Ён кажа, што калі пачалася вайна, то ён не сумняваўся ў сваім рашэньні ісьці змагацца на баку Ўкраіны. Цяпер “Альгерд” (пазыўны Алега) – мінамётчык у батальёне “Тэрор” палку Кастуся Каліноўскага.
Сваю гісторыю ён расказаў Свабодзе.
«Адлічылі з унівэру за палітыку»
— Алег, адкуль вы родам? Дзе вучыліся, дзе працавалі?
— Я са Старых Дарог, мне 33 гады. Вучыўся ў Гомлі ў Беларускім гандлёва-эканамічным унівэрсытэце спажывецкай каапэрацыі. Працаваў тры гады юрысконсультам, займаўся дамовамі, судамі, забесьпячэньнем дзейнасьці. Яшчэ адзін год быў экспэдытарам у Старых Дарогах, адвозіў самыя розныя тавары ад мясцовага «райпа».
— Калі ўліліся ў грамадзкую дзейнасьць?
— Дастаткова даўно. У 2012 годзе мяне за палітыку адлічылі з унівэрсытэту. Хаця і ў 2011 годзе ўдзельнічаў некалькі разоў у «маўклівым пратэсьце». Як мяне адлічылі? Гэта было 27 студзеня 2012-га, мяне затрымала міліцыя ля гомельскага цырку. У мяне ў руках былі ўлёткі. Пратрымалі тры гадзіны, склалі пратакол канфіскацыі і адпусьцілі. 28 студзеня прыйшло, нібыта ўсё спакойна. А 29 студзеня даведваюся, што я загадам рэктара адлічаны з унівэрсытэту. Потым дазнаюся, што і з працы юрысконсульта звольнены задняй датай. Ну нічога, знаходжу новую працу. Фактычна першы дзень на новай працы, як да мяне заяжджае намесьнік начальніка старадароскага РУУС па кадрах на асабістым аўтамабілі і вязе мяне на прыём у пастарунак. Там чакае начальнік мясцовай міліцыі і чалавек у шэрым гарнітурчыку зь Менску.
— КДБ?
— Потым высьветлілася, што так. Кадэбэшнік папрасіў расказаць, чаму мяне адлічылі з унівэру. «Вам афіцыйную вэрсію ці неафіцыйную?» — пытаюся. «Давайце неафіцыйную», — адказвае. Я расказаў пра ўлёткі. Ён папытаўся, якім браўзэрам карыстаюся я, якім брат. У выніку скончылі, нават даведкі не далі, што быў на допыце. Намесьнік начальніка РУУС сказаў, каб начальства, калі што, патэлефанавала яму. Майго брата павезьлі на ператрус дадому, уключалі кампутар, глядзелі, што там ёсьць. Можна сказаць, што з гэтага ўсё і пачалося.
— Ва ўнівэры атрымалася аднавіцца?
— Так, вядома. Я падышоў да дэкана, патлумачыў сытуацыю. Ён сказаў, няма бяды, прыяжджай у жніўні і напішаш заяву на аднаўленьне. Я так і зрабіў — усё нармальна. Потым я даведаўся, што нашу рэктарку Навумаву звольнілі за тое, што дапусьціла «апазыцыю» ў ВНУ.
«Езьдзіў на пратэсты ў Расею»
— Вы ж і ў «Маладым фронце» былі?
— Афіцыйна не далучаўся, але «тусаваўся» зь імі. У Гомлі быў такі Андрусь Цянюта, я празь яго трапіў. Чалавек 10 маладафронтаўцаў было. Былі ўлёткі, налепкі. Удзельнічалі ў «Народных сходах», уцякалі ад міліцыі. Некалькі разоў езьдзіў на акцыі ў Менск, прынамсі на «Дзяды». А з 2012 году нават чатыры разы езьдзіў на пратэсты ў Маскву.
— Гэта калі былі падзеі на Балотнай?
— Так, толькі на Балотную я ня трапіў. Прыехаў ужо на «Марш мільёнаў», які быў у верасьні 2012-га. Запрашала адна расейская актывістка. Потым быў у сьнежні на Лубянскай плошчы, сышлі за пару хвілін да разгону. У 2013-м быў на гадавіне падзей на Балотнай плошчы. І ў кастрычніку ўдзельнічаў у акцыі за свабоду палітвязьняў.
— Не шкадуеце, што ў расейскіх акцыях удзельнічалі?
— Нармальны досьвед. Людзі, зь якімі пазнаёміўся тады, і цяпер застаюцца адэкватнымі. У сяброў антываенныя погляды. Ведаюць, што я ваюю, вядома. Падтрымліваюць.
«Уцякацтва мне не далі»
— Калі вы пераехалі ва Ўкраіну?
— У канцы 2013 году там пачаўся Майдан, і я вельмі рваўся ў Кіеў. Атрымалася паехаць на Новы год — 31 сьнежня. Быў там да 2 студзеня. Хацеў паглядзець, што гэта такое, як там усё арганізавана, натхніцца тамтэйшай атмасфэрай (я глядзеў шмат ролікаў пра гэтыя падзеі). Прыяжджаю назад у Беларусь — бачу шэрыя будні, нікому нічога ня трэба, усе ўсім задаволеныя, ніхто ня хоча змагацца за свае правы. Тады здавалася так. 19 студзеня вырашыў паехаць зноў, плянаваў застацца дні на два і вярнуцца назад. Я пабыў на Майдане на вечы, калі людзі ўжо былі злыя і стомленыя. Усё гэта вылілася ў падзеі на вуліцы Грушэўскага, я там таксама троху паўдзельнічаў. Калі я дазнаўся пра сьмерць Міхася Жызьнеўскага, то гэта прымусіла мяне застацца даўжэй. Я быў у Кіеве да 10 лютага. Ды, мабыць, і не паехаў бы ў Беларусь, каб не патрэба мяняць пашпарт. Прыехаў дадому, напісаў заяву, каб хутчэй зрабілі пашпарт, і ўжо на другі тыдзень адчуў цікавасьць да сябе з боку органаў. Атрымаў пашпарт — і хутчэй ва Ўкраіну. Атрымліваецца, што тут я зь 1 сакавіка 2014 году. У Беларусі пасьля таго ні разу ня быў.
— Цягне дамоў?
— Безумоўна, як і любога чалавека. Там усе мае родзічы, там мой дом. Раней нават сны сьніў, што я прачынаюся ў сваім ложку, раблю свае справы, а потым разумею, што няма дакумэнтаў, тады ўжо прачынаюся. Цяпер такога ня сьніцца ўжо, дзякуй Богу.
— Чым у Кіеве займаліся?
— Ужо 12 сакавіка разам зь іншымі беларусамі падаваліся на ўцякацтва. Кагосьці яны адрэзалі праз два тыдні, кагосьці праз паўгода. Мяне ж Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны марнавала год, але ў выніку мне прыйшла паперка з адмовай. Хадзілі да іх і з дэпутатамі Рады, і з журналістамі, у выніку яны ўсё ж прызналіся, што ёсьць загад зьверху беларусам такіх дакумэнтаў не рабіць. З таго часу я жыў ва Ўкраіне нелегальна, выходзіць. Працаваў на такіх работах неафіцыйных, дзе аплата кожны дзень ці хаця б штотыдзень — і будоўля, і ахова. А таксама займаўся беларускімі справамі: арганізоўвалі канцэрты, акцыі, мітынгі. Быў нейкі час прэс-сакратаром руху «Разам», які ўзначальваў Вячаслаў Сіўчык. З 2019-га дапамагаў свайму ўкраінскаму сябру праводзіць патрыятычныя лягеры для моладзі. У верасьні 2021-га нават, правялі ўкраінска-беларускі лягер у гонар бітвы пад Воршаю.
— Украіна для вас ужо другі дом?
— Само сабой. Тут у мяне шмат сяброў. Я сябе тут добра адчуваю, няма моўнага бар’еру, свабодна размаўляю па-ўкраінску. Людзі дастаткова шчырыя і адкрытыя.
«Калі пачалася вайна, то да пятай ранку гуляў на кампутары»
— Як вы сустрэлі 24 лютага 2022 году?
— 23 лютага я быў у гасьцях у беларусаў, такая актывістка Лена Жаркевіч здымала дом для нашых уцекачоў. Пагутарыў, пасядзеў, прасілі застацца начаваць, але пайшоў дадому. Спаць чамусьці не хацелася, вырашыў пагуляць трошку ў Rome: Total War, клясычная стратэгічная гульня. На гадзіньніку бачу, што ўжо амаль пятая раніцы. Думаю, трэба ўсё ж класьціся спаць, хоць на пару гадзін. На наступны дзень у мяне было шмат плянаў. Не пасьпеў легчы, як чую выбухі на раёне. Падумаў, ну можа пэтарды. А хвілін празь пяць яшчэ сэрыя выбухаў. Тады зразумеў, што нешта ня тое. Адкрыў фэйсбук і ўбачыў, што выбухі па ўсёй краіне, Пуцін усё ж пачаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны.
— Якія далей дзеяньні?
— Гэта ўжо не гібрыдная вайна, калі Расея ўсё сьпіхвала на нейкіх сэпаратыстаў, якія, маўляў, паўсталі супраць украінскай «хунты». Гэта вайна ў яе клясычным разуменьні. Расея пайшла ва-банк, яны не хаваюцца ўжо. Да вайны ў нас быў плян з групай беларусаў, што ўступім ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны як беларуская нацыянальная адзінка. 24 лютага паступіла інфармацыя, што ўкраінскія ўлады на такое не пайшлі. Хтосьці пайшоў у ваенкамат, а я паехаў да Жаркевіч, дзе ўжо былі іншыя беларусы. 25 лютага я, Дзяніс Урбановіч, Ян Дзюрбейка (цяпер у палоне ў Расеі. — РС) і Аляксей Вайцяховіч пайшлі запісвацца ў тэрытарыяльную абарону, паехалі на гіпадром, там папрасілі зрабіць ксэракопію дакумэнтаў, змаглі гэта зрабіць толькі ў бары «Торвальд». Стаялі ў чарзе па зброю ад 11-й ранку да 19-й, але якраз на нас скончыліся патроны. І зброю без патронаў выдаваць ня сталі.
— Было расчараваньне?
— Трохі так. Селі ў мэтро ды паехалі дадому. І тут пачалася сэрыя нашых затрыманьняў мясцовай паліцыяй. Нас пяць разоў затрымлівалі, прасілі прабачэньня, але казалі: «Самі ўсё разумееце». На чацьвёрты раз бралі нават з аўтаматамі, у пастарунку дапытвалі. Спачатку ставіліся агрэсіўна, а калі ўбачылі, што не шпіёны, то ўжо лепш. Тады нічога зразумела не было, стандартная сытуацыя для краіны, якая пад ваенным ударам, я іх разумею. У выніку мы пайшлі ў «Торвальд», празь некалькі дзён пазнаёміліся з тэрабаронцам, які нас на машыне адвёз на базу «Азова». Мы бачылі відэа, дзе Ян Мельнікаў сказаў, што там будзе створаная беларуская адзінка. Падумалі, чаму б не. Пару дзён пабылі ў агульным «Азове», а потым нас забраў да сябе Ян Мельнікаў, так усё і пачалося. Не сказаў бы, што было вельмі цяжка, ніхто мёртвым ня падаў.
«Раненьне было несур’ёзным»
— Можаце крыху расказаць пра палоннага Яна «Тромблі» Дзюрбейку?
— «Тромблі» ведаю зь лістапада 2020 году, калі ён прыехаў у Кіеў, уцякаючы ад рэпрэсій. Калі пайшла інфармацыя, што група з «Тромблі» прапала, у мяне была адна думка: «Хоць бы ён быў жывы». Калі я пабачыў відэа ад расейцаў, то ўздыхнуў: «Дзякуй Богу». Што тычыцца відэа, то мы ведаем, як такое здымаюць у Чачэніі, як гэта робіць ГУБАЗіК. Ён тым ня менш годна трымаўся, у мяне няма да яго пытаньняў. Як чалавека яго найбольш характарызуе дабрыня. Дапаможа ўсім — і грашыма, і часам. Я зь ім на кватэры жыў два месяцы. Вельмі адэкватны і прыязны чалавек.
— Якім было першае баявое заданьне?
— Ну як сказаць, гэта былі такія заданьні, якія меркавалася не баявыя, але ў выніку такімі станавіліся. Мы ахоўвалі сёмую лякарню на выезьдзе з Кіева. У тую ноч УСУ разьбілі расейскую калёну, мы назіралі ўсё на свае вочы. Вельмі прыгожа было. Тады я пазнаёміўся з Аляксеем «Турам» Скоблем. Ён прывозіў сваіх раненых у шпіталь. Пабачыў у нас бел-чырвона-белыя нашыўкі, падышоў, разгаварыліся. А праз пару дзён я дазнаўся, што «Тур» загінуў. Яшчэ на адным заданьні мэтраў за 700 ад нас пачаўся абстрэл крылатымі ракетамі заводу імя Антонава. Гэта ўсё яшчэ першыя дні, калі расейскія войскі спрабавалі прарвацца ў Кіеў.
— Якія першыя адчуваньні ад вайны?
— Нічога новага не было, толькі трошкі страшна было. Трошкі. Ты разумеў, што з табой спрактыкаваныя людзі, яны ўсялялі спакой, што ці выцягнуць, ці прыкрыюць сьпіну.
— Ведаю, што ў вас было невялікае раненьне. Раскажыце, калі ласка.
— Гэта было месяц таму. Ехалі ўначы на нашу пазыцыю. Ехалі па «шэрай зоне». Яна на тое і «шэрая зона», што там могуць быць усялякія абстрэлы і неспадзяванкі. У выніку ў нас пацярпела машына, а разам зь ёй і я. Але нічога сур’ёзнага, можна сказаць драпіна. Выяжджаем на заданьні, крыем мінамётам варожыя пазыцыі. Намі задаволеныя як кіраўніцтва батальёна, так і палку, і УСУ.
— Разумееце за што ваююць расейцы?
— Натуральна, за яхты Абрамовіча і палацы Пуціна. Яны імкнуцца палепшыць і свой матэрыяльны стан. Вывозяць усё — ад сабачых будак да дыванкоў. Гэта, натуральна, ня першая вайна з расейскім марадэрствам, але ўсё адно ўражвае. Час ідзе, а Масква не мяняецца.
«Я хацеў, каб пазыўны быў зьвязаны з Украінай»
— Вы займаецеся гістарычнай рэканструкцыяй?
— Захапіўся яшчэ ў Беларусі. У 2019 годзе ва Ўкраіне вярнуўся да гэтага занятку. Мы займаемся рэканструкацыяй Беларускай вызвольнай арміі, якая дзейнічала ў Беларусі ў пасьляваенныя гады, гэтак званы «Чорны кот». Гэта наша гісторыя, якая б яна ні была. Калісьці і ва Ўкраіне мала ведалі пра УПА, баяліся расказваць, але паступова адкрыліся архівы. Тое самае будзе і ў Беларусі: калі Лукашэнка сыдзе, мы шмат даведаемся. Плянавалі заняцца таксама Слуцкім збройным чынам, але якраз пачалася вайна.
— Хто пераможа ў вайне?
— Украіна, само сабой. Гэта было зразумела яшчэ ў першыя дні вайны. Тады ўвесь сьвет зразумеў, што 2014 году ва Ўкраіне не паўторыцца. Цяпер тут усе разумеюць, што такое Расея і Пуцін. Пытаньне часу толькі. Думаю, што да канца году вайна будзе дакладна. Думаю, што Пуцін сыдзе першым. Лукашэнка трымаецца ва ўладзе толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна. Калі мы пераможам Пуціна, то пераможам і ў Беларусі. Мы змагаемся супраць агульнага ворага.
— Чаму вы «Альгерд»? Вытворнае ад імя?
— Я «Альгерд» з 2015 году. Я хацеў пазыўны, які будзе зьвязаны з Украінай, а князь Альгерд разам з войскамі галіцка-валынскага князя разграміў трох татарскіх ханаў на Сіняй Вадзе. Таксама вядомыя тры ягоныя паходы на Маскву. Таму і стаў «Альгердам».