Паводле інфармацыі ААН, Гутэрыш у часе візыту ва Ўкраіну наведае Львоў. Там і пройдзе яго сустрэча з Зяленскім і Эрдаганам. На пятніцу заплянаваная паездка кіраўніка ААН арганізацыі ў Адэсу, з порту якой нядаўна аднавіўся экспарт украінскага збожжа — у адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, падпісанымі ў Стамбуле прадстаўнікамі Ўкраіны і Расеі пры ўдзеле ААН і Турэччыны. Пасьля наведваньня Украіны Гутэрыш накіруецца ў Турэччыну.
Як паведаміў у чацьвер прэс-сакратар Гутэрыша Стэфан Д’южарык, на перамовах у Львове бакі абмяркуюць сытуацыю вакол Запароскай атамнай станцыі, а таксама магчымасьці палітычнага разьвязаньня ваеннага канфлікту з Расеяй, якая напала на Ўкраіну ў канцы лютага.
Кіеў і Масква абвінавачваюць адно аднаго ў абстрэлах паблізу Запароскай АЭС, занятай расейскімі вайскоўцамі ў першыя дні вайны, у сакавіку. На станцыі пры гэтым працягвае працаваць украінскі тэхнічны пэрсанал.
Уладзімір Зяленскі ў аўторак абвінаваціў Маскву ў «ядзерным тэрарызьме». Пра гэта ён сказаў падчас размовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Зяленскі настойвае на санкцыях супраць атамнай галіны Расеі за абстрэлы Запароскай АЭС — найбуйнейшай у Эўропе.