Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Косаве арыштавалі расейскую журналістку, яе падазраюць у шпіянажы


Паліцыя Косава затрымала расейскую журналістку Дар’ю Асламаву. Міністар унутраных спраў Косава Джэлаль Сьвечлія паведаміў, што Асламаву падазраюць у шпіянажы. Падрабязнасьцяў абвінавачаньня міністар не раскрыў.

Журналістку арыштавалі на мяжы з Сэрбіяй, калі яна спрабавала заехаць у Косава як карэспандэнт газэты «Комсомольская правда».

На сваёй старонцы ў фэйсбуку кіраўнік косаўскага МУС заявіў: «Многія краіны даказалі, што Асламава займалася шпіянажам на карысьць расейскай ваеннай выведкі і што яна выдавала сябе за журналістку... Яе спроба ўехаць у нашу краіну, якая супадае з падзеямі на поўначы краіны, ясна даказвае, што Расея далучылася да прапаганды Сэрбіі з мэтай дэстабілізацыі нашай краіны».

Ён апублікаваў фатаздымкі Асламавай разам зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым, былым іракскім дыктатарам Садамам Хусэйнам і прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам.

Газэта «Комсомольская правда» паведаміла, што Асламава была ў Сэрбіі па яе рэдакцыйным заданьні, каб падрыхтаваць спэцыяльны рэпартаж у сувязі з абвастрэньнем сэрбска-косаўскага канфлікту. У амбасадзе Расеі ў Сэрбіі на запыт рэдакцыі «Комсомольской правды» адказалі, што пакуль ня маюць ніякай інфармацыі аб затрыманьні і месцазнаходжаньні журналісткі.

Пазьней Дар'я Асламава выйшла на сувязь з рэдакцыяй «Камсамольскай праўды» і паведаміла, што знаходзіцца ў горадзе Рашка на сэрбска-косаўскай мяжы. Яна сказала, што косаўскія ўлады адпусьцілі яе ўначы 7 жніўня, пасьля чаго яна самастойна дабіралася да мяжы на аўтобусе.

Паводле Асламавай, сэрбскія памежнікі яе таксама дапытвалі: высьвятлялі, чаму ў яе пашпарце няма адзнакі аб дэпартацыі. Асламава заявіла, што пасьля затрыманьня ў Косава ёй казалі, што яе «могуць абмяняць на амэрыканцаў або выдаць ва Ўкраіну».

Дарʼя Асламава — спэцыяльны карэспандэнт «Комсомольской правды». Таксама яна працавала ва Ўкраіне як ваенны карэспандэнт расейскага прапагандысцкага канала «Царьград». Асламава працавала як журналіст у шматлікіх «гарачых кропках», у тым ліку ў Чачэніі, Абхазіі, Нагорным Карабаху, Асэтыі, Таджыкістане, Югаславіі. Была ў палоне, яе шматразова арыштоўвалі. Брала інтэрвію ў Садама Хусэйна і Башара Асада. Удзельнічала ў «флятыліі свабоды», якая накіроўвалася ў Газу. Аўтарка кнігі «Прыгоды кепскай дзяўчынкі».

Расейская Фэдэрацыя не прызнае незалежнасьці Косава, там няма яе дыпляматычных місій.

Адносіны Косава і Сэрбіі ў чарговы раз абвастрыліся 1 жніўня, калі косаўскія ўлады плянавалі ўвесьці абавязковы абмен сэрбскіх уязных дакумэнтаў і аўтамабільных нумароў. Гэта мера адпавядае даўняй практыцы Бялграду ў адносінах да грамадзян Косава, якія наведваюць Сэрбію.

Сэрбы, якія пражываюць на поўначы Косава, блякавалі дарогі паблізу двух ключавых памежных пераходаў з Сэрбіяй. Пазьней косаўская паліцыя паведаміла, што празь дзеяньні пратэстоўцаў была вымушана закрыць памежныя пераходы «Ярыне» і «Брняк» для людзей і транспарту. На просьбу міжнароднай супольнасьці ўвядзеньне абмену дакумэнтаў і нумароў было адкладзена косаўскімі ўладамі на месяц.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў пра перасьлед этнічных сэрбаў у Косаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG