Ёсьць у блогах палітычныя назіраньні і ацэнкі. Расейскія блогеры не заўважаюць палітвязьняў і рэпрэсій, пры гэтым з задавальненьнем адзначаюць, што пасьля таго, як зь Менску зьехалі апазыцыянэры, чырвона-зялёныя сьцягі зьявіліся амаль на кожным будынку.
Сабралі найбольш яркія цытаты з ролікаў, зь якіх відаць, як расейцы ўяўляюць сабе беларусаў і чаму яны лічаць, што ім варта перасяліцца ў Беларусь.
Дзівіцца каровам у вёсцы, самастойным жанчынам і ветлівым кіроўцам
Расейскі блогер Дзьмітрый Грыневіч называе дзесяць прычын, чаму трэба пераяжджаць з Масквы ў Менск на сталае месца жыхарства. Агучым некалькі зь іх.
- Адсутнасьць затораў. «Раніцай, у абед і вечарам у Менску з аднаго пункту ў другі можна дабрацца за 30 хвілін... Мы эканомім паліва, час, сваё здароўе, нэрвы. Дадатковы бонус — мы ня бачым хамства на дарогах. Тут ставяцца адзін да аднаго з павагай, тут ніхто нікуды не сьпяшаецца».
- Жанчыны. «Прыгажосьць, прывабнасьць, абаяньне. Беларускія дзяўчаты больш рашучыя і менш залежныя, чым тыя ж дзяўчаты з Украіны ці з Расеі. Беларуская дзяўчына ні на кога не разьлічвае, будуе кар’еру выключна сама. Яна не чакае „папіка“... У Беларусі няма „папікаў“, а калі і ёсьць, то іх настолькі мала, што на ўсіх беларускіх дзяўчат „папікаў“ ня хопіць. Таму кожная зь іх разумее, што трэба ўсяго дабівацца ў жыцьці самой. Гэта тое натуральнае, што закладзена ў чалавеку, і тое, што даўно страчана ў Маскве».
- Расейская мова. «Куды б ні зайшоў — крама, рэстаран, рынак — там усе гавораць па-расейску. Мянчук заўсёды зразумее масквіча і наадварот, бо мы размаўляем на адной мове. Нядаўна сустрэліся з уладальнікамі аднаго з рэстаранаў на вуліцы Зыбіцкай. Гэта чалавек зь яркай усходняй зьнешнасьцю, і ён з намі размаўляў на такой чыстай расейскай мове, што студэнты, абітурыенты і пэдагогі ВГІКа, МХАТа, Шчэпкінскай і Шчукінскай вучэльняў проста абзайздросьціліся б».
- Больш, чым у Маскве. «У Беларусі ёсьць усё, што ёсьць у Маскве і іншых мэгаполісах у розных краінах сьвету... Тут ёсьць гарналыжныя курорты, конныя клюбы, гольф-палі. Пры гэтым у Беларусі ёсьць тое, чаго дакладна няма ў Маскве — аграсядзібы. У Беларусі шмат гістарычных мясьцін, замкаў, і гэтага няма ў Маскве».
- «Саюзная дзяржава». «Мянчук заўсёды прыме масквіча. Расейцы без праблем могуць вучыцца, працаваць і жыць у Беларусі. З мэдыцынай такая ж гісторыя. Акажуць першую дапамогу і на трое сутак пакладуць на стацыянар бясплатна».
- Ежа. «Прадукты вельмі якасныя. Усё натуральнае. Малочка ў Беларусі — проста мэга... Калі праяжджаю вёску, то бачу чароды кароваў, коз, авечак. Калі я ежджу па рэгіёнах Расеі, я бачу толькі фуры з малаком, а кароў я ў прынцыпе ня бачу».
«Дзяржаўнымі сьцягамі на будынках прышчапляюць мясцовым жыхарам патрыятызм»
Youtube-канал «Три билета» гэтым летам выпусьціў шэраг ролікаў пра Менск, а таксама пра тое, як можна атрымаць у Беларусі банкаўскія карты VISA.
Большасьць расейскіх блогераў хваляць менскія гарады за бясьпеку і добрую ежу, здымаюць традыцыйныя аб’екты кшталту плошчы Незалежнасьці і Опэрнага тэатру, не заўважаючы, якія перамены адбыліся ў беларускай сталіцы за апошнія два гады. А вось аўтары Youtube-канала «Три билета» атмасфэру пасьлярэвалюцыйнага Менску адчулі. І яна ім спадабалася.
Напрыклад, на вакзале ў Менску яны пабачылі, як за хлопцам бягуць тры міліцыянты з дубінкамі. Гуляючы па плошчы Незалежнасьці, блогер адзначае: «Уявіце, якія жарсьці тут кіпелі амаль два гады таму, калі тут была спроба рэвалюцыі». І тут жа кажа, што «Касьцёл сьвятога Сімяона (Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены. — РС) ня ўпісваецца ў плошчу з канструктывісцкай архітэктурай, адчуваньне, што ён устаўны зуб тут».
Расейскія блогеры даюць сваім суайчыньнікам падрабязную інструкцыю, як атрымаць у Беларусі карту VISA. А далей дзеляцца сваімі ўражаньнямі ад наведваньня вуліцы Кастрычніцкай. Блогер ідзе па гэтай вуліцы і расказвае, што на ёй закрылі шмат месцаў, у якіх падчас рэвалюцыі 2020 году зьбіраліся «антылукашэнкаўскія актывісты». «Потым, калі ўсю гэтую справу падавілі, некаторыя ўстановы былі закрытыя, бо яны несьлі нейкую антыдзяржаўную дзейнасьць», — паведамляе блогер сваёй аўдыторыі.
Ён расказвае пра сустрэчу зь сябрам Сашам, апэратарам беларускага тэлебачаньня, які паведаміў яму, што «раней у Менску было шмат пунктаў, дзе прадавалі апазыцыйны мэрч, і спакойна можна было купіць бел-чырвона-белыя сьцягі, а потым гэтыя ўстановы прыкрылі ўсе». «З таго часу практычна на кожным будынку зьявіліся дзяржаўныя сьцягі, і такім чынам прышчапляюць мясцовым жыхарам патрыятызм», — з задавальненьнем кажа расейскі блогер.
Што да іншых дэталяў, то блогер сьмяецца з таго, як гучыць беларуская мова, і адзначае, што ў Беларусі на будоўлях і прыбіраньні тэрыторыі няма людзей зь Сярэдняй Азіі, працуюць толькі славяне.
«Арышты людзей у Беларусі — гэта фэйкі», — расеец з Латвіі
Аўтары youtube-каналу «Дмитрий Март Life» за апошнія месяцы зрабілі некалькі ролікаў пра Беларусь, якую прынцыпова называюць «Белоруссией». Гэта расейцы, якія жывуць у Латвіі, і ўсе іх тэзісы блізкія да расейскай прапаганды.
Блогер паехаў у Беларусь, скарыстаўшыся бязьвізавым уездам, каб расказаць, «чаму рэспублікай у цэнтры Эўропы так не задаволеныя суседзі» (маюцца на ўвазе краіны Балтыі. — РС).
Аўтары блогу называюць Аляксандра Лукашэнку «беларускім Дэн Сяопінам», заяўляюць, што «Беларусь ва ўсёй гэтай гісторыі (вайна Расеі супраць Украіны. — РС) выступае міратворцам», і будучыя перамовы па Ўкраіне пройдуць якраз у Беларусі, перакананы блогер. Паводле яго, Зяленскі зможа «атрымаць палітычны прытулак у Менску».
Блогер дэманструе на відэа паліцы беларускіх крамаў з моцным алькаголем, адзначае, што «сацыялізм з гарэлачкай тут адчуваецца ў добрым разуменьні», і зьвяртае ўвагу на сацыяльную рэкляму на вуліцах, якая «заклікае служыць радзіме».
Дзеля чаго быў зроблены гэты блог? Аўтар тлумачыць, што «ў Латвіі дэпутаты парлямэнту кажуць, што тут людзей арыштоўваюць, спэцслужбы вэрбуюць». «Паверце, усё гэта фэйкі», — цьвердзіць блогер. І тут жа хваліць беларускі закон пра дармаедаў.
Блогер ня ведае ці сьвядома замоўчвае, што ў Беларусі больш за 1200 толькі афіцыйна прызнаных праваабаронцамі палітвязьняў (па стане на 10 жніўня прызнаныя палітвязьнямі 1262 чалавекі), яшчэ сотні іншых вязьняў, арыштаваных ці асуджаных паводле палітычных абвінавачаньняў.
«Назад у СССР, або сталіца Беларусі будучыні»
Чаму вы павінны паехаць у Менск: назад у СССР, або сталіца Беларусі будучыні. Так называецца відэаролік, які выйшаў у кастрычніку 2021 году.
Яго аўтары традыцыйна адзначаюць сучасныя казіно і савецкую сымболіку ў Менску, тое, што тут дагэтуль існуе КДБ, сьмяротная кара і гарвыканкамы, сьцьвярджаюць, што Беларусь у лідэрах па аб’ёмах вытворчасьці бульбы (гэта зусім ня так. — РС), колькасьці выпітага алькаголю (гэта амаль праўда. — РС) і колькасьці зьняволеных, што над краінай ня лётаюць самалёты эўрапейскіх авіякампаній (з апошнімі пунктамі не паспрачаемся. — РС).
Менск уяўляецца расейскім блогерам «горадам чысьціні і ідэальных савецкіх праспэктаў», «увасабленьнем савецкай мары» і «апошнім запаведнікам сацыялізму ў Эўропе». Аўтары рэтрансьлююць ужо састарэлыя клішэ пра Менск, якія страцілі актуальнасьць пасьля жорсткіх рэпрэсій апошніх гадоў, што Беларусь — гэта ІТ-рай, краіна стартапаў, Крэмніевая даліна Ўсходняй Эўропы, і што сюды прыяжджае шмат замежнікаў.
Тут варта дадаць, што амаль 356 тысяч беларусаў атрымалі візы ў Польшчу пасьля жніўня-2020. Толькі па Poland Business Harbour — для рэлякацыі ІТ-бізнэсаў і ІТ-спэцыялістаў — візы атрымалі 40 тысяч беларусаў.
«У Беларусі ня будзе вялікіх заробкаў, але будзе гасьціннасьць, чысьціня і прыгожая прырода»
Здымаюць блогі пра пераезд у Беларусь на сталае месца жыхарства і простыя расейцы, каб падзяліцца сваім досьведам з суайчыньнікамі. У траўні 2022 году выйшаў ролік пад назвай «Пераезд з РФ у Беларусь. Чаго чакаць? На што настроіцца?», які зьнялі жыхары поўдня Расеі.
Паводле іх, Беларусь «ня ўсім падыдзе ў сувязі з апошнімі санкцыямі». Расейцы расказваюць у дэталях, як пераехалі ў Беларусі і пачалі шукаць працу, як дачка знайшла працу за месяц. Расейцы былі вельмі задаволеныя, што няма моўнага бар’еру, «дакумэнты ўсе — на расейскай мове, людзі гавораць па-расейску». Яны папярэджваюць іншых расейцаў, які захочуць пераехаць у Беларусь, што «трэба настроіцца, што ня будзе вялікіх заробкаў, але будзе гасьціннасьць, чысьціня і прыгожая прырода». Аднак, паводле іх, у Беларусі вялікія падаткі, таму яны ня раяць адкрываць свой бізнэс, рэкамэндуюць наймацца на працу.