Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба рыхтавацца да сілавога мэтаду, але гэта не азначае крывавай рэвалюцыі». Азараў і Сахашчык праводзяць сёньня важную нараду


Аляксандар Азараў і Валер Сухашчык
Аляксандар Азараў і Валер Сухашчык

Прадстаўнік ініцыятывы ByPol і Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў пытаньні аднаўленьня правапарадку Аляксандар Азараў расказаў Свабодзе пра свае задачы на новай пасадзе, пра сілавы варыянт пераменаў у Беларусі, супрацу з Валерам Сахашчыкам, перамовы зь Зянонам Пазьняком і баявую падрыхтоўку апанэнтаў Лукашэнкі.

«З удзелам Сахашчыка плян „Перамога“ трэба будзе трошкі перафарматаваць, але ён будзе прыняты за аснову»

«Мы ўжо правялі кансультацыі зь некаторымі прадстаўнікамі кабінэту, ужо зьбіраліся і ў панядзелак будзем зьбірацца зноў. Нам спачатку трэба разабрацца з кампэтэнцыяй кожнага чальца кабінэту. З Сахашчыкам, напрыклад, у нас можа быць сумяшчальная праца ў некаторых момантах, і мы павінны канкрэтна разьмеркаваць нашыя абавязкі. У панядзелак мы будзем абмяркоўваць з Сахашчыкам сфэру ўплыву, чым займаемся мы і чым будзе займацца ён. Асноўная праца — гэта працяг пляну „Перамога“. З удзелам Сахашчыка яго трэба будзе трошкі перафарматаваць, але ён будзе прыняты за аснову».

«Займаемся падрыхтоўкай беларусаў за мяжой для ўдзелу ў нашых спэцыяльных апэрацыях у Беларусі»

«Магчыма, мы сумесьцім з Сахашчыкам некаторыя моманты ў падрыхтоўцы людзей. Ужо больш за паўгода мы займаемся падрыхтоўкай беларусаў за мяжой для ўдзелу ў нашых спэцыяльных апэрацыях у Беларусі. Мы займаемся такой падрыхтоўкай у горадзе Жэшаве (на поўдні Польшчы. — РС). У нас працуюць тыя самыя інструктары, што і ў палку „Пагоня“. Цяпер трэба будзе дамовіцца, як мы гэта будзем рабіць. Мы мусім усё разьмеркаваць, каб не рабіць усім адно і тое. Цяпер асноўная праца — з партызанамі ў Беларусі».

«Будзем імкнуцца, каб сілавікі перайшлі на бок грамадзтва»

«Важны пункт — праца з праваахоўнымі органамі Беларусі, каб яны пераходзілі на бок грамадзтва, а не служылі Лукашэнку. Цяпер Лукашэнка рыхтуе іх да вайны ва Ўкраіне, а наша праца — пераводзіць іх на наш бок, каб, як сказаў Сахашчык, мы не сустрэліся і не былі ворагамі і, ня дай Бог, каб не прымянілі зброю адзін супраць аднаго. Думаю, што Сахашчык будзе займацца вайскоўцамі, а мы будзем займацца іншымі так званымі праваахоўнымі органамі. І застаецца таксама рэформа МУС, хоць гэта і апошняя справа. Дзесьці год таму я распрацаваў яе, але ўступную. Я правёў кансультацыю зь беларусамі, якія ўжо працавалі над распрацоўкай рэформаў. Трэба такіх людзей аб’ядноўваць і ствараць аддзел, які будзе займацца канкрэтна рэформамі. Працы шмат, і трэба знайсьці яшчэ людзей, якія б дапамагалі. Я цяпер абзвоньваю былых сілавікоў за мяжой і пытаюся, ці могуць яны ўзяць удзел у новым кабінэце. Агулам мы дамаўляліся яшчэ 60 дзён не расказваць пра свае пляны. Пакуль у нас не падрыхтавана аніводнага дакумэнту, няма нават рэглямэнту, што мы будзем рабіць».

«КДБ давала агентуры загады, каб яна прысутнічала на канфэрэнцыі»

«У КДБ сур’ёзныя праблемы з тым, што яны дазволілі стварыцца кабінэту. Агентура КДБ працавала за мяжой, нават „замінавалі“ памяшканьне, дзе праводзілася канфэрэнцыя. Я ведаю, што КДБ давала агентуры загады, каб яна прысутнічала на канфэрэнцыі, перадавала інфармацыю. Але яны ня выканалі загад Лукашэнкі, каб апазыцыя была падзеленая і каб грызлася».

«Мы не рыхтуем нейкай крывавай рэвалюцыі»

«На канфэрэнцыі ўсе зразумелі, што трэба рыхтавацца да сілавога мэтаду. Лукашэнка добраахвотна нікому ўладу ня здасьць. Два гады мірных пратэстаў паказалі, што гэта да нічога не прыводзіць, акрамя арыштаў і праблемаў людзей. Людзі зь Беларусі нам пісалі, што „мы гатовыя выйсьці толькі апошні раз, калі будзе сур’ёзная справа“, маўляў, мы не гатовыя маляваць нешта на сьцяне і сядзець за гэта ў турме. Людзі просяць не арганізоўваць пратэстаў, а даць плян і загад, каб у адзін дзень выйшла ўся краіна і зьнесла ўладу Лукашэнкі. Таму асноўная нашая праца будзе накіраваная ў гэты бок. Але гэта ня значыць, што мы рыхтуем нейкую крывавую рэвалюцыю. Наша асноўная мэта — каб сілавікі перайшлі на наш бок, каб яны не аказвалі супраціву і сталі ў нашы шэрагі і змагаліся з Лукашэнкам. Але мы ня хочам сутычак. Але будуць і іншыя мэтады ўзьдзеяньня, гэтым займаецца Кавалеўскі і Латушка, гэта, у прыватнасьці, санкцыі. Усе палітычныя і эканамічныя мэтады будуць прымяняцца і далей. Але да сілавога мэтаду мы павінны быць падрыхтаваныя. Дыктатар разумее толькі сілу, таму ён павінен яе бачыць».

«500 або 1000 чалавек ужо могуць стаць пад ружжо, калі яны спатрэбяцца»

«Ці будзе створанае беларускае войска або баявыя адзінкі за мяжой, залежыць ад дамоўленасьцяў паміж палітыкамі ў тых краінах, дзе мы знаходзімся. Можна і не ствараць баявой адзінкі, якая будзе сядзець у казарме і рыхтавацца да вайны з Лукашэнкам. Кожны чалавек прайшоў падрыхтоўку і паехаў дадому. Але ён ужо падрыхтаваны і чакае адпаведнага моманту. А калі мы іх зьбяром разам, то гэта можа быць баявая адзінка. Больш за 100 чалавек мы ўжо дакладна падрыхтавалі. А гэта робяць розныя арганізацыі і самі актывісты. І калі іх скласьці разам, то будзе вялікая сіла. І наша задача — сабраць усіх разам. 500 або 1000 чалавек ужо могуць стаць пад ружжо, калі яны спатрэбяцца».

«Мы хочам, каб гэтае рацыянальнае зерне ў супрацы з Пазьняком было вышэй за ўсе іншыя моманты»

«З Пазьняком мы размаўлялі, але я так разумею, што Зянон Станіслававіч ня хоча, каб інфармацыя, хто зь ім размаўляе і аб чым, каб гэта выходзіла ў эфір. Мы, як і Сахашчык, вядзём зь ім перамовы і бачым рацыянальнае зерне ў Пазьняку. І мы хочам, каб гэтае рацыянальнае зерне было вышэй за ўсе іншыя моманты, як „агентура“ і г. д. Мы хочам, каб усе сур’ёзныя сілы аб’ядналіся. Калі я быў студэнтам, то хадзіў на акцыі Пазьняка, чытаў ягоныя брашуры. Для мяне ён тады быў правадыром, геніем. Таму я яго вельмі паважаю і хачу, каб ён далучыўся да нашай сумеснай працы».

«...З таго часу я вырашыў, што буду цяпер размаўляць па-беларуску»

«Як выявілася, за мяжой па-беларуску размаўляе значна больш людзей, чым у Беларусі. У самой Беларусі перайсьці на беларускую мову немагчыма, ты будзеш выглядаць як неадэкват. За мяжой, можа, палова беларусаў размаўляе па-беларуску, другая палова часткова па-беларуску і па-расейску. Я зь беларускамоўнымі стаў размаўляць па-беларуску. Але ў эфір я саромеўся выходзіць, бо лічыў, што мая беларуская не такая багатая, як расейская. Але на канфэрэнцыі да мяне падышоў Зьміцер Лукашук (журналіст Эўрарадыё. — РС), пачаў задаваць пытаньні па-беларуску — і ў мяне аўтаматычна пайшлі адказы па-беларуску. Затым яшчэ тры журналісты падышлі і сталі здымаць. І аўтаматычна я адказваў па-беларуску. Да мяне прыйшла думка: „Няўжо я адважыўся і выйшаў у эфір па-беларуску?“. І з таго часу я вырашыў, што буду цяпер размаўляць па-беларуску і буду сваю мову ўдасканальваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG