Судна Navistar, нагружанае кукурузай, выйшла з порту ў Адэсе, паведаміў тэлеканал Aljazeera. Таксама ў суседнім Чарнаморску порт пакінулі сухагрузы Rojen і Polarnet.
Мінабароны Турэччыны пацьвердзіла ў Twitter адпраўку караблёў.
Раней Каардынацыйны цэнтар у Стамбуле, які стварылі ў рамках пагадненьня аб вывазе ўкраінскага збожжа і кукурузы, выдаў дазвол на праход трох суднаў праз марскі гуманітарны калідор.
Першае судна выйшла з Адэсы 1 жніўня, яно накіроўваецца ў Лібію.
Экспартнае пагадненьне аб пастаўках украінскай прадукцыі на сусьветны рынак нацэлена на тое, каб аблегчыць харчовы крызіс.
З прычыны вайны Расеі з Украінай у заблякаваных чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчоў. Кіеў абвінавачваў у гэтым расейскі бок. Масква сьцьвярджала, што судны са збожжам і кукурузай ня могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мінаў у акваторыі. ААН папярэдзіла аб рызыцы голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.