Дакумэнт набудзе моц 27 жніўня, паведамляе «Настоящее время». Адкрыць такую краму можа юрыдычная асоба, заснаваная Галоўным вытворча-камерцыйным упраўленьнем па абслугоўваньні дыпляматычнага корпусу пры Міністэрстве замежных спраў Расеі сумесна з сузаснавальнікам, якога абяруць па выніках адкрытага конкурсу.
Сярод тавараў будзе алькаголь, тытунёвыя вырабы, ювэлірныя аздабленьні, касмэтыка, парфумэрыя, смартфоны і гадзіньніі. Пералік тавараў уладальнікам крамаў трэба будзе ўзгадняць з унітарным прадпрыемствам.
Тавары будуць прадаваць ураздроб за рублі, даляры ці эўра. Калі гэта алькагольная прадукцыя для афіцыйных мерапрыемстваў, то пакупніку трэба будзе зрабіць заяўку з указаньнем мэты набыцьця і колькасьці пакупак. Для пакупкі ў краме пры сабе трэбабудзе мець дакумэнты, якія сьведчаць пра статус.
Першы намесьнік старшыні Камітэту Савета Фэдэрацыі па міжнародных справах Уладзімір Джабараў сказаў выданьню «Парламентская газета», што гэтыя гандлёвыя кропкі даюць магчымасьць дыпляматам свабодна купляць тавары, якія яны ня могуць завезьці або купіць у краіне знаходжаньня. Акрамя таго, паводле яго, для краіны, у якой разьмешчаны такія крамы, «яны робяцца дадатковай крыніцай атрыманьня валюты».
Выданьне піша, што аналягам будучых гандлёвых кропак зьяўляецца сетка крамаў «Бярозка», якая была ў часы СССР. Там дыпляматам і замежным спэцыялістам прадавалі прадукты, адзеньне, тэхніку за замежную валюту.