-х СССР развальваўся

Савецкая імпэрыя ўжо некалькі гадоў перажывала сур’ёзны эканамічны крызіс. Сусьветныя цэны на нафту, якая давала СССР шмат валюты, моцна ўпалі. Спробы рэфармаваць дзяржаву, правесьці перабудову неэфэктыўнай савецкай эканамічнай мадэлі пацярпелі фіяска. Пачаўся дэфіцыт, і так нізкая якасьць жыцьця зьнізілася ў разы.

А палітыка галоснасьці і перабудовы, якую запачаткаваў апошні кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў, зрабіла людзей больш адважнымі. Насамрэч Гарбачоў хацеў трошкі паслабіць гайкі ў аўтарытарнай сыстэме, каб палепшыць СССР. Ён даў больш свабоды СМІ, за крамолу людзей каралі трошкі менш, чым раней. Але калі ў сыстэме трошкі паслабілі гайкі, то іх вырвала разам з разьбой. У савецкіх рэспубліках пачалі ўзьнікаць нефармальныя аб’яднаньні, праходзілі мітынгі, пачалі гучаць заклікі да незалежнасьці.

У Беларусі так у 1988 годзе ўзьнік Беларускі Народны Фронт. Праз два гады яго прадстаўнікоў абралі ў Вярхоўны савет. Упершыню за ўсю гісторыю гэтага органу там зьявілася апазыцыя. Дэпутаты ад БНФ агучвалі з трыбуны непрыемную для камуністаў праўду, а паколькі паседжаньні трансьлявалі ў жывым этэры, усё больш беларусаў станавілася ў апазыцыю да кампартыі. І так было ва ўсіх рэспубліках СССР. Камуністы страцілі падтрымку, а людзі хацелі пераменаў.

Страйк рабочых у Менску, вясна 1991 году
Страйк рабочых у Менску, вясна 1991 году

Гэта амэрыканцы вінаватыя, што СССР развальваўся?

Не да канца. З прыходам да ўлады ў ЗША Рональда Рэйгана Вашынгтон сапраўды рабіў шмат што, каб аслабіць СССР, напрыклад, пры дапамозе гонкі ўзбраеньняў. Пра гэта мы пісалі ТУТ. Але за два гады да распаду СССР Міхаіл Гарбачоў і наступнік Рэйгана Джордж Буш-старэйшы ўрачыста абвясьцілі пра канец «халоднай вайны».

Больш за тое, за некалькі тыдняў да путчу, 30 ліпеня 1991 году, прэзыдэнт Буш-старэйшы наведаў Маскву і сустрэўся з Гарбачовым. Паколькі СССР вісеў ужо на валаску, Буш запэўніў савецкага прэзыдэнта, што распад Савецкага Саюзу не ў інтарэсах ЗША.

Леанід Краўчук і Джордж Буш, Кіеў, 1991 год
Леанід Краўчук і Джордж Буш, Кіеў, 1991 год

1 жніўня Буш выступаў у Кіеве. Прамаўляючы ў Вярхоўным Савеце УССР, ён перасьцярог украінцаў ад «самазабойчага нацыяналізму», выступіў супраць выхаду з СССР, назваўшы гэта «безнадзейным курсам ізаляцыі», і падтрымаў Гарбачова, яго ідэю абноўленага СССР. Буш запэўніў, што Амэрыка не падтрымае тых, хто шукае незалежнасьці.

Чаму некаму ў галаву прыйшла ідэя зрабіць путч?

20 жніўня павінна было адбыцца падпісаньне новай саюзнай дамовы. Ініцыяваў яе Гарбачоў на фоне змаганьня з тагачасным кіраўніком РСФСР, або савецкай Расеі, — Барысам Ельцыным. Гарбачоў імкнуўся «разбавіць» уплыў Ельцына большымі паўнамоцтвамі кіраўнікоў іншых савецкіх рэспублік. Але пра канец СССР гаворка не ішла. Новая дамова павінна была проста трошкі абнавіць савецкую імпэрыю, каб супакоіць яе крытыкаў, але пакінуць сутнасьць. Менавіта таму ў 1990 годзе парлямэнты савецкіх рэспублік, дзе большасьць усё яшчэ была ў руках камуністаў, прынялі дэклярацыі аб сувэрэнітэце (у Беларусі гэта адбылося 27 ліпеня 1990 году). Гэта рабілася не дзеля таго, каб даць незалежнасьць паняволеным народам, а дзеля таго, каб проста перафарматаваць СССР. І акурат у жніўні зьбіраліся падпісаць дамову аб «новым СССР». Згодна зь яе тэкстам, Савецкі Саюз павінен быў захавацца як адзіная краіна — фэдэратыўная дзяржава з сувэрэннымі рэспублікамі. Але сярод савецкіх лідэраў была група людзей, якая не гатовая была і на гэта. Гэтая група імкнулася захаваць СССР. Яна і ініцыявала пераварот.

Хто ўваходзіў у групу путчыстаў

(Зьлева направа) Чальцы ГКЧП Барыс Пуга, Генадзь Янаеў і Алег Бакланаў на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве 19 жніўня 1991 года. Фота: ИТАР-ТАСС
(Зьлева направа) Чальцы ГКЧП Барыс Пуга, Генадзь Янаеў і Алег Бакланаў на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве 19 жніўня 1991 года. Фота: ИТАР-ТАСС

Гэта былі сем высокапастаўленых савецкіх чыноўнікаў. 18 жніўня яны ўтварылі Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы — абрэвіятура па-расейску гучыць як ГКЧП. Але яшчэ суткі пра яго ніхто ня ведаў. Узначаліў гэтую групу змоўшчыкаў віцэ-прэзыдэнт СССР Генадзь Янаеў. Разам зь ім у ГКЧП былі старшыня КДБ, міністар абароны, міністар унутраных спраў, прэм’ер-міністар і яшчэ некалькі чыноўнікаў.

Каб не дапусьціць прызначанага на 20 жніўня падпісаньня Саюзнай дамовы, якая, на думку змоўшчыкаў, скасоўвала СССР, яны вырашылі дзейнічаць сілавымі мэтадамі і абвясьцілі пра ўвядзеньне ваеннага становішча.

Прэзыдэнтам жа быў Гарбачоў — як ён гэта дапусьціў?

Міхаіл Гарбачоў у другой палове жніўня адпачываў у рэзыдэнцыі ў Крыме і рыхтаваўся 20 жніўня ляцець у Маскву падпісваць новую саюзную дамову. 18-га да яго прыбылі прадстаўнікі ГКЧП і нібыта прапанавалі самому ўвесьці надзвычайнае становішча. Гарбачоў адмовіўся. Тады яго ізалявалі, адключылі сувязь і не далі пакінуць Крым.

Цікава, што тагачасны прэзыдэнт савецкай Расеі Барыс Ельцын сьцьвярджаў пазьней, што Гарбачоў пра ўсё цудоўна ведаў, але строіў зь сябе ахвяру змоўшчыкаў, хоць насамрэч чакаў, хто пераможа.

А ранкам наступнага дня савецкім грамадзянам абвясьцілі, што Гарбачоў хворы і што ўлада пераходзіць у рукі ягонага намесьніка Янаева, які склікае камітэт.

Як пачаўся путч

Пра надзвычайнае становішча абвясьцілі дыктары Дзяржтэлерадыё а шостай гадзіне раніцы. Тэлевізійны расклад быў зьменены, і замест заплянаваных перадач паказвалі балет «Лебядзінае возера». Менавіта таму «Лебядзінае возера» стала сымбалем путчу.

19 жніўня ў Маскве
19 жніўня ў Маскве

Але па-за тэлевізарам тым часам разьвіваліся драматычныя падзеі. У цэнтры Масквы на загад ГКЧП зьявілася вайсковая тэхніка і дэсантнікі. Яны павінны былі ахоўваць стратэгічныя аб’екты. Адначасова на вуліцах пачалі зьяўляцца людзі, якія выступалі супраць путчу. Яны гуртаваліся вакол Белага дому — сядзібы парлямэнту савецкай Расеі. У цэнтры падзей у тыя дні быў Барыс Ельцын, кіраўнік РСФСР. Яго падтрымлівалі ўласныя сілавікі, якія падпарадкоўваліся яму як прэзыдэнту. Менавіта ў Белым доме знаходзіўся цэнтар супраціву путчу. Будынак ахоўвалі сотні тысяч людзей. Штурмаваць яго путчысты так і не наважыліся.

А што адбывалася ў Менску?

Кіраўніцтва ЦК КПБ на чале зь першым сакратаром Анатолем Малафеевым цалкам падтрымала дзеяньні ГКЧП, абавязаўшы партыйныя камітэты выконваць яго распараджэньні. Старшыня Дзяржтэлерадыё Сталяроў спыніў вяшчаньне беларускага каналу і пераключыў яго на Маскву, з трансьляцыямі распараджэньняў ГКЧП.

Кіраўніцтва Вярхоўнага Савету і ўраду савецкай Беларусі заняло пазыцыю чаканьня. Публічна яны ані асудзілі, ані падтрымалі ГКЧП. Супраць путчу выступалі дэпутаты ад БНФ і іншыя антыкамуністычныя дэпутаты.

Дэпутаты БНФ на акцыі супраць путчу. Менск, жнівень 1991 года
Дэпутаты БНФ на акцыі супраць путчу. Менск, жнівень 1991 года

19 жніўня дэпутаты ад БНФ накіравалі звароты да старшыні ўраду БССР Кебіча, міністра ўнутраных спраў, старшыні КДБ, у якіх асудзілі путч і заклікалі кіраўніцтва савецкай Беларусі не падтрымліваць ГКЧП. Але старшыня КДБ і міністар унутраных спраў занялі нэўтральную пазыцыю.

Перад будынкам Дома ўраду ў той дзень адбыўся мітынг супраць путчу — на яго прыйшлі некалькі соцень чалавек. На наступны дзень адбыўся яшчэ адзін, ужо больш шматлюдны. Пачалі гучаць заклікі да незалежнасьці. Дэпутаты, і ня толькі, патрабавалі надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР статус канстытуцыйнага закону. Гэта азначала б, што Беларусь юрыдычна становіцца незалежнай дзяржавай.

Вагоны, як мяркуецца, для транспарціроўкі нязгодных з путчыстамі ў выпадку перамогі змоўшчыкаў.
Вагоны, як мяркуецца, для транспарціроўкі нязгодных з путчыстамі ў выпадку перамогі змоўшчыкаў.

Дэпутаты БНФ патрабавалі склікаць сэсію ВС, каб асудзіць путч. Але, як узгадвае ў сваёй кнізе тагачасны дэпутат ад БНФ Сяргей Навумчык, «шмат хто вырашыў заняць пазыцыю чаканьня, і на 13 гадзін 20 жніўня мы мелі ўсяго 33 подпісы дэпутатаў (для скліканьня нечарговай сэсіі іх патрабавалася 120)».

21 жніўня путч у Маскве праваліўся.

Як і чаму гэта здарылася?

Калі коратка, дык путчысты не адчулі той падтрымкі народу, на якую разьлічвалі. Будынак Вярхоўнага Савету РСФСР ператварыўся ў штаб супраціву, яго атачылі сотні тысяч людзей. Камандаваньне спэцгрупы «Альфа» адмовілася штурмаваць будынак і арыштоўваць Ельцына, бо кошт гэтага штурму вымяраўся б у тысячах чалавечых ахвяраў. Міністар абароны СССР маршал Язаў загадаў вайскоўцам вярнуцца ў казармы. На наступны дзень путчыстаў пачалі арыштоўваць. Неўзабаве іх вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, а празь некалькі гадоў амніставалі.

Барыс Ельцын выступае перад удзельнікамі мітынга за дэмакратыю. 20 жніўня 1991 года
Барыс Ельцын выступае перад удзельнікамі мітынга за дэмакратыю. 20 жніўня 1991 года

Што было пасьля правалу путчу

22 жніўня Гарбачоў вярнуўся з Крыму ў Маскву. Але атмасфэра там была ўжо іншая. У цэнтры Масквы адбываўся мітынг прыхільнікаў дэмакратыі, дзе рэй вёў Ельцын. Ён абвясьціў пра наданьне трыкалёру афіцыйнага статусу. На мітынгу заклікалі забараніць КПСС, звольніць тых, хто падтрымаў путчыстаў. У той жа вечар дэманстранты дэмантавалі помнік Дзяржынскаму каля сядзібы КДБ. Але самае важнае адбывалася ў тыя дні паміж Гарбачовым і Ельцыным — барацьба за ўладу. У выніку прэзыдэнт СССР склаў зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка ЦК КПСС і прапанаваў кампартыі самараспусьціцца. Ён падпісвае ўказы, якія, па сутнасьці, ліквідуюць кампартыю.

24 жніўня Ўкраіна абвяшчае незалежнасьць ад СССР. На наступны дзень тое самае зробіць Вярхоўны Савет БССР.

Як гэта магло быць, калі Вярхоўны Савет кантралявалі камуністы?

У выніку ціску з боку дэпутатаў Апазыцыі БНФ і Дэмакратычнага клюбу Прэзыдыюм ВС быў вымушаны прызначыць сэсію парлямэнту на 24 жніўня. Напярэдадні Прэзыдыюм распаўсюдзіў праект Парадку дня сэсіі. Там прапаноўвалася абмеркаваць нязначныя пытаньні.

«Чальцы Прэзыдыюму плянавалі даць магчымасьць выгаварыцца дэпутатам Апазыцыі, „спусьціць пару“, а пасьля гэтага спыніць сэсію, даручыўшы Дземянцею працягваць працу над „саюзным дагаворам“», — узгадвае Навумчык той дзень.

Дэпутаты зганяюць з трыбуны кіраўніка ЦК КПБ Анатоля Малафеева, які падтрымаў путч.
Дэпутаты зганяюць з трыбуны кіраўніка ЦК КПБ Анатоля Малафеева, які падтрымаў путч.

Дэпутаты ад БНФ выступілі са сваім прапановамі — абвясьціць незалежнасьць Беларусі і забараніць кампартыю. У гэты дзень Народны Фронт вывеў на плошчу Леніна дзясяткі тысяч людзей. Скарыстаўшыся разгубленасьцю камуністаў і ціскам у тым ліку людзей на плошчы, БНФ дамогся свайго. Пытаньні аб абвяшчэньні незалежнасьці і забароне кампартыі былі ня толькі ўнесеныя ў парадак дня, але і прынятыя большасьцю дэпутатаў.

Захавалася стэнаграма паседжаньня ў тыя дні, якая па кроках паказвае, як камуністычная большасьць зьмяняла сваю думку пад ціскам меншасьці апазыцыйных кандыдатаў. 24 жніўня ў залю паседжаньняў упершыню ўнесьлі бел-чырвона-белы сьцяг. А празь дзень Дэклярацыі аб сувэрэнітэце была нададзеная моц канстытуцыйнага закону.

А ўжо ў сьнежні лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны паставяць апошнюю кропку ў гісторыі СССР, зафіксаваўшы на паперы ў Белавескай пушчы яго распад. Але тыя падзеі не паставілі кропкі на імпэрскай палітыцы Расеі. Масква не адмовілася ад сваіх плянаў захаваць кантроль над постсавецкай прасторай. Найбольш пашанцавала краінам Балтыі, якія пасьпелі ўступіць у Эўразьвяз і NATO, гарантаваўшы сабе незалежнасьць ад Масквы. Рэшту краін былога СССР Крэмль да гэтай пары лічыць сфэрай сваіх уплываў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG