Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнілі дырэктара птушкафабрыкі «Дружба», які ўваходзіць у Савет Рэспублікі. На прадпрыемстве кажуць, што яго затрымлівалі


Савет Рэспублікі. Ілюстрацыйнае фота
Савет Рэспублікі. Ілюстрацыйнае фота

Дырэктара баранавіцкай птушкафабрыкі «Дружба» Васіля Маркевіча, які ўзначальваў яе амаль 20 гадоў, зьнялі з пасады. Супрацоўнікі фабрыкі паведамлялі, што яго, магчыма, затрымлівалі. Маркевіч уваходзіць у склад Савету Рэспублікі.

Паводле «Зеркала», некалькі не зьвязаных паміж сабой крыніц паведамілі рэдакцыі, што Маркевіч быў затрыманы. Супрацоўнікі прадпрыемства казалі, што затрыманьне магло быць зьвязанае з атрыманьнем хабару.

З сайту прадпрыемства ў той жа дзень зьнікла згадка Маркевіча ў разьдзеле пра кіраўніцтва, а таксама пазыцыя гендырэктара ў цэлым.

Намесьнік гендырэктара Валеры Самушчык пацьвердзіў, што Маркевіч на ранейшай пасадзе больш не працуе, але тлумачыць прычыны адмовіўся. Таксама ў адміністрацыі прадпрыемства ня сталі адказваць на пытаньні аб падрабязнасьцях звальненьня, пацьвярджаць або абвяргаць інфармацыю аб затрыманьні.

Сам ужо былы гендырэктар 2 жніўня адказаў на званок супрацоўніка «Зеркала», але адразу ж паклаў слухаўку, як толькі пачуў пытаньне.

Птушкафабрыка «Дружба» — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасьці мяса птушкі ў Беларусі. Васіль Маркевіч узначаліў яго ў 2003 годзе. У 2014 годзе Лукашэнка ўручаў яму падзяку за «значны ўклад у разьвіцьцё сельскагаспадарчай вытворчасьці». Маркевіч — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кавалер ордэна Працоўнай Славы.

Уваходзіць у цяперашні склад Савету Рэспублікі, Пастаянную камісію эканомікі, бюджэту і фінансаў, прадстаўляе Берасьцейскую вобласьць. Быў сэнатарам і ў мінулым скліканьні, да гэтага — дэпутатам Баранавіцкага раённага і Берасьцейскага абласнога саветаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG