Пра гэта сказаў на прэс-канфэрэнцыі міністар замежных спраў краіны Урмас Рэйнсалу, яго цытуе Delfi.
Паводле яго слоў, візы застануцца ў сіле, але іх уладальнікі падпадуць пад санкцыі і ім будуць адмаўляць ва ўезьдзе. Гэта не датычыць візаў, выдадзеных іншымі краінамі Шэнгенскага пагадненьня.
Рэйнсалу сказаў таксама аб выключэньнях з гэтага рашэньня, яны будуць зроблены для:
- асобаў, якія працуюць у дыпляматычным прадстаўніцтве;
- асобаў, чыя праца зьвязаная зь міжнароднымі перавозкамі;
- асобаў, чыё прыбыцьцё зьвязана з гуманітарнымі прычынамі;
- асобаў, якія наведваюць сваяка ў Эстоніі;
- асобаў, якія маюць права на свабоднае перамяшчэньне па ЭЗ.
Раней стала вядома, што некалькі краін Эўразьвязу прапанавалі абмеркаваць забарону на выдачу шэнгенскіх візаў грамадзянам Расеі на сустрэчы кіраўнікоў МЗС ЭЗ, якая пройдзе ў канцы жніўня. За тое, каб расейцам перасталі выдаваць турыстычныя візы на агульнаэўрапейскім узроўні, выступалі Польшча і Фінляндыя.