Больш за 2 мільярды эўра — на такую суму Беларусь прадала тавараў у ЭЗ за паўгода: са студзеня па чэрвень, вынікае з дадзеных статыстычнага офіса Эўрапейскага Зьвязу, якія атрымала Радыё Свабода.
Пры гэтым аб’ёмы зь месяца ў месяц скарачаліся, за паўгода ЭЗ стаў набываць тавараў у Беларусі ў 2,2 раза меней: з 512,6 мільёна эўра ў студзені да 225,5 мільёна эўра ў чэрвені.
Якія беларускія тавары набывалі ў ЭЗ
Найбольш значная катэгорыя тавараў, якую ЭЗ набываў у Беларусі ў чэрвені, — прадукты хімічнай вытворчасьці. Іх набылі на 28,4 мільёна эўра за месяц. У папярэднія месяцы самай значнай катэгорыяй была драўніна і вырабы зь яе, але ў чэрвені іх набыцьцё скарацілася ў 8,2 раза ў параўнаньні з траўнем. Гэтая катэгорыя тавараў падпала пад санкцыі ЭЗ. У чэрвені дрэва і прадуктаў зь яго набылі толькі на 20 мільёнаў эўра — супраць 166 мільёнаў у траўні. Агулам за паўгода ў ЭЗ набылі зь Беларусі дрэва і прадуктаў зь яго на 653,7 мільёна эўра.
Таксама шмат набывалі ў ЭЗ машын і мэханічнага абсталяваньня — на 23,4 мільёна эўра ў чэрвені (на працягу паўгода месячныя сумы па гэтай катэгорыі блізкія), а таксама мінэральных прадуктаў — на 20,5 мільёна эўра ў чэрвені.
За паўгода машын і абсталяваньня ЭЗ завёз зь Беларусі на 117,7 мільёна эўра, мінэральных прадуктаў — на 329,7 мільёна эўра.
Якія з краін ЭЗ найбольш набывалі тавараў зь Беларусі
Самыя буйныя пакупнікі тавараў зь Беларусі ў краінах ЭЗ за першае паўгодзьдзе сёлета:
- Літва — на 709 мільёнаў эўра
- Польшча — на 700 мільёнаў эўра
- Нямеччына — на 254,8 мільёна эўра
- Латвія — на 215,6 мільёна эўра
Што ЭЗ пастаўляў у Беларусь і на якія сумы
За паўгода ЭЗ паставіў у Беларусь тавараў на 2,4 мільярда эўра. За 6 месяцаў пастаўкі тавараў з ЭЗ у Беларусь скараціліся ня так значна: 435 мільёнаў эўра ў студзені і 404 мільёны эўра ў чэрвені.
Самая вялікая па аб’ёме катэгорыя — машыны і мэханічнае абсталяваньне. Гэтых тавараў Беларусь набыла ў ЭЗ на 534 мільёны эўра за паўгода.
На другім месцы — прадукты хімічнай вытворчасьці: 530 мільёнаў эўра за паўгода. На трэцім месцы — транспартныя сродкі, судны і абсталяваньне для іх — на 281 мільён эўра за паўгода.
Найбольш Беларусь набывала тавараў за гэтыя паўгода ў:
- Польшчы — на 605 мільёнаў эўра
- Нямеччыне — на 479 мільёнаў эўра
- Літве — на 435 мільёнаў эўра