Свабода дазналася некаторыя дэталі пра знаходку.
Адкуль узяліся гэтыя дакумэнты
33 гады таму, падчас рэстаўрацыі Бэрнардынскага касьцёла (касьцёл Сьв. Францішка Асіскага) у Вільні, рэстаўратары знайшлі ў сьцяне нішу, у якой былі схаваныя дакумэнты, пісталет і іншыя прадметы. Знаходка выявілася часткай архіву Літоўскага правінцыйнага камітэту. Гэта арганізацыя, якая рыхтавала і каардынавала паўстаньне 1863–64 гадоў у Літве і Беларусі. Літоўскі правінцыйны камітэт узначальваў сам Кастусь Каліноўскі.
Усе гэтыя знаходкі перадалі тады ў Нацыянальны музэй Літвы. Але падзея моцна не афішавалася, і невядома, каб гэтая калекцыя зацікавіла каго з гісторыкаў. Увагу зьвярнулі, бадай, толькі на шосты, неапублікаваны нумар «Мужыцкай праўды». Рэшта дакумэнтаў дзясяткі гадоў ляжала без увагі дасьледчыкаў.
Што ў той калекцыі
У калекцыі больш за 100 рэчаў і дакумэнтаў. Сярод іх і беларускамоўныя тэксты. Нават хуткі агляд прыводзіць да высновы, што яны выйшлі з асяродзьдзя Кастуся Каліноўскага. Почырк на адным зь іх нагадвае стыль пісьма самога лідэра паўстаньня. Што дазваляе так казаць? Справа ў тым, што іншых груповак, якія б займаліся беларускамоўнай публіцыстыкай, тады проста не было.
Сярод папераў ёсьць і асабістыя дакумэнты Кастуся Каліноўскага. Напрыклад, яго мэтрыка аб нараджэньні з касьцёла ў Ялоўцы, дзе яго хрысьцілі. Ёсьць таксама ліст рэктара Пецярбурскага ўнівэрсытэту з вынікамі навучаньня Каліноўскага і інфармацыяй, што ён скончыў курс на юрыдычным факультэце, але не прадставіў дысэртацыю.
Ёсьць у гэтай калекцыі і адбіткі кішэннага фармату зь ягоных вядомых фатаздымкаў аўтарства іншага паўстанца, Ахілы Банольдзі. Бясспрэчна, гэта асабістыя рэчы Каліноўскага, якія ён трымаў некалі ў руках.
У калекцыі быў і рукапіс шостага нумару «Мужыцкай праўды», які ня быў надрукаваны. Вядомы нам друкаваны нумар «Мужыцкай праўды» мае цалкам іншы зьмест і прысьвячаецца праблеме уніі і гвалтоўнаму пераводу ўніятаў у праваслаўе. Ён таксама ёсьць у гэтай калекцыі, а на яго адваротным баку нехта напісаў чатырохрадковы верш на беларускай мове, аўтар якога спадзяецца на Божую дапамогу.
Гэта не адзіная рэч, дзе фігуруе беларуская мова. Асобны дакумэнт — «Каімшчына на Літве і Белайрусі», які складаецца з 8–10 старонак. У ім згадваецца біблейская гісторыя братоў Каіма (Каіна) і Абэля (Авэля). Каім у гэтым тэксьце — гэта сяляне, якія выступілі супраць паўстаньня, а Авэль — гэта шляхта, якую яны здрадзілі. Там згадваецца Канстытуцыя 3 траўня 1791 году, якая адмяніла прыгон у Рэчы Паспалітай, абвяргаецца хлусьня расейскай прапаганды пра тое, што нібыта палякі хочуць вярнуць прыгон, фігуруюць імёны тых, хто даносіў на паўстанцаў пад Лідай, Менскам, Вялейкай ды інш. Гэты тэкст — спроба паказаць братэрства сялян Беларусі, Літвы і Польшчы са шляхтай. Дакумэнт напісаны прыгожым почыркам, гэта можа сьведчыць аб тым, што ён рыхтаваўся да друку. Падпісанае і аўтарства — Янка з-пад Вільна. Гэты псэўданім падобны да таго, якім падпісваўся сам Каліноўскі — Яська-гаспадар з-пад Вільні. Дата дакумэнту — травень 1863 году.
Гэта быў месяц пералому ў паўстаньні, калі ўжо стала зразумела, што яно прайграла. Каліноўскі тады вярнуўся да кіраваньня паўстаньнем. У той час ён акурат выдаў загад да «зямлі літоўскай і беларускай», дзе вельмі рэзка асуджае сялянскую здраду і пагражае рэпрэсіямі тым, хто будзе супраць паўстаньня. Знойдзены тэкст цікавы тым, што ў ім, апрача асуджэньня здрады, гаворка ідзе акурат пра пошукі паразуменьня паміж шляхтай і сялянствам. Ён можа дапамагчы дасьледчыкам па-новаму зірнуць на пэўныя працэсы падчас паўстаньня. Знойдзеныя дакумэнты важныя для гісторыі яшчэ і таму, што беларускамоўных дакумэнтаў з XIX стагодзьдзя ня так і шмат.
Ня толькі беларускамоўныя тэксты
У калекцыі нямала тэкстаў па-польску і па-расейску. Па-расейску — звароты да расейскіх салдатаў, але ў большасьці — афіцыйныя дакумэнты тых, хто паўстаньне падаўляў. Захаваліся таксама польскамоўныя лісты паўстанцаў. Праўда, прачытаць іх даволі цяжка, бо яны напісаныя на папяроснай паперы, кепскім шрыфтам, і самі лісты ўжо ня ў вельмі добрым стане. Ёсьць і дзёньнікі паўстанцаў, якія дазволяць зазірнуць ва ўнутранае жыцьцё паўстаньня.
Хто схаваў гэтыя рэчы ў Бэрнардынскім касьцёле
Гэта акурат застаецца загадкай. Але ўстанавіць асобу гэтага чалавека рэальна, бо гаворка, найхутчэй, пра паўстанца, які мусіў мець блізкія сувязі са згаданым касьцёлам і манахамі-бэрнардынцамі. Калекцыя адкрытая для дасьледчыкаў, таму гісторыкі маюць цяпер шанец раскрыць невядомыя дагэтуль таямніцы паўстаньня і яго герояў.