Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-паслу Ўкраіны ў Беларусі выставілі новае абвінавачаньне: здрадзіў дзяржаве і спрыяў анэксіі Крыму


Міхайла Ежаль
Міхайла Ежаль

Экс-міністру абароны Ўкраіны Міхайлу Ежалю, які ў 2013–2015 гадах працаваў надзвычайным і паўнамоцным паслом Украіны ў Беларусі, выставілі яшчэ адно абвінавачаньне ў злачынстве, учыненым у часе ягонага кіраваньня вайсковым ведамствам.

Як паведамілі ў Офісе пракурора Ўкраіны, Міхайла Ежаль падазраецца ў дзяржаўнай здрадзе, учыненай пры змове групай асоб.

У прыватнасьці, гаворка ідзе пра тое, што ён на пасадзе міністра абароны ў красавіку 2010 году ўзгадніў без заўваг угоду з Расеяй аб працягу на 25 гадоў тэрміну знаходжаньня Чарнаморскага флёту Расеі на тэрыторыі Ўкраіны.

Паводле сьледзтва, у выніку такіх дзеяньняў былі штучна створаныя перадумовы для павелічэньня колькасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны, іхнага перааснашчэньня і ў далейшым — для ўварваньня Ўзброеных сіл РФ і акупацыі Крыму і Севастопалю.

Адразу пасьля звальненьня з пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Ўкраіны ў Беларусі ў дачыненьні да Міхайла Ежаля завялі справу аб неправамерным выкарыстаньні на працягу 2011–2012 гадоў амаль 43 мільёнаў грыўняў зь дзяржаўнага бюджэту на аплату паслуг прыватных кампаній па харчаваньні асабовага складу Ўзброеных сіл Украіны. На той момант гэта складала каля 5,5 мільёна даляраў.

У рамках гэтай справы ў сьнежні 2018 году суд пастанавіў яго арыштаваць.

У жніўні 2014-га тагачасны генпракурор Украіны Віталь Ярэма заяўляў, што супраць Ежаля заведзена некалькі крымінальных спраў.

У канцы красавіка 2015-га Ежаля адклікаў зь Менску тагачасны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, а ў траўні таго ж году яго звольнілі з займанай пасады.

У красавіку 2016 году Міхаіл Ежаль прасіў Галоўную вайсковую пракуратуру Ўкраіны закрыць крымінальную справу супраць яго праз адсутнасьць складу злачынства.

У ліпені 2018 году стала вядома, што Міхайла Ежаль пасьля заканчэньня дыпляматычнай кар’еры застаўся жыць у Менску разам са сваёй сям’ёй і атрымаў у Беларусі статус уцекача.

Міхайла Ежаль займаў пасаду кіраўніка Мінабароны Ўкраіны з сакавіка 2010 па люты 2012 году. У красавіку 2013 году тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прызначыў Ежаля амбасадарам у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG