Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася інфармацыя пра затрыманьне яшчэ дваіх беларусаў, якія прыехалі на радзіму з Польшчы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адзін зь іх можа знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Zerkalo.io са спасылкай на праваабаронцаў і карыстальнікаў сацсетак паведамляе пра затрыманьне двух беларусаў, што некалькі гадоў жывуць у Польшчы і дапамагаюць суайчыньнікам, якія там апынуліся. Абодва нядаўна прыехалі на радзіму ў госьці да сваякоў.

Адзін з затрыманых беларусаў — прадпрымальнік зь Віцебску Барыс Элькін, які займаецца будаўнічым бізнэсам у Польшчы і час ад часу прыяжджаў на радзіму да сваякоў.

Барыс Элькін
Барыс Элькін

1 жніўня яго затрымалі ў Віцебску, а ў доме правялі ператрус. Прычыны затрыманьня дакладна не вядомыя, паведамляе «Віцебская вясна».

У 2004 годзе ў Віцебску прадпрымальнікі ўчынілі галадоўку супраць створаных мясцовымі ўладамі перашкодаў для гандлю, Барыс Элькін быў адным зь яе арганізатараў. Пасьля 2010 году ён пераехаў у Польшчу і стаў сузаснавальнікам кампаніі Bel.Pol.Bud.spzoo, якая наймае на працу беларусаў і дапамагае ўцекачам з Украіны.

Паводле інфармацыі крыніц «Віцебскай вясны», бізнэсмэна маглі затрымаць за фатаздымкі зь беларускай нацыянальнай сымболікай у сацсетках, якія кваліфікуюцца сілавікамі як несанкцыянаваны пікет.

Другі беларус, Раман Галуза родам з Жабінкі, жыў у Польшчы апошнія 9 гадоў. 19 ліпеня ён прыехаў на радзіму і зьнік: пра яго месцазнаходжаньне нічога не было вядома, а пошукава-ратавальны атрад «Юго-Запад» у сацсетках абвясьціў яго пошукі.

2 жніўня ў акаўнтах пошукавікаў зьявілася інфармацыя, што Галуза жывы і яго месцазнаходжаньне ўстаноўлена — безь якіх-небудзь падрабязнасьцяў.

Раман Галуза
Раман Галуза

А адзін зь беларускіх блогераў, якія жывуць у Польшчы, расказаў у Instagram, што Раман знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

У Польшчы Галуза скончыў унівэрсытэт, атрымаў грамадзянства, займаўся валянтэрствам — у тым ліку дапамагаў беларускім уцекачам. Пасьля 19 ліпеня, калі ён перасек польска-беларускую мяжу, высьветліць пра ягоны лёс нічога не ўдавалася — не дапамагла нават напісаная бабуляй заява ў міліцыю.

Па словах аўтара публікацыі ў Instagram, затрыманьне Рамана магло быць загадзя сплянавана беларускімі сілавікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG